Зразумела пра новы вірус. Пра эпідэміялагічную сітуацыю з каранавірусам адказвае загадчык інфекцыйнага аддзялення Ляхавіцкай ЦРБ

Инфографика БЕЛТА

Каранавірус і ўсё, што з ім звязана, – адна з актуальных тэм, якая абмяркоўваецца паўсюдна: у СМІ, сацыяльных сетках, на аўтобусных прыпынках і ў грамадскім транспарце

Яшчэ некалькі тыдняў назад жыхары Беларусі сачылі за навінамі пра распаўсюджванне каранавіруса па Кітаі, Паўднёвай Карэі, Іране… Напрыканцы лютага вірус перайшоў і межы нашай краіны, зафіксаваны першы выпадак, за ім – другі, трэці… На найбольш хвалюючыя пытанні пра эпідэміялагічную сітуацыю з каранавірусам адказвае загадчык інфекцыйнага аддзялення Ляхавіцкай ЦРБ Арцём Кабушка.

– Арцём Уладзіміравіч, што такое каранавірус? Якія ў яго сімптомы і шляхі перадачы?
– Каранавірусная інфекцыя ўключае ў сябе каля 40 відаў РНК.
Больш за іншых рызыкуюць захварэць пажылыя, людзі з хранічнымі хваробамі, артэрыяльнай гіпертэнзіяй, цукровым дыябетам і сардэчна-сасудзістымі паталогіямі. Умовы ў клетцы дарослага чалавека больш падыходзяць для гэтага віруса, чым умовы ў клетцы дзіцяці. Таму яго часцей падхопліваюць дарослыя. Праяўляецца вірус павышэннем тэмпературы, сухім кашлем, пяршэннем у горле, стамляльнасцю, можа быць дыхальная недастатковасць. Самыя небяспечныя ўскладненні: пнеўманія, энцэфаліт, менінгіт, абвастрэнні храніч-ных захворванняў, ускладненні цяжарнасці, развіццё паталогіі плода.
Асноўны шлях заражэння – паветрана-кропельны. Таксама каранавірус можа перадавацца з фекальнымі масамі, у тым ліку праз каналізацыю. Магчымасці такога шляху распаўсюджвання вучоныя ўдакладнілі пасля таго, як у некаторых захварэлых выявіліся не толькі рэспіраторныя, але і страўнікава-кішачныя сімптомы: боль у жываце, ваніты, дыярэя. Так што датыкацца да ручак дзвярэй грамадскіх туалетаў варта з асцярожнасцю. А мыць рукі з мылам пасля наведвання туалета трэба абавязкова.
– Хто з гумарам, хто на поўным сур’ёзе сцвярджае: атрымаў пасылку з Кітая і адчуў сябе кепска…
Вірус на самай справе перадаецца праз прадметы?
– Непасрэдна праз прадметы каранавірус COVID-19 не перадаецца. Аднак, можна заразіцца, калі датыкнуцца паверхні, на якой ён застаўся, а затым, напрыклад, дакрануцца нямытай рукой да вуснаў, носа, вачэй – запусціць вірус на слізістыя. Гэты спосаб заражэння хоць больш рэдкі, чым паветрана-кропельны, але таксама небяспечны. Асабліва «брудныя» папяровыя банкноты і манеты, яны пастаянна перадаюцца з рук у рукі. Што наконт пасылак, напрыклад, з AliExpress, то яны лічацца бяспечнымі. Апынуўшыся на паверхні паперы, металу, шкла, драўляных вырабаў, вірус гіне ў перыяд ад некалькіх гадзін да некалькіх (не больш за 9) дзён. А пасылкі з Кітая ідуць, як правіла, даўжэй.
– Наколькі могуць супрацьстаяць каранавірусу правераныя супраць грыпу і ВРВІ народныя сродкі?
– Часнок і сапраўды паляпшае імунітэт і ў нейкай ступені зніжае рызыку падхапіць грып ці ВРВІ. Аднак, навуковых даных, што гэта агародніна абараняе ад COVID-19, не існуе. Спіртаўтрымліваючыя вадкасці і хлорка – эфек-тыўныя сродкі дэзынфекцыі розных паверхняў, імі можна і трэба праціраць дзвярныя ручкі, посуд, прадметы агульнага карыстання.
Самае абавязковае – мыць рукі з мылам, прычым рабіць гэта пажадана цёплай вадой не менш за 20 секунд.
Пакуль няма навуковага пацвярджэння і таму, што рэгулярнае прамыванне носа салявым растворам абараняе ад каранавіруса. Хаця выконваць такую працэдуру для прафілактыкі звычайных ВРВІ – ідэя добрая і дастойная ўвагі.
Што датычыць супрацьвірусных прэпаратаў, афіцыйна пакуль не называюцца лекавыя сродкі для прафілактыкі гэтай інфекцыі. Спецыяльная вакцына ад ускладненняў каранавіруса пакуль толькі распрацоўваецца.
Якія меры дапамогуць не захварэць?
– Адразу зазначу наконт ажыятажу вакол медыцынскіх масак. Яны далёка не панацэя. Па рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя маску павінен насіць хворы чалавек, каб не распаўсюджваць хваробу. Акрамя таго, яе трэба рэгулярна мяняць на новую. Маска будзе неэфектыўнай, калі не выконваць іншыя правілы. Пазбягайце кантакту з хворымі – хто кашляе, чыхае, мае павышаную тэмпературу, не падыходзьце да іх на адлегласць бліжэй, чым на метр. Насіце з сабой дэзынфіцыруючыя сродкі, у якіх не менш за 60 працэнтаў спірту. Карыстайцеся імі для мыцця рук, калі вада з мылам не даступныя.
Самае галоўнае – ніякай панікі. Сітуацыя ў нашай краіне пад кантролем медыкаў.
Каранавірус можна распазнаць самому?
– Нельга. У гэтай хваробы няма спецыфічных сімптомаў, па якіх яе можна адрозніць ад прастуды ці грыпу. Працякаюць яны аднолькава: павышэнне тэмпературы, агульная млявасць, галаўны боль, кашаль, закладзены нос,
праблемы з дыханнем. Звычайна з такімі сімптомамі трэба звяртацца да ўрача агульнай практыкі па месцы жыхарства – у паліклініку ці выклікаць урача на дом.
А вось, калі вы ці людзі, з якімі блізка мелі зносіны, у апошнія два тыдні вярнуліся з Кітая, Ірана, Італіі, іншых краін, дзе зарэгістраваны ўспышкі каранавіруса, маюць аналагічныя сімптомы – гэта нагода для выкліку хуткай дапамогі. Пацвердзіць COVID-19 можна толькі ў лабараторных умовах. Да атрымання вынікаў пацыентаў размяшчаюць у спецыяльных ізаляваных палатах. Калі каранавірус не пацвердзіцца, прызначаць звычайнае лячэнне ад ВРВІ. Здаць аналіз на COVID-19 можна толькі пры наяўнасці паказанняў і па накіраванні ўрача.
– Арцём Уладзіміравіч, у апошнія дні ў Ляхавіц-кай паліклініцы медыкі вядуць прыём у медыцынскіх масках. Гэта звязана з каранавірусам?
– Ні ў якім разе. Гэта звычайная мера, якая прымаецца падчас сезоннага ўсплеску вострых рэспіраторных інфекцый (назі-раецца менавіта цяпер) і грыпу. Па гэтай прычыне часова спынена планавая шпіталізацыя хворых у бальніцу, уведзены абмежаванні на наведванне пацыентаў у стацыянары. Такія меры не датычацца цяжкіх хворых –родныя могуць іх наведваць з дазволу загадчыка аддзялення, але ў абавязковым парадку трэба купіць бахілы, маскі, аднаразовыя халаты ў даведачнай службе бальніцы. Хворых, якія не з’яўляюцца ляжачымі, можна наведаць у гадзіны прыёму ў холе райбальніцы. Таксама праз супрацоўнікаў даведачнай службы можна адправіць перадачу пацыентам з 10 да 13 і з 14 да 15 да 18 гадзін. Як толькі сітуацыя з ВРВІ стабілізуецца, усе меры перасцярогі будуць зняты.
Будзьце здаровы і не хварэйце. А калі ўсё ж захварэлі, ні ў якім разе не займайцеся самалячэннем. Гэта можа прывесці да цяжкіх наступстваў.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.