Цяпло неспакойных сэрцаў. Сярод дыпламантаў і лаўрэатаў абласнога этапу конкурсу «Жанчына года-2020» і чатыры ляхавічанкі

Напярэдадні сакавіцкага свята ў Брэсце ўшаноўвалі пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2019». Конкурс праходзіць па ініцыятыве грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» 12-ы раз. Самыя-самыя – з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, прафесіяналы сваёй справы, нераўнадушныя і таленавітыя, цудоўныя маці – 30 прадстаўніц з розных раёнаў вобласці былі вылучаны да ўзнагароджання ў пяці намінацыях. Сярод іх і ляхавічанкі.

Наша зямлячка медсястра хірургічнага аддзялення райбальніцы Ірына Цярпіцкая ўдастоена дыплома III ступені ў намінацыі «мацярынская слава». Яе сын Уладзіслаў – майстар спорту міжнароднага класа па дзюдо, майстар спорту па самба, уладальнік шматлікіх чэмпіёнскіх тытулаў рознага ўзроўню. У свой час атрымліваў імянную стыпендыю Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
Як выхаваць сына-чэмпіёна? Пытанне гэта Ірыне Францаўне задавалі не раз:
– Спецыяльных рэцэптаў і сакрэтаў няма. Быць проста любячымі бацькамі, паважаць інтарэсы і жаданні дзяцей. Да тытулаў сын не імкнуўся. Проста захапіўся спортам і стараўся не падвесці трэнера Віктара Богуша. А калі прыйшла першая перамога, з’явіўся азарт і разуменне, што медаль трэба заслужыць напружанай працай.
Уладзіслаў скончыў БНТУ, але са спортам не развітваецца і паспяхова працягвае шлях на татамі.
Ірына Цярпіцкая ганарыцца і сынам Антонам, які працуе інжынерам.
Бацькі не староннія назіральнікі жыцця сыноў, а актыўныя яго ўдзельнікі. Перамога ў абласным этапе конкурсу «Жанчына года» – своеасаблівая ацэнка выхавання, і яна ганаровая.
Дырэктар Жарабковіцкай школы імя М.Г. Мінкевіча, дэпутат сельскага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» – пасады ляхавічанкі Вольгі Бурак. Іх рознабаковасць і колькасць не адбіваюцца на якасці работы. Наадварот, дапамагаюць і дапаўняюць. Працаваць не дзеля птушачкі – яе прынцып, пра што сведчаць шматлікія адзнакі школы на розных узроўнях. Сярод іх дыпломы першай ступені ў намінацыі «лепшая ідэя школьнай бізнес-кампаніі», у навукова-адукацыйным маладзёжным форуме «Наватар-2019», у рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня, дыплом пераможцы ў конкурсе інавацыйных педагагічных ідэй і г. д.
Вольгу Іванаўну ведаюць і як нераўнадушную старшыню раённай арганізацыі БСЖ. Разам з саюзніцамі арганізавала акцыю
«Цяпло нашых сэрцаў» (звязалі пледы для пажылых землякоў і падарылі з пажаданнямі здароўя). Крэатыўнасць, кампетэнтнасць і працавітасць – гэтыя якасці характарызуюць Вольгу Іванаўну, а яшчэ адкрытасць усяму новаму і імкненне самаўдасканальвацца. Яна генерыруе ідэі і вядзе за сабой калектыў. У намінацыі «паспяховы кіраўнік» дырэктару Жарабковіцкай СШ імя
М. Г. Мінкевіча Вользе Бурак уручаны дыплом лаўрэата.
Наталля Кудраўцава – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2. Хто знаёмы з раскладам школьнага жыцця, ведае, наколькі яно насычанае. Акрамя вучобы – конкурсы, спаборніцтвы, шматлікія карысныя справы. Але да сваіх абавязкаў Наталля Аляксандраўна падыходзіць творча, з асабістым почыркам. За што ні бярэцца – распрацоўку мерапрыемства, вядзенне раённай урачыстасці – робіць ярка і адметна. Праекты яе аўтарства не
раз станавіліся перамож-цамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Наталля Кудраўцава з дынастыі педагогаў і лічыць, што настаўніцкая справа немагчыма без сардэчнага агню і гарачага жадання напоўніць чалавечае жыццё дастойным сэнсам. Яна
стала лаўрэатам у намінацыі «духоўнасць і культура».
Пра сябе ляхавічанка Аксана Гатоўчыц можа сказаць, што яна шчаслівая жанчына: адбылася не толькі як прафесіянал, але і маці траіх дзяцей. Энергічная і мэтанакіраваная, яна паспявае быць і добрай гаспадыняй, і кампетэнтным намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі. Пасада гэта патрабуе нямала часу па-за межамі працоўнага графіка. Але падтрымка сям’і, саўдзел і зацікаўленасць калег, любімыя навучэнцы – тая крыніца энергіі, якая надае сілы і падштурхоўвае да пошуку цікавых формаў і прыёмаў навучання і выхавання. У працоўным актыве намесніка дырэктара і настаўніка біялогіі Аксаны Гатоўчыц нямала грамат, дыпломаў пераможцы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.
Важна быць шчырым з самім сабой і не адступаць перад цяжкасцямі, адзначае лаўрэат намінацыі «актыўная жыццёвая пазіцыя» Аксана Гатоўчыц.
– Кожная з нашых зямлячак дастойная высокіх званняў і ўзнагарод. Прыемна, што іх прозвішчы за адданую і добрасумленную працу, за дабрыню і мудрасць, нераўнадушнасць і мэтанакіраванасць гучаць не толькі ў раёне, але і на абласным этапе конкурсу «Жанчына года». Разам мы можам дасягнуць любой мэты! – не хавае эмоцый старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Вольга
Бурак.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва раённай арганізацыі БСЖ.