Вышэйшая фізкультурна-педагагічная ліга. Суб’ектыўна аб аб’ектыўным, ці Па парадку нумароў – разлічыся!

Атакуе Яніна Бурвель.

Усё пачынаецца з дзяцінства, а яно – з сям’і і школы. Мы прыходзім у гэты свет не без недахопаў. Але і не без здольнасцяў, са сваімі талентамі. Важна своечасова іх разглядзець – вызначыцца, хто на што асабліва здатны. А калі яшчэ і пасадзейнічаць развіццю, раскрыць індывідуальны талент вучня па максімуму – гэта ўжо вышэйшая педагагічная ліга. У даным выпадку – педагагічна-фізкультурная, паколькі размова пойдзе пра спорт у разрэзе агульнай адукацыі. Пагрузіўся ў тэму, ініцыяваў публікацыю, сабраў і сістэматызаваў увесь прапанаваны ніжэй матэрыял заслужаны трэнер БССР Андрэй Куркач. Андрэй Барысавіч працаваў школьным фізруком, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў стаяў на чале спартыўнага жыцця Ляхавіцкага раёна. Яго высновы, канешне ж, не ісціна ў апошняй інстанцыі, аднак, – слова аўтарытэта.

Першая – першая

Тэма размовы – школа і спорт, фізічнае выхаванне ў разрэзе школьнага жыцця. І не толькі як прадмет абавязковай праграмы, а яшчэ і з пункта гледжання паслявучнёўскіх, у плане «хутчэй-вышэй-мацней» перспектыў юнакоў і дзяўчат. Быў узняты пласт статыстыкі і на яе аснове зроблена спроба прааналізаваць пастаноўку спартыўнай работы ў школах раёна і Ляхавіцкім дзяржагракаледжы. З чаго просіцца выснова, што
лідарскую пазіцыю ўтрымлівае СШ № 1. Сярэбраны п’едэстал (па ўзятай за аснову методыцы падліку) займае Ліпская школа, бронзавы – СШ № 2.
Калі азнаёміцца са спісам нашых землякоў-удзельнікаў чэмпіянатаў свету, Еўропы, Савецкага Саюза, Усесаюзных спартакіяд школьнікаў, а таксама – прызёраў рэспубліканскіх дарослых і школьных спаборніцтваў, становіцца відавочным лідарства выхаванцаў СШ № 1. Другая пазіцыя ў СШ № 2, трэцяя – у Ліпскай школы. Найбольшую колькасць майстроў спорту (сталі імі непасрэдна падчас навучання ці выканалі нарматыў пасля выпуску) дала таксама СШ № 1. У ганаровым спісе ўстановы такіх 12 чалавек. Восем уладальнікаў гэтага высокага звання правялі вучнёўскія гады ў СШ № 2,
сем былі ў свой час навучэнцамі Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума, сельскагаспадарчага тэхнікума, дзяржагракаледжа.
Стала ўжо традыцыйнай практыкай друкаваць на старонках «ЛВ» імянную табліцу рэкордаў раёна па лёгкай атлетыцы. Некаторыя з дасягненняў перыядычна абнаўляюцца, іншыя трымаюцца дзесяці-годдзямі. З табліцы вынікае, што аўтарамі найбольшай колькасці рэкордных хвілін-секунд і метраў з’яўляюцца выхаванцы СШ № 1 і № 2. Умоўная «бронза» ў рэкорднай намінацыі належыць Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча.

Хто нас выводзіць у майстры

Першым майстрам спорту СССР у нашым раёне стаў Фёдар Траццяк. Майстарскіх вяршынь выпускнік СШ № 1 дасягнуў у пажарным шматбор’і ў 1964 годзе. У тым жа 64-м на базе гэтай установы адукацыі была адкрыта дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Працавала два аддзяленні – гандбола і лёгкай атлетыкі, а першым дырэктарам ДЮСШ стаў школьны настаўнік фізкультуры Анатолій Санько.
Стартавага поспеху чакалі нядоўга: ужо праз год на абласных спаборніцтвах нядрэнна праявілі сябе ляхавіцкія гандбалісткі. Сваёй гульнёй у складзе каманды асабліва вылучалася Яніна Бурвель. Тыя спаборніцтвы вучаніца СШ № 1 завяршыла ў рангу лепшага бамбардзіра. У 1968 годзе ляхавічанку запрасілі ў склад гандбольнай каманды БССР для ўдзелу ў Спартакіядзе народаў СССР, што праходзіла ў Маскве. Яна першая ў Ляхавіцкім раёне (а па некаторай інфармацыі і ў Брэсцкай вобласці) у 1969 годзе атрымала званне майстра спорту СССР па ручным мячы.
У 1970-м годзе Ерэван прымаў Усесаюзную спартакіяду школьнікаў, дзе вучань СШ №1, выхаванец трэнера Юрыя Кіслага Уладзімір Шарапа ў складзе гандбольнай каманды БССР стаў бронзавым прызёрам.
У склад гандбольнай зборнай Рэспублікі Беларусь узору 2014-2015 гадоў уваходзіла Ірына Трызна – майстар спорту, выхаванка трэнера Аксаны Лойка. Ірына таксама выпускніца СШ № 1.

Самаабарона без зброі

Барацьба самба прыйшла ў наш раён у 1975 годзе. У ДЮСШ былі сфар-міраваны групы пачатковай падрыхтоўкі, а вучэбна-трэніровачныя заняткі праходзілі ў спартзале СШ № 1. Працэс запусціў і ўзначаліў баранавіцкі трэнер Уладзімір Яцута.
Актыўна падтрымаў апошняга і аказваў яму ўсебаковае садзейнічанне настаўнік фізкультуры школы Валерый Каспяровіч. Самба, а пазней і дзюдо набылі ў раёне папулярнасць, атрымалі развіццё і сталі самымі паспяховымі відамі спорту.
Сваім сённяшнім статусам спартшколы алімпійскага рэзерву былая ДЮСШ абавязана іменна дзюдаістам. У першую чаргу – члену Нацыянальнай зборнай Уладзіславу Цярпіцкаму і яго першаму трэнеру Віктару Богушу. Цярпіцкі, дарэчы, – выпускнік усё той жа першай гарадской школы.

«Каралева» і яе світа

У 2015 годзе каманда СШ № 1, за якую выступалі Таццяна Смірнова, Анге-ліна Сліва, Ягор Грыгарук і Дзмітрый Равінскі, стала пераможцай Усебеларускага лёгкаатлетычнага кросу «Перамога» на прызы газеты «Советская Белоруссия» ў намінацыі «сярод гарадскіх школ краіны». Рыхтавалі атлетаў трэнеры-выкладчыкі ДЮСШ
Алена Ульянава і Андрэй Іванюценка.
Майстрамі спорту Беларусі і СССР, адпаведна, з’яўляюцца Крысціна Гачко (бег на 100 метраў з бар’ерамі) і Леанід Ціханюк
(штурханне ядра). У свой час – першая палова 70-х гадоў мінулага стагоддзя – Аляксандр Бычкоў паказваў нядрэнныя вынікі. Што адметна – у некалькіх дысцыплінах «каралевы» спорту. Напрыклад, у 1973 годзе ён стаў пераможцам Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў у скачках у даўжыню і трайным скачку. Падрыхтоўкай атлета займаўся Андрэй Куркач. Крысціну, Леаніда і Аляксандра яднае яшчэ і той «штрых», што ўсе яны выпускнікі СШ № 1.

На фінішным адрэзку

У рэальнасці, спісы перамог, імёнаў іх аўтараў і проста таленавітых спарт-сменаў нашага раёна далёка не ўкладваюцца ў прыведзены вышэй пералік. Напрыклад, вельмі дарэчы было назваць прозвішчы ляхавічан-майстроў спорту па барацьбе самба ці
дзюдо, якіх у агульнай колькасці каля двух дзясяткаў.
Ляхавіччына багата на таленавітых спартсменаў. І не толькі «абласканая» ў гэтым матэрыяле СШ № 1 з’яўляецца трамплінам у чэмпіёны і проста спартсмены. СШ № 2, гімназія, Ліпская, Крывошынская, Жарабковіцкая, Навасёлкаўская школы, ЛДАК і іншыя ў рознай ступені актыўна прапагандуюць і культывуюць сярод сваіх выхаванцаў фізічную культуру і спорт, працуюць над павышэннем спартыўнага майстэрства сваіх выхаванцаў і проста дапамагаюць хлопчыкам і дзяўчынкам пасябраваць са спортам. Інакш кажучы, зрабіць для сябе прыярытэтам здаровы лад жыцця.

У ТЭМУ

Гэты від барацьбы прыйшоў у раён у 1975 годзе. Самба, а пазней і дзюдо, набылі ў нас папулярнасць. З таго часу было падрыхтавана каля двух дзясяткаў майстроў спорту. Адзін – майстар спорту міжнароднага класа. Дзякуючы адзінаборцам ДЗЮСШ раёна «паднялася» ў статусе да СДЮШАР.

Запісаў Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з архіва Андрэя КУРКАЧА.