Следствам устаноўлена. Сістэма работы Ляхавіцкага раённага аддзела Следчага камітэта дазволіла павялічыць якасць і хуткасць раскрыцця крымінальных злачынстваў

Начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Віталій Лабанаў і яго намеснік Аляксандр Траяноўскі.

У верасні 2011 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ «Аб утварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь». Гэта новае падраздзяленне сілавых структур было створана з мэтай удасканалення дзейнасці органаў папярэдняга следства, узмацнення абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян у дасудовай крымінальнай вытворчасці. Ляхавіцкі раённы аддзел, як і Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь, пачаў работу з 1 студзеня 2012 года. Першы юбілей і стаў падставай для размовы з начальнікам Ляхавіцкага райаддзела СК падпалкоўнікам юстыцыі Віталіем ЛАБАНАВЫМ.

— Віталій Аляксандравіч, якім жа стаў гэты першы год для раённага падраздзялення Следчага камітэта ў плане выніковасці работы?
— Адразу хачу сказаць: за год зроблена нямала. Нам удалося выбудаваць такую сістэму работы і ўзаемадзеяння з іншымі праваахоўнымі органамі, што дазволіла павялічыць як якасць, так і хуткасць раскрыцця крымінальных злачынстваў. Вельмі важна, што ўдаецца пазбягаць пралікаў і істотных памылак, якія іншы раз дапускаліся ў пачатку разгляду новай справы. Лепш за усё гэта пацвярджаюць лічбы: за мінулы год у вытворчасці аддзела знаходзілася каля 300 крымінальных спраў, пераважная большасць іх завершана, у тым ліку 126 перададзена пракурору для далейшага накіравання ў суд. Па накіраваных у суд справах расследавана 142 эпізоды злачыннай дзейнасці, з іх 102 — па лініі крымінальнага вышуку. Да крымінальнай адказнасці прыцягнута 138 абвінавачаных, з якіх адзін непаўналетні.
Кіраўнік дзяржавы паставіў перад Следчым камітэтам сур’ёзныя задачы. Гэта ўсебаковае, поўнае, аб’ектыўнае, аператыўнае і якаснае расследаванне злачынстваў, захаванне законнасці пры праверцы, разглядзе заяў і паведамленняў аб злачынствах, узбуджэнні крымінальных спраў, правядзенне папярэдняга расследавання. Акрамя таго, надзвычай важным з’яўляецца выяўленне прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў, неадкладнае прыняцце мер па іх ухіленні. Гэтыя задачы мы выконваем з дня ў дзень. Галоўнае — знайсці ісціну.
— Якія крымінальныя справы расследуюць супрацоўнікі аддзела? Якія злачынствы найбольш распаў- сюджаны на тэрыторыі нашага раёна?
— Следчыя выязджаюць на любыя злачынствы, суіцыды, дарожна-транспартныя здарэнні, атручванні, утапленні і г.д. У зону ўвагі СК трапляюць усе злачынствы — ад кіравання транспартам у стане алкагольнага ап’янення да забойстваў, карупцыйных, эканамічных, фінансавых і падатковых злачынстваў.
Калі раней расследаваннем крымінальных спраў займаліся практычна ўсе сілавыя ведамствы МУС, пракуратура, камітэт дзяржкантролю, то цяпер такая работа сканцэнтравана толькі ў Следчым камітэце, што поўнасцю выключае магчымасць уплыву гэтых структур на ход расследавання.
Асноўная маса крымінальных спраў — крадзяжы як асабістай маёмасці, так і дзяржаўнай. Прычым, пераважная колькасць злачынстваў учынена ў стане алкагольнага ап’янення. Таму прафілактыка п’янства і алкагалізму, як і папярэджанне злачынстваў, накіраваных супраць жыцця і здароўя грамадзян, — сярод асноўных накірункаў дзейнасці аддзела. Нашы супрацоўнікі часта праводзяць сустрэчы ў працоўных калектывах, прымаюць удзел у рэйдах сумесна з іншымі праваахоўнымі органамі, вядуць актыўную растлумачальную работу. Многіх злачынстваў можна пазбегнуць, калі людзі будуць больш уважлівымі адзін да аднаго, а не стануць аддаваць перавагу прынцыпу «мая хата з краю».
— Наколькі цеснае супрацоўніцтва райаддзела Следчага камітэта з РАУС, пракуратурай, іншымі структурамі?
— Супрацоўніцтва самае цеснае. Так, абавязкова пры пажарах разам з выратавальнікамі на месца здарэння выязджаюць і супрацоўнікі нашага аддзела. Пры ўзаемадзеянні з работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях была расследавана справа па факце пажару ў вёсцы Навасёлкі Свяціцкага сельсавета. Брат наўмысна падпаліў аўтамабіль сястры, у выніку пажару згарэла не толькі машына, але і драўляная прыбудова да дома. Між тым, наступствы маглі быць больш сур’ёзнымі, калі б не своечасовыя і прафесійныя дзеянні выратавальнікаў. Вінаваты рашэннем суда прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
Напэўна, многія помняць дарожна-транспартныя здарэнні з трагічным фіналам на тэрыторыі Жарабковіцкага і Востраўскага сельсаветаў. У першым выпадку заслуга ў хуткім раскрыцці належыць старшаму следчаму нашага аддзела Дзмітрыю Гатоўчыцу. Што датычыць другога, то па ім праведзена значная вышуковая работа, апытаны не адзін дзясятак сведак, праверана шмат аўтамабіляў. Крымінальная справа была спынена з-за адсутнасці саставу злачынства. Дзякуючы правільным і зладжаным дзеянням следчых невінаваты не быў пакараны.
— Давайце пагаворым пра самыя гучныя крымінальныя справы, якія былі расследаваны і раскрыты.
— Лічу, што кожная справа важная. Бо галоўнае — не дапусціць незаконнага затрымання і незаконнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці. У верасні на пульт дзяжурнага РАУС паступіла паведамленне ад фельчара хуткай дапамогі аб тым, што ў адной з кватэр у аграгарадку Нача знойдзены труп гаспадара 1948 года нараджэння. Прыбыўшыя на месца здарэння супрацоўнікі райаддзела Следчага камітэта ўстанавілі, што смяротныя траўмы пацярпеламу падчас сваркі нанёс 38-гадовы раней судзімы нідзе не працуючы аднавясковец, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Зараз праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, потым справа будзе перададзена ў суд, які і прыме канчатковае рашэнне.
За год следчымі ўзбуджана 93 крымінальныя справы па фактах крадзяжу, 5 — пагрозы забойствам, 6 — угону аўтатранспартных сродкаў. Расследаваліся справы, заведзеныя за падробку дакументаў, махлярства, незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, распаўсюджванне парнаграфіі, знявагу, паклёп і інш.
— Віталій Аляксандравіч, бясспрэчна, што поспех любой справы залежыць ад кадраў. Вашы калегі-падначаленыя з Ляхавіцкага аддзела Следчага камітэта — гэта…
— гэта выключна спецыялісты з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй. Тут працуюць найбольш падрыхтаваныя, адказныя, кампетэнтныя прафесіяналы, якія прайшлі спецыяльную пераатэстацыю, у тым ліку і псіхалагічнае тэсціраванне і індывідуальныя заняткі з псіхолагам.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *