На экскурсію… у загс. Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у аддзеле загса райвыканкама прайшоў дзень адкрытых дзвярэй

Аднымі з наведвальнікаў установы сталі старшакласнікі з СШ № 1.

Начальнік аддзела загса Вольга Новік правяла экскурсію для юнакоў і дзяўчат, якія з інтарэсам паглядзелі рабочы кабінет, залу ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу. Таксама старшакласнікам расказалі пра тонкасці заключэння шлюбу: як падаць заяву, якія дакументы для гэтага неабходны, як праходзіць урачыстая цырымонія.

Гасцямі сустрэчы таксама сталі супрацоўнікі ляхавіцкай купалаўкі. Яны расказалі дзецям пра гісторыю стварэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і цікавыя факты пра яе.

Перад рабятамі выступіла начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Валянціна Бабіч.

Сустрэча праходзіла ў фармаце дыялога. Рабяты актыўна прымалі ўдзел у гутарцы. Іх цікавіла, што рабіць, калі страціў пашпарт, з якога ўзросту можна браць шлюб, як і дзе можна правесці выязную рэгістрацыю, дзе захоўваюцца ўсе даныя аб нараджэнні і смерці чалавека… На гэтыя і іншыя пытанні школьнікі атрымалі адказы.

Больш за ўсё рабят зацікавіў пашпарт савецкага ўзору, які ім паказала Валянціна Бабіч. Школьнікі яго доўга разглядалі, параўноўвалі з сучасным.

Мяркуючы па водгуках рабят, сустрэча была цікавай і карыснай.

Ірына КУЗЬМІЧ.