Гігіена гігіенічнай установы. На парадку дня апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама на бягучым тыдні

Паслугамі гарадской камунальнай лазні карыстаецца не толькі насельніцтва раёна, кліентамі гігіенічнай установы даўно ўжо сталі і жыхары суседніх Баранавіч, у асобныя суботу-нядзелю нават здараюцца «баранавіцкія аншлагі».

Акрамя цэнтральнай, у раёне працуюць лазні ў аграгарадках Ліпск і Падлессе, вёсцы Крывошын. Свае – ведамасныя – установы маюць ААТ «Жарабковічы», «ТБЗ Ляхавіцкі». Пра тое, наколькі лазні адпавядаюць свайму функцыяналу, у якой ступені іх тэрыторыі, унутранае ўбран-не, аснашчанасць знаходзяцца ў гармоніі з патрабаваннем санэпідзаканадаўства, гаварыў галоўны ўрач райЦГіЭ Віталій Ціханаў. Як было адзначана, у лютым спецыялісты цэнтра чарговы раз правялі кантрольна-наглядныя мерапрыемствы адносна санітарнага стану лазняў раёна і пра-кантралявалі выпраўленне раней выяўленых фактаў парушэнняў. Былі адзначаны такія і на гэты раз. Тычыліся яны неадпаведнасці нарматывам ва ўтрыманні тэрыторый, памяшканняў лазняў.

У адрас арганізацый, на балансе якіх знаходзяцца аб’екты, накіраваны прадпісанні аб выпраўленні парушэнняў. Многія з іх, дарэчы, па інфармацыі суб’ектаў гаспадарання, на сённяшні дзень выпраўлены: упарадкаваны тэрыторыя і складаванне паліўнага матэрыялу, на ўваходзе ў будынак устаноўлена прыстасаванне для ачышчэння абутку, праведзены рэгламенты памяшкання паліўных, абнавіўся мыйны інвентар, адбыліся іншыя даўкамплектаванні. Разгорнутую ацэнку па шкале санэпідзаканадаўства атрымала кожная з лазняў раёна.

Дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі паведаміў, што паступова камунальнікі дабяруцца з грунтоўным рамонтам да кожнай сваёй лазні. Што да гарадской – у рэжыме нон-стоп, але не прыпыняючы абслугоўванне насельніцтва ў суботу і нядзелю, лазня працягвае рамантавацца.

Іван КАВАЛЕНКА.