Цюльпанавы настрой. У Ляхавічах віншавалі самых прыгожых і абаяльных

Мінулая пятніца, няхай і не па календары, але была святочнай. У калектывах, арганізацыях, прадпрыемствах раёна з раніцы лунала цюльпанавая атмасфера, ад водару захоплівала дух, арыгінальным віншаванням прыгожай палове чалавецтва можна было толькі пазайздросціць… Сакавік прыйшоў, а за ім чаканае і любімае восьмае чысло.

Галоўных віноўніц гэтага дня віншавалі і ў гарадскім Доме культуры.
Кветкі, падарункі, сардэчныя прызнанні і словы падзякі – усё вам, мілыя мамы, бабулі, сястрычкі, дачушкі, сяброўкі… Песні ў
гэты дзень былі самыя пяшчотныя, вершы самыя пранікнёныя, а танцы самыя яркія і запамінальныя. Як і выстава, фотазона, што
разгарнуліся ў фае ГДК.
Можна бясконца гаварыць пра самага важнага чалавека ў жыцці, і, здаецца, усё роўна не хопіць слоў, каб перадаць усю цеплыню, пяшчоту, шчырасць тваёй бязмежнай любві, мама…
Сёлетні жаночы дзень удвая святочны для ляхавічанкі Юліі Андрусевіч. Мама шасцярых хлопчыкаў і дзяўчынак паднімалася на сцэну за заслужанай, ганаровай і самай шчаслівай узнагародай – ордэнам Маці. «ЛВ» абавязкова завітае да гэтай абаяльнай, неверагоднай жанчыны і раскажа пра яе шматдзетнае шчасце.
У справе і актывісты БРСМ, якія на ўваходзе частавалі жанчын цукеркава-віншавальнымі падарункамі. Цукерка з пажаданнямі стала прыгожым аздабленннем і пачаткам святочнага дзейства.
А ўжо ў саму сакавіцкую нядзелю яны скрэатывілі і павіншавалі аўталэдзі вельмі арыгінальна. Сумесна з супрацоўнікамі АДАІ жанчыны за рулём замест звычайнай працэдуры праверкі дакументаў атрымалі віншаванні ад актывістаў БРСМ і кветкавы сімвал восьмага сакавіка.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.