На дарозе і вакол. Хвалюючыя пытанні ляхавічане задавалі начальніку ДРБУ-200 падчас прамой тэлефоннай лініі

Клопат дарожнай службы, у тым ліку і ДРБУ-200, – утрыманне дарожнай сеткі, яе рамонт і будаўніцтва новых дарог. Калі пачнецца рамонт пэўнай вуліцы, як часта трэба грэйдзіраваць дарогі, ці «апранецца» ў асфальт той ці іншы ўчастак? Хвалюючыя пытанні ляхавічане задавалі начальніку ДРБУ-200 Ігару Піліногу падчас прамой тэлефоннай лініі, якая адбылася ў рэдакцыі «ЛВ» у мінулы панядзелак.

Добры дзень, у мяне такое пытанне. З далёкіх Навасёлак у бок Свяціцы на адлегласці прыкладна чатыры кіламетры на дарозе шмат ям. Што-небудзь зменіцца ў бліжэйшы час, бо вельмі нязручна ездзіць? Мікалай, Ляхавіцкі раён.

– Добраўпарадкаванне гэтага ўчастка дарогі ўключана ў праграму раз-віцця малых населеных пунктаў на 2020-2025 гады. А гэта значыць, што яго чакае абнаўленне. Мы ведаем сітуацыю і перыядычна займаемся рамонтам дарогі. Вось і ў бліжэйшы час, калі тэмпература паветра будзе вышэй за 10 градусаў, выканаем ямачны рамонт.

Тэлефаную ад імя жыхароў вуліцы Садовай. На дарозе недалёка ад скрыжавання ў бок фермы выпіраюць люкі калодзежаў, замінаюць праязджаючым машынам. Ці можна нейкім чынам паправіць сітуацыю?
Лізавета Івашка, в. Альхоўцы.

– Абавязкова выедзем на месца і вывучым сітуацыю. Паглядзім, ці хопіць толькі падсыпкі гравіем. Калі ж кольцы значна ўзвышаюцца над дарогай, падрэжам іх.

Пасярод дарогі на вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Куршынавічы насупраць будынка лясніцтва выбіла вялікую яму – ні прайсці ні праехаць. Як бы яе ліквідаваць?
Таццяна Татарыновіч, в. Куршынавічы.

– Некалькі гадоў назад на названым участку да-рогі аварыйнае асфальтабетоннае пакрыццё замянілі на гравійнае. Яма з’явілася пасля. Нядаўна прафілявалі вуліцу ў вашай вёсцы ў бок Хацяжа. Хутка зоймемся і гэтым участкам. Неабходна, каб дарожнае палатно мела належную якасць, было добра падрыхтавана для нанясення пакрыцця. У бліжэйшы час падвязём матэрыял і зробім грэйдзіраванне. Галоўнае, каб дождж не перашкодзіў, не з’явіўся лішак вільгаці. Грэйдзіраванне робім штомесяц літа-ральна на ўсіх дарогах з аналагічным пакрыццём.

Ігар Міхайлавіч, дапамажыце ў нашай бядзе. З вуліцы Лугавой у аграгарадку Русінавічы цяжка даехаць да вуліцы Маладзёжнай у Гаслаўшчыне.
Ірына Уладзіміраўна, в. Гаслаўшчына.

– У бліжэйшы час зробім  прафілёўку дарожнага пакрыцця, і ездзіць стане камфортней.

Скажыце, калі ласка, з якой перыядычнасцю мяняюцца павільёны на аўтобусных прыпынках?
Марыя Паўлаўна, Ляхавіцкі раён.

– Усяго на балансе нашай арганізацыі каля 40 аўтобусных прыпын-каў, на якіх устаноўлены спецыяльныя павільёны.
Мяняюцца яны па меры таго, як прыходзяць у аварыйны стан. Апошнім часам новыя павільёны з’явіліся на прыпыначных аўтобусных пунктах у Навасёлках, Грушаўцы, Заліпенні, Галаўнінцах і інш.

Ігар Міхайлавіч, ведаю, што ДРБУ-200 займалася вытворчасцю тратуарнай пліткі. Ці можна цяпер яе ў вас купіць?
Сяргей, г. Ляхавічы.

– Сапраўды, на базе ДРБУ-200 вось ужо пяць гадоў дзейнічае цэх па вытворчасці драбна-штучнай пліткі, тратуарнага і дарожнага борта. На даны момант наша прадукцыя ідзе выключна на добраўпарадкаванне горада і раёна. Калі ж будуць лішкі, пачнём іх рэалізоўваць насельніцтву ці прыватным структурам. Канешне, прыемна, што наш тавар запатрабаваны, плануем пашыраць вытворчасць.

Калі заасфальтуюць вуліцу Маскоўскую ў нашай вёсцы?
Людвіка Вайняк, в. Літва.

– Нядаўна заасфальтавана вуліца Леніна ў Літве. ДРБУ-200 асвоіла ўсе грошы, выдаткаваныя з бюджэту на добраўпарадкаванне дарожнай сеткі. Пры паступленні дадатковага фінансавання дойдзе чарга і да азначанай вуліцы.

Патлумачце, калі ласка, што за работы вядуцца на дарозе Ляхавічы – Нача? Калі яны завершацца?
Міхаіл Дыдышка, г. Ляхавічы.

– Яшчэ ў студзені наша арганізацыя пачала падрыхтоўчыя работы па асфальтаванні 4,5-кіламетровага ўчастка дарогі Ляхавічы – Нача
ў бок Перахрэсця. Прыдарожныя палосы ўжо ачышчаны ад расліннасці, завезены матэрыял для ўкладкі дарогі, вядзецца падсыпка пясчана-гравійнай сумессю, ума-цоўваецца тэрыторыя паабапал дарогі.
Пачатак «апранання» ў асфальт плануецца на красавік-май. А завершым работы, якія вядуцца за кошт абласнога бюджэту, у ліпені гэтага года. Абноўкі дачакаюцца ў гэтым годзе і астатнія 800 метраў аўтадарогі Грушаўка – Пашкоўцы – Перахрэсце.

Чула, што, нарэшце, сёлета ўсё ж будзе адрамантавана вуліца Мінская ў Ляхавічах. Рамантаваць яе будзе ДРБУ-200?
Алена Зелянеўская, г. Ляхавічы.

– Што тычыцца добраўпарадкавання вуліцы Мінскай у райцэнтры, якая, як і іншыя гарадскія, на балансе камунгаса, то ДРБУ-200 выступае ў якасці генпадрадчыка. Нашы задачы – усталяванне пешаходнай дарожкі і дарожных бартоў, і, канешне, непасрэдна асфальтаванне праезнай часткі дарогі. Работы будуць
весціся сёлета ў ІІ квартале. Пакуль на вуліцы Мінскай свой пералік
работ выконваюць супрацоўнікі Ляхавіцкага вузла электрасувязі – мяняюць тэлефонны кабель, ТАА «Трансэлектракамплект» –электрасеткі.

Неаднойчы бачыла, як з акна праязджаючых аўтамабіляў людзі прама на хаду выкідваюць смецце. Хто яго павінен прыбіраць?

– Як і ўсё, што тычыцца дарог, прыбіранне смецця – зона адказнасці дарожнікаў, у тым ліку і нашай арганізацыі. Вы ўзнялі вельмі слушную і актуальную праблему. Дадатковыя людскія і фінансавыя рэсурсы, якія маглі б быць накіраваны на добраўпарадкаванне вуліц і дарог, выкарыстоўваюцца на ўборку…  Калі людзі будуць менш смеціць, адпаведна, дарожнікі больш увагі будуць надаваць сваёй галоўнай задачы.

На прамой лініі працавала Галіна КАНЬКО.

Меркаванне

Ігар ПІЛІНОГА, начальнік ДРБУ-200:
– Дзякуй «ЛВ» за яшчэ адну магчымасць напрамую даведацца пра дарожныя праблемы, якія хвалююць жыхароў раёна. Такая форма работы карысная як для заяўнікаў, так і для нашай службы. Мы стараемся хутка рэагаваць на любыя заўвагі, якія датычацца нашай арганізацыі, выпраўляць сітуацыю. Таму імкнёмся па магчымасці часцей праводзіць прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях, выязджаем на сельскія сходы, трымаем сувязь і са старшынямі сельвыканкамаў. Карыстаемся любой магчымасцю выступіць на старонках раёнкі і расказаць пра планы ДРБУ-200. Гэта прамая тэлефонная лінія дазволіла падкарэкціраваць нашы планы. На некаторыя аб’екты будзем выязджаць раней прадугледжаных тэрмінаў – там патрабуецца больш хуткі рамонт.