Кветкі для любімых. У Ляхавічах вырошчваюць цюльпаны

Кветкі да твару прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва ў любым узросце. Атрымаць на 8 Сакавіка ахапак цюльпанаў, такі, каб ледзьве рукі самкнуліся, –мара многіх жанчын. Толькі ўявіце: ружовыя, жоўтыя, белыя, фіялетавыя, з тонкім непаўторным водарам… У ляхавічаніна Сяргея Варановіча (на здымку) такіх кветак – цэлае цюльпанавае мора, а калі больш дакладна, – вялізная цяпліца.

Кветкавым бізнесам Сяргей разам з сябрам захапіўся гады тры назад. Метадам спроб і памылак, эксперыментаў і назіранняў знайшлі аптымальны падыход. Пачыналі з 70 тысяч высаджаных цюльпанавых цыбулін, сёння маюць практычна ўдвая больш. Канешне, не адразу ўсё атрымалася. Было і так, што амаль палова дзялянкі аказалася несартавой.

– Гэта таксама вопыт. Стартавалі з двух дзясяткаў сартоў, спыніліся на дзесяці самых лепшых. Зараз галандскімі цюльпанамі засаджана плошча 800 квадратных метраў, – расказвае Сяргей Варановіч.
Цыбуліны ў Ляхавічы трапляюць з Нідэрландаў – краіны цюльпанаў. Каб пасадачны матэрыял стаў прыгожай вясновай кветкай, клапаціцца пра яго пачынаюць яшчэ ў кастрычніку.
– Цыбуліны змяшчаем у халадзільнік, дзе створаны штучны клімат з вызначанымі тэмпературай і вільгаццю. Кожны сорт павінен прайсці выпрабаванне загартоўкай. А напрыканцы лістапада –
напачатку снежня, калі ласка, у цяпліцу. Важна злавіць час, калі сярэднясутачная тэмпература трымаецца на ўзроўні менш за дзевяць градусаў – інакш расліны пойдуць у рост раней часу. Даводзіцца пастаянна сачыць за прагнозам надвор’я. Грунт, паліў таксама маюць вялікае значэнне ў выганцы кветак, – дзеліцца тэхналогіяй вырошчвання ляхавіцкі кветкавод.
Сёлета цыбуліны высаджвалі 4 снежня. У перыяд іх укаранення ў цяпліцы падтрымліваецца тэмпература ад 6 да 9 градусаў цяпла. Калі «дзеткі» замацаваліся і праклю-нуліся расткі, тэмпературу паніжаюць да плюс 2-3 градусаў. За месяц да цвіцення ідзе паступовае павышэнне тэмпературы – да плюс 16.
І гэта час гарачы. Уся сям’я, у прамым сэнсе, жыве па кветкавым раскладзе. Зразаюць сімвалы вясенняга свята раніцай як мага раней: да таго, пакуль сонца пачне прабівацца скрозь плёнку цяпліцы і кветкі раскрыюцца. Цюльпаны фарміруюць у букеты па 15 штук у кожным, а затым пакуюць у скрыні па тры-чатыры сотні. Пры невысокай тэмпературы яны могуць захоўвацца каля месяца.
Кожнаму цюльпану – порцыя ўвагі. Кветкі з Ляхавічаў каторы год радуюць сталічных паненак. А як жа зямлячкі? Да свята цюльпаны на розны густ і колер можна набыць прама, што называецца, з градкі. Прычым, па даступнай цане – па паўтара рубля за штуку. Прадугледжана і дастаўка па адрасе.


А кветкі – вачэй замілаванне. Афарбоўка бутона – яркая і поўная, сцябло – моцнае і роўнае, колер лісця – сочны зялёны, кветка – высокая.
– Самыя буйныя (да 8-10 сантыметраў) бутоны ў чырвоных цюльпанаў, жоўтыя – больш моцныя, падобныя на пластмасавыя. Не менш прыцягальныя белыя, фіялетавыя, жоўта-чырвоныя, ружовыя, – пералічвае кветкавыя адрозненні Сяргей Варановіч.
Кветкі вырашчаны з клопатам і пяшчотай. Галандцы прыязджаюць і кантралююць, як абыходзяцца з іх «падапечнымі», кансультуюць.
На пытанне, чаму зацікавіўся менавіта кветкамі, Сяргей адказвае, што яны дораць шчасце. З кветкамі працаваць прыемна. Тым больш і ўчастак, яшчэ ад бабулі, даўно пуставаў. Зямля павінна быць у справе – вырашылі на сямейным савеце. І пайшло-паехала.
Эксперыменты з кветкамі Сяргей плануе працягваць. І марыць пра вырошчванне, напрыклад, хрызантэм і руж. А чаму б і не? Гучыць натхняльна – фабрыка кветак для шчаслівых жанчын. З ляхавіцкім прывітаннем.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВИЧА.