Ісці за чытачом. На гэты раз творча-ідэалагічную дэлегацыю прымалі Пружаны і Пружанскі раён

Мінулая серада для кіраўнікоў сродкаў масавай інфармацыі Брэстчыны, начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы і спецыялістаў, якія курыруюць пытанні ідэалагічнай работы, стала вынікова-перспектыўнай. Агульныя справы, рэалізаваныя праекты, з якімі рэзультатамі прыступілі да працы ў 2020-м, планы на перспектыву – пра гэта і многае іншае гаварылі, гэта абмяркоўвалі падчас пасяджэння калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.

На гэты раз творча-ідэалагічную дэлегацыю прымалі Пружаны і Пружанскі раён, які сёлета адзначыў 80-гадовы юбілей. Частку падзей з гістарычнай афарбоўкай прадэманстравалі ў мясцовым РАУС: музей, дзе сабрана шмат архіўных дакументаў, – пазнавальны шлях развіцця пружанскай міліцыі. Удзельнікі калегіі ўсклалі кветкі да помніка спаленым вёскам.
Афіцыйная частка калегіі прайшла ў аграгарадку Клепачы.
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў,
ІІ Еўрапейскія гульні, 80-годдзе вобласці,1000-годдзе Брэста і шмат іншых падзей у кантэксце Года малой радзімы напоўнілі год незабыўнымі эмоцыямі, уражаннямі. У гэтага ўсяго – моцнае ідэалагічнае суправаджэнне і аналагічная інфармацыйная падтрымка.


Кожны тыдзень, дзень узнікаюць новыя інфармацыйныя нагоды, тэмы, якія хвалююць людзей і патрабуюць інфармавання, тлумачэння. І рабіць гэта трэба аператыўна, падаць інфармацыю праўдзіва, граматна, каб не дапусціць панікі або сацыяльнага напружання. У гэтым і спецыфіка ідэалагічнай работы, адзначыла  начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава.
Адно з пытанняў, якое абмяркоўвалася падчас калегіі, – кадравы складнік. Гэта датычыць як штатных ідэолагаў, так і тых, хто арганізоўвае ідэалагічную работу на прадпрыемствах і ў арганізацыях, рэдактараў СМІ і лідараў грамадскіх аб’яднанняў. Важна рыхтаваць кадры, якія ў перспектыве маглі б прыйсці ў ідэалагічную вертыкаль.


Таццяна Гагакава асобна звярнула ўвагу на пытанні, якія найбольш хвалююць насельніцтва, на тэматычны складнік рэгіянальных газет, формы падачы інфармацыі.
Якаснае выданне павінна на высокім узроўні інфармаваць свайго чытача, ствараць вакол такую інфармацыйную прастору, якая б давала магчымасць аналізаваць сітуацыю і рабіць высновы. Гэта і візуальны складнік, які павінен засяродзіць увагу чытача на галоўным, дапамагчы вызначыць асноўнае. Пра гэта і многія іншыя дэталі ў справе газетчыкаў гаварылі падчас калегіі. Асаблівая ўвага – прасоўванню і развіццю рэгіянальных інтэрнэт-рэсурсаў, прысутнасці раёнак у сацыяльных сетках і мэсэнджарах.
Дынаміка развіцця, накіраваная на павелічэнне сваіх членаў, павінна абавязкова прысутнічаць у грамадскіх аб’яднаннях. Актуальнае пытанне – стварэнне студатрадаў, якія ў 75-годдзе Перамогі павінны і ідэалагічна заявіць пра сябе. Працаўладкаванне і ідэалагічнае суправаджэнне – вось што павінна выйсці на першы план у студатрадаўскай практыцы ў рэгіёнах.
– Вельмі важна, што нашы работнікі бачаць рэальную сітуацыю, якая адбываецца ў калектывах, бо кіраваць даным працэсам з кабінета немагчыма, трэба бачыць рэальнае жыццё. Тут уступае
ў сілу асноўны прынцып – прынцып рэальных адносін да людзей. І ўся ідэалагічная работа павінна быць накіравана максімальна на тое, каб людзі адчувалі нашы падтрымку і ўвагу, – падкрэсліў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Анатолій Маркевіч.
Як адзначыў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, трэба ісці за спажыўцом інфармацыі, за чытачом, гледачом, слухачом. Сёння папяровае выданне павінна развівацца не толькі ў традыцыйным выглядзе, але і актыўна прысутнічаць у сацыяльных сетках. Варта па максімуму выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэт-рэсурсаў.

Маргарыта КУХТА.