Містэр Павел

Конкурсы па выбары самага прыгожага, спартыўнага, інтэлектуальнага, дасціпнага юнака заўсёды карыстаюцца нязменнай папулярнасцю сярод моладзі. Вось і сёлетні гарадскі сабраў вялікую глядацкую аўдыторыю. 5 фіналістаў змагаліся за перамогу ў шоу-праграме “Містэр года”. Юнакі-ўдзельнікі праз песні, танцы, вершаваныя радкі, гумарэскі расказвалі пра свае таленты, захапленні, погляды на жыццё і сваё месца ў ім.
Як высветлілася, школьнік Валянцін Лазоўскі не толькі любіць слухаць музыку, займаецца спортам, але і вельмі смачна па ўласным рэцэпце гатуе піцу. 24-гадовы Павел Фядотаў, які працуе намеснікам дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы ГДК, параўноўваў сябе са знакамітымі акцёрамі, мастакамі, паэтамі з імем Павел. Сціпласцю і элегантнасцю пакарыў балельшчыкаў навучэнец Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Віталій Яўсеня. Павел Кірмель, які вучыцца ў Баранавіцкім музычным вучылішчы, лічыць, што кожны чалавек павінен быць прафесіяналам у сваёй справе (а тое, што ён віртуозна валодае сваім музычным інструментам, пацвердзіў, выконваючы на саксафоне “Гісторыю кахання”). Для Антона Шаўлінскага самай галоўнай падзеяй гэтага года стала ўласнае вяселле.
Удзельнікі спявалі песні, дэманстравалі добрае пачуццё гумару, аратарскае майстэрства, спрыт і сілу. Запомніўся і танцавальны конкурс. Як прыгожа на імправізаваным танцполе вальсіравалі пары! Партнёршамі канкурсантаў былі дзяўчаты – удзельніцы танцавальнай групы “Надзея” (мастацкі кіраўнік Надзея Чынько).
Паміж конкурсамі перад гледачамі выступалі маладыя самадзейныя спевакі і танцоры. Усе з нецярпеннем чакалі канчатковага падвядзення вынікаў і аб’яўлення пераможцы. Інтрыга захоўвалася да апошніх хвілін праграмы. Самым стыльным па меркаванні журы прызнаны Віталій Яўсеня, самым артыстычным – Павел Кірмель, самым дасціпным – Антон Шаўлінскі, самым мужным – Валянцін Лазоўскі, ён таксама стаў уладальнікам прыза сімпатый гледачоў. Званне “Містэр года” прысуджана Паўлу Фядотаву.
Усе ўдзельнікі ўзнагароджаны падарункамі, падрыхтаванымі аддзеламі культуры і па справах моладзі райвыканкама і райкама ГА БРСМ.
Тамара КУНЦЭВІЧ, загадчыца аддзела па рабоце з моладдзю ГДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *