Ляховичские милиционеры подвели итоги работы за 2012 год

Начальнік РАУС Аляксандр Ермакоў

Па традыцыі ў пачатку студзеня ляхавіцкія міліцыянеры падводзяць вынікі сваёй работы за мінулы год. Пры гэтым не саромеюцца прызнавацца ў памылках і недапрацоўках і адначасова вызначаюцца з асноўнымі напрамкамі работы на год бягучы. У сходзе ў мінулую пятніцу прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Іван Кубракоў, намеснік начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Валерый Угляніца.
Забеспячэнне правапарадку, вяршэнства закона, прафілактыка негатыўных з’яў у грамадстве, эфектыўная барацьба з беззаконнасцю і злачыннасцю — надзвычай важныя і актуальныя пытанні, якія абмяркоўваліся падчас канструктыўнай размовы, а потым і ў дыскусіях.
Пра вынікі аператыўна-службовай дзейнасці райаддзела ўнутраных спраў гаварыў начальнік РАУС Аляксандр Ермакоў. На працягу мінулага года на тэрыторыі Ляхавіччыны адзначалася зніжэнне колькасці зарэгістраваных злачынстваў па лініях усіх службаў, у тым ліку і крымінальнага вышуку. Станоўчая тэндэнцыя і ў тым, што па выніках 2012 года ў раёне ўчынена найменшая колькасць злачынстваў (64 злачынствы на 10000 насельніцтва, сярэднеабласны паказчык — 83,7) за апошнія 5 гадоў. Гэта сведчыць не толькі аб павышэнні эфектыўнасці праводзімых РАУС арга-нізацыйных і прафілактычных мерапрыемстваў, але і аб належным узаемадзеянні ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў у прафілактыцы і папярэджанні супрацьпраўных дзеянняў. Зменшылася колькасць злачынстваў у грамадскіх месцах, цяжкіх і асабліва цяжкіх крадзяжоў. Пацярпелымі ў выніку злачынстваў прызнаны 156 нашых землякоў (у 2011 г. — 206).
Найбольшая колькасць злачынстваў зарэгістравана ў райцэнтры, а таксама на тэрыторыі Конькаўскага, Навасёлкаўскага, Свяціцкага і Начаўскага сельсаветаў. Нягледзячы на зніжэнне раскрывальнасці злачынстваў (76,2 працэнта супраць 79,2 у 2011г.), Ляхавіцкі РАУС па гэтым паказчыку займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. На жаль, даводзіцца канстатаваць: у мінулым годзе з 8 да 10 павялічылася колькасць падлеткавых злачынстваў, 89 злачынстваў (у 2011г. — 76) учынена грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення, 64 (61) — раней судзімымі. Яшчэ адзін аспект негатыўнага характару — павелічэнне дарожна-транспартных здарэнняў з трагічным фіналам: у мінулым годзе на дарогах раёна адбылося 12 ДТЗ, у якіх загінулі 6 чалавек (у 2011 — адпаведныя лічбы 11 і 3), прычым адна аварыя на сумленні нецвярозага вадзіцеля. Па-ранейшаму сітуацыя з бяспекай дарожнага руху застаецца складанай. Былі акрэслены і іншыя накірункі дзейнасці райаддзела ўнутраных спраў.
Валерый Угляніца заўважыў: важна, акрамя справаздачы, зрабіць дасканалы аналіз работы, змястоўна разабрацца ў прычынах недапрацовак і акрэсліць рэальныя перспектыўныя задачы на кожным участку работы па ахове правапарадку, забеспячэнні спакойнага жыцця грамадзян і гарантаваным захаванні маёмасці. У першую чаргу асаблівую ўвагу звярнуць на прафілактычную работу, якая з’яўляецца асновай у рабоце праваахоўных органаў.
Іван Кубракоў звярнуў ўвагу кіраўніцтва РАУС на неабходнасць больш цеснага ўзаемадзеяння з абласнымі і рэспубліканскімі праваахоўнымі структурамі, у прыватнасці, пры аказанні дапамогі ў правядзенні шырокамаштабных аперацый па прадухіленні злачынстваў і дарожна-транспартных здарэнняў, і парэкамендаваў больш канкрэтыкі ў планаванні работы і акрэслівання рэальных шляхоў вырашэння праблем.
А што датычыцца асабовага саставу райаддзела, то, па словах Івана Кубракова, неабходна яшчэ больш з’яднаць калектыў, не забываць і пра заахвочванні тых, хто імкнецца да самаўдасканалення і працуе самааддана, і пра дысцыплінаванасць і адказнасць усіх міліцыянераў без выключэння.
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук заклікаў міліцыянераў быць неабыякавымі, не дзяліць абавязкі на свае і чужыя. Разуменне таго, што работа кожнага супрацоўніка РАУС накіравана на агульную мэту — захаванне законнасці і правапарадку — дасць станоўчы вынік. Кіраўнік раёна лічыць, што міліцыянеры, у тым ліку супрацоўнікі АДАІ і ўчастковыя інспектары, павінны часцей бываць у працоўных калектывах, напрыклад, на справаздачных сходах у сельгаспрадпрыемствах. Добрая магчымасць — звярнуць увагу на працаўнікоў, якія маюць праблемы з законам, на тых, хто знаходзіцца ў групе рызыкі, а таксама заахвоціць тых, хто за шматгадовую практыку кіравання транспартнымі сродкамі не меў ніякіх заўваг.
Пракурор раёна Аляксандр Ярашэвіч выказаў занепакоенасць ростам колькасці хуліганстваў і грабяжоў, як і злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян і ў чарговы раз нагадаў пра неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва ў прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў.
Намеснік начальніка райаддзела Следчага камітэта Аляксандр Траяноўскі адзначыў, што з іх службай у РАУС наладжаны цесныя партнёрскія сувязі, але разам з тым звярнуў увагу на неабходнасць дасканалага афармлення належных дакументаў і прапанаваў сваю дапамогу ў гэтым следчым і ўчастковым.
Пра работу ў сваіх падраздзяленнях калегам паведамілі намеснік начальніка РАУС Сяргей Пажога, начальнікі аддзяленняў аховы правапарадку і прафілактыкі Раман Лявонцьеў, дзяржаўтаінспекцыі Юрый Малевіч, старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Дзмітрый Дыдышка.
Валерый Угляніца ў размове з карэспандэнтам «ЛВ» падкрэсліў, што па многіх пазіцыях Ляхавіцкі РАУС у 2012 годзе спрацаваў не горш, чым пазалетась. І ёсць усе шансы паўтарыць поспех 2011 года і стаць лепшым райаддзелам Брэстчыны. Ёсць і недапрацоўкі, як і рэзервы для выпраўлення сітуацыі, прысутнічаюць вопыт, уменне і жаданне працаваць, граматнае кіраўніцтва і ўзаемадзеянне з іншымі службамі. Тым больш, што па выніках маніторынгу ўзровень даверу насельніцтва ляхавіцкім міліцыянерам — адзін з самых высокіх у вобласці, а гэта дарагога вартае».
На выніковым пасяджэнні, акрамя падвядзення вынікаў работы за мінулы год і агучвання перспектыў на 2013, было і нямала прыемных момантаў — у прыватнасці, уручэнне грамат і падзячных пісьмаў.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *