Ляхавіччына: у мінулым годзе пры садзейнічанні службы занятасці працаўладкавана 333 чалавекі

Як адзначылі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, асноўны акцэнт у рашэнні пытанняў занятасці насельніцтва прыходзіцца на актыўныя формы, у першую чаргу — працаўладкаванне, прафесійнае навучанне і перанавучанне, падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы, арганізацыя аплачваемых грамадскіх работ, субсідзіраванне занятасці моладзі, падтрымка наймальнікаў, якія ствараюць новыя рабочыя месцы.
У апошні час на Ляхавіччыне, як і па ўсёй краіне, павялічыўся попыт на рабочыя спецыяльнасці. Асабліва запатрабаваныя на рынку працы будаўнічыя прафесіі. Вакансіі мясцовага рынку працы — адзін з важных аспектаў, якім кіруюцца спецыялісты службы занятасці пры арганізацыі прафнавучання і перанавучання. Дарэчы, дыяпазон перанавучання ўключае больш за 70 прафесій. На працягу ад 4,5 да 6 месяцаў у спецыяльных прафесійных цэнтрах у Брэсце, Мінску, Пінску, Лунінцы з кожнага жадаючага зробяць першакласнага муляра, бетоншчыка, маляра, мантажніка будаўнічых канструкцый, стропальшчыка, укладчыка напольных пакрыццяў, электрагазазваршчыка. Падчас вучобы ўсе накіраваныя службай занятасці атрымліваюць стыпендыю, ім аплачваецца праезд ці пражыванне ў іншым горадзе. Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Ланкуць, у мінулым годзе на прафесійную падрыхтоўку накіраваны 18 беспрацоўных (з якіх 14 — маладыя людзі ва ўзросце да 29 гадоў). Яны атрымлівалі спецыяльнасці абліцоўшчыка-плітачніка, тынкоўшчыка, маляра, электраманцёра, вальшчыка лесу, прадаўца, кантралёра-касіра, вадзіцеля, машыніста кацельні, прадпрымальніка, візажыста, майстра па манікюры. Для падтрымкі і арганізацыі ўласнай справы 5 нашым землякам выдадзены субсідыі з Фонда заработнай платы на агульную суму 58,9 мільёна рублёў. Цяпер былыя беспрацоўныя займаюцца такімі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці як рознічны гандаль на рынку, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт офіснай аргтэхнікі, электрамантажныя работы, перавозкі.
Яшчэ 10 чалавек не толькі прайшлі прафесійнае навучанне па заяўках наймальнікаў, але і адразу пасля завяршэння вучобы працаўладкаваны. З іх 5 папоўнілі рады прадпрымальнікаў, 2 маладыя вальшчыкі лесу працуюць у лясгасе, 2 юнакі атрымліваюць кваліфікацыю вадзіцеля катэгорый В, С для далейшага праходжання службы ва Узброеных Сілах.
— Безумоўна, найбольш цяжка знайсці работу маладым людзям, якія не маюць вопыту работы ці ўвогуле без спецыяльнасці. Таму цэнтрам занятасці кампенсуюцца затраты па аплаце працы тым прадпрыемствам і арганізацыям, дзе ствараюцца часовыя вучнёўскія працоўныя месцы, і беспрацоўныя ва ўзросце да 31 года могуць атрымаць практычныя навыкі і тэарэтычныя веды ў рамках праграмы «Маладзёжная практыка». У мінулым годзе такім правам скарысталіся 4 чалавекі: 2 — па спецыяльнасці «эканаміст» у РКБА, «тэхнік-праграміст» і «эканаміст» — у камунгасе, — расказвае Людміла Ланкуць.
Для маладых людзей ва ўзросце да 21 года з ліку дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі і ўпершыню шукаюць работу, рашэннем райвыканкама штогод браніруюцца месцы для працаўладкавання.
Павелічэнне патрэбнасці ў кадрах прывяло да зніжэння беспрацоўя як сярод гарадскога, так і сярод сельскага насельніцтва. Узровень беспрацоўя на Ляхавіччыне склаў 0,5 працэнта ў адносінах да эканамічна актыўнага насельніцтва. Па стане на 1 студзеня гэтага года на ўліку ў службе занятасці знаходзілася 58 чалавек (17 — гараджане), з іх 18 — жанчын. Усяго ў мінулым годзе за дапамогай ў працаўладкаванні звярнуліся 472 чалавекі, з якіх 333 працаўладкаваны.
Дарэчы, беспрацоўныя і незанятыя грамадзяне прымаюць удзел у аплачваемых грамадскіх работах. Менавіта яны дапамагалі сельгаскааператывам, фермерскім гаспадаркам падчас жніва і ўборкі бульбы, садавіны, агародніны, працавалі на добраўпарадкаванні тэрыторый, аб’ектаў сацыяльнай сферы і лясной гаспадаркі. Як і ў папярэднія гады, у 2012 годзе не засталіся без увагі школьнікі і навучэнцы, якія пажадалі папрацаваць падчас летніх канікул. Па словах Людмілы Ланкуць, 40 школьнікаў добраўпарадкавалі тэрыторыі сваіх навучальных устаноў, стадыёнаў, палацава-паркавых ансамбляў, а каляджане выконвалі рамонтныя работы ў інтэрнатах ЛДАКа.

Галіна КАНЬКО.

Фота з сайта http://www.tsc72.ru/

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *