Вясна на аграрнай вуліцы. Сяўбу ранніх яравых распачалі ўсе сельгасарганізацыі Ляхавіцкага раёна

Сяўбу ранніх яравых распачалі ўсе сельгасарганізацыі раёна. Механізатар на ўнясенні мінеральных удабрэнняў Уладзімір Шклянік і аграном-хімік Ігар Карпей (на здымку) шчыруюць на палях ДП «Нача».

Яшчэ адно сведчанне таму, што надвор’е апошнімі месяцамі не «сябруе» з календаром, надарылася некалькі дзён назад. Адчувальны для гэтага часу начны тэмпературны мінус, часам снег, халодны вецер. Ды так, што на адкрытых участках мясцовасці вырасталі дынамічна гарачыя ачагі пазёмкі. Антураж не яравы, аднак, гэтыя акалічнасці не паставілі кропку на веснавых палявых работах. Канешне, работа саміх пасяўных комплексаў на пэўны час была пастаўлена на паўзу, але перадпасяўныя і асобныя віды іншых сельгасработ ніхто не адмяняў.
А пачыналася веснавая кампанія дастаткова бадзёра: па стане на пачатак бягучага тыдня сяўбу ранніх яравых распачалі ўсе сельгасарганізацыі раёна. Адносна тэмпаў работ, скажам, – усё індывідуальна. Стартавы адрэзак пасяўной – гэта, як правіла, прысвячэнне аўсу. Але не толькі. ДП «Нача», напрыклад, да ўжо засеяных аўсом дзясяткаў гектараў дабавіла яшчэ большыя дзясяткі гектараў ячменных. Аб чым мы даведаліся з першых вуснаў у размове з галоўным аграномам гаспадаркі Леанідам Ксёнжыкам. Дыялог адбываўся на ўскрайку стогектарнага поля пад акампанемент трактарнага рухавіка.
– У якасці асноўнай запраўкі ўносім удабрэнні пад будучы пасеў кукурузы. На зерне яе ў нас запланавана 100 гектараў, на зялёную масу – у чатыры разы больш, – паведамляе Леанід Яўгеньевіч і са словамі «гэта яго работа» прапануе прадоўжыць дыялог з Ігарам Карпеем. Ігар – аграном-хімік, у сваіх пытаннях сапраўдны прафесіянал.
– Раз у чатыры гады праводзіцца адбор проб і даследаванне глебы па шэрагу характарыстык. Зыходзячы з атрыманых вынікаў і з прыцэлам на прагнозныя лічбы ўраджайнасці вызначаецца неабходная для ўнясення колькасць азоту-калію-фосфару, – тлумачыць Ігар Карпей.
Механізатару за штурвалам Уладзіміру Шкляніку падобныя тлумачэнні не патрабуюцца: што называецца, самі з вусамі. Чытай, з неабходнымі ведамі, вопытам работы, стараннем і ўменнем працаваць абсалютна тэхналагічна. У якасці дапаможніка – навігатар, якім абсталяваны агрэгат. Але гэта другаснае. Першааснова ж усяму – чалавек-працаўнік, руплівец. Іменна такіх мы з фотакарэспандэнтам сустрэлі на адным з палеткаў ДП «Нача».

Іван КАВАЛЕНКА.