Злавілі тухавічане рыбку…

Непрацуючыя жыхары вёскі Тухавічы Сяргей Плаўскі і Пётр Рабцэвіч, відаць, вырашылі прыгатаваць сабе юшку і рушылі на рыбалоўныя ўгоддзі фонду запасу Ляхавіцкага раёна, што паблізу іх вёскі. Рыбалоўныя прылады прыхапілі з сабой надзейныя — каб не сумнявацца, што ўлоў будзе. Насеклі палонак і прыняліся за справу. Ды толькі перашкодзілі ім супрацоўнікі міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. У аднаго браканьера канфіскавалі «астрогу», а ў другога, які паспеў такі начэрпаць забароненай прыладай лову паўтара кілаграма карасікаў — сачок. Прыродаахоўная інспекцыя ацаніла гэты ўлоў у 9,2 базавай велічыні. Адказнасць за гэтае парушэнне прадугледжвае штраф ад 10 да 30 БВ. Што датычыць першага аматара рыбнай лоўлі, які прыйшоў за здабычай з «астрогай», то яму пагражае штраф у памеры да 20 БВ.
«Залатая” рыбка, якую злавілі тухавічане, — папярэджанне многім жыхарам гэтай і навакольных вёсак, якія ўзялі сабе за «моду» браканьерыць у рыбных угоддзях фонду запасу раёна, пры гэтым прымяняць незаконныя метады здабычы рыбы. Абвінавачванні па артыкуле 15.35 КоАП будуць прад’яўлены кожнаму, хто парушае прыродаахоўнае заканадаўства.
Міхаіл ПІШЧ,
начальнік
Ганцавіцкай
міжраённай інспекцыі
аховы жывёльнага
і расліннага свету.

Фота з сайта  http://rybkidoma.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *