Пасада з аўтарытэтам. З шматлікімі пытаннямі вяскоўцы звяртаюцца да сваіх старастаў. Іх, дарэчы, на Ляхавіччыне 58

Лепшыя старасты раёна Вольга Морская, Таццяна Русакевіч, Валянціна Галота.

Дапамагчы спілаваць аварыйнае дрэва, вырашыць праблему з электрычнасцю і тэлефонам, дровамі і транспартам – з гэтымі і шматлікімі іншымі пытаннямі аграгараджане і вяскоўцы звяртаюцца да сваіх старастаў. Іх, дарэчы, на Ляхавіччыне 58, і яны першыя памочнікі сельвыканкамаў у рабоце па добраўпарадкаванні, пошуку гаспадароў пустуючых дамоў, прафілактычнай рабоце з неўладкаванымі сем’ямі і парушальнікамі грамадскага парадку.

Але старасты – не толькі сувязнае звяно паміж насельніцтвам і мясцовай ўладай, яны здольны вырашаць многія праблемы самастойна. Трэба падсыпаць ці прагрэйдзіраваць дарогу – стараста вёскі Стараселле Павел Шастак тут жа тэлефануе ў ДРБУ-200. На аўтобусным прыпынку патрабуецца замена «даху» – за справу ўзялася стараста аграгарадка Навасёлкі Таццяна Пішч і, у рэшце рэшт, новы прыпыначны павільён радуе і аграгараджан, і гасцей Навасёлак. Такіх прыкладаў дзейнасці тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання можна прыводзіць нямала.

Вопыт старасце ў дапамогу
Адказнасць, ініцыятыўнасць, жаданне дапамагчы, шчырасць, прынцыповасць і клопат пра іншых – агульныя рысы для тых, хто займае такую грамадскую пасаду. Гэта і пра вопытнага старасту вёсак Бажкі, Каранеўшчына, Краглі Валянціну Галота. Яна неаднойчы прызнавалася лепшай сярод калег. Як згадваў «ЛВ», па выніках 2019 года Валянціна Галота заняла першае месца ў раённым конкурсе сярод старастаў. Яе калегі Вольга Морская і Таццяна Русакевіч, адпаведна, на другім і трэцім месцах.
– Колькі ведаю Валянціну Іванаўну, заўжды захапляюся яе заўзятасцю. Дарэчы, не першы раз землякі выбіраюць яе дэпутатам Навасёлкаўскага сельскага Савета дэпутатаў. А яшчэ яна працуе сацыяльным работнікам. Пастаянна знаходзіцца сярод людзей, як ніхто іншы, ведае пра іх надзённыя клопаты, дапамагае сельвыканкаму своечасова рэагаваць на тую ці іншую сітуацыю. Важна, што такая ўзаемасувязь паміж старастам і сельвыканкамам – штодзённая, – зазначае старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка. Дарэчы, менавіта Навасёлкаўскі сельскі Савет дэпутатаў прызнаны лепшым у раёне па выніках мінулага года.
Колькі добрых спраў зрабілі разам Іванаўна (так называюць яе землякі) і аднавяскоўцы амаль за два дзесяцігоддзі, як яе выбіраюць старастам. Лічыць, што ўсё атрымліваецца дзякуючы ўзаемнай падтрымцы, агульным інтарэсам і яшчэ і поўнаму ўзаемаразуменню са старшынёй сельвыканкама. Усе разам, як адзначае Валянціна Галота, яны ўплывовая сіла, а талакой ладзіцца любая справа.
Некаторыя думаюць, раз абралі старасту, то ўсе абавязкі ўскладаюцца толькі на яго. Хаця, у першую чаргу, ён павінен быць ініцыятарам, арганізатарам агульных для жыхароў спраў.
– Дакладна ведаю, калі, каму і наколькі хутка неабходна дапамога. Збіраю суботнікі, нагадваю землякам, што падворкі павінны быць дагледжанымі і добраўпарадкаванымі, – расказвае Валянціна Галота.

Давер трэба  апраўдваць
Цяжка падлічыць, колькі кіламетраў нахадзіла пешшу і наездзіла па вясковых дарогах пры любым надвор’і стараста Федзюкоў, Галавачоў, Дрэкаў, Чвыроў, Зарэчча Вольга Морская.
– Трэба апраўдваць давер людзей. У пяці падапечных вёсках жыве без малога 150 чалавек, усе працавітыя, гаспадарлівыя. Пачынаючы з вясны і да позняй восені, колькасць насельніцтва павялічваецца: прыязджаюць дачнікі, пагасцяваць дзеці, унукі. Прыбаўляецца спраў і ў старасты. Але вяскоўцы шчырыя і добразычлівыя людзі, адгукаюцца на любую ініцыятыву па навядзенні чысціні і парадку. У Федзюках, дзе жыву сама, сходы праводзім каля магазіна – на свежым паветры, – разважае Вольга Морская.
– Арганізаваць вяскоўцаў на агульную справу, напрыклад, навесці парадак на тэрыторыях агульнага карыстання, могілках – гэта ў Вольгі Іванаўны атрымліваецца выдатна, – адзначае старшыня Конькаўскага сельвыканкама Дзмітрый Багушэвіч.

З клопатам пра свяцічан
Апошнім часам колькасць насельніцтва ў Свяціцы істотна зменшылася. Большасць вясковых жыхароў – людзі сталага ўзросту. Тутэйшая стараста Таццяна Русакевіч гаворыць:
– На гэтай пасадзе я з пачатку дзевяностых гадоў. Тады працавала бухгалтарам, брыгадзірам у калгасе «Усход», але і з грамадскімі справамі паспявала. Было лягчэй, калгас многа дапамагаў. Сёння ў асноўным свяцічане спадзяюцца на дапамогу прыватнікаў: агарод заараць, прывезці дровы ці што іншае. Больш маштабныя пытанні – добраўпарадкаванне вуліц, асвятленне – вырашаем з дапамогай Крывошынскага сельвыканкама. Яго старшыня Юрый Чаранкевіч прыязджае ў вёску, цікавіцца тутэйшым жыццём, праводзіць прыём грамадзян па асабістых пытаннях, стараецца дапамагчы.
Таццяна Русакевіч расказвае, што днямі разам з кіраўніком сельвыканкама, супрацоўнікамі РАНС рабілі падамавыя абходы, правяралі выкананне правілаў супрацьпажарнай бяспекі, цікавіліся, як жывуць састарэлыя вяскоўцы, якая дапамога каму патрэбна. У Свяціцы працуюць ФАП, магазін, сельскі Дом культуры, пошта, аддзяленне ашчаднага банка – вяскоўцам ёсць дзе сабрацца, абмеркаваць надзённыя справы.Тройчы на дзень (а па суботах чатыры разы) прыязджае рэйсавы аўтобус.
– Дапамога і клопат пра людзей – вызначальныя ў рабоце вясковага старасты, – падкрэслівае старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч і дадае: – Калі б усе старасты былі такія энергічныя, заўзятыя, неабыякавыя да праблем іншых, з аўтарытэтам, як у Таццяны Мікалаеўны, то многія пытанні вырашаліся б куды эфектыўней.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.