«Узнагарода абавязвае рабіць любую справу якасна». Першы герой «Медальнага заліку» – дырэктар ТЦСАН

Чэрвень мае выпускную афарбоўку. Пад яго акампанемент у суправаджэнні кветак і цёплых пажаданняў адпраўляюцца школьнікі ў дарослае жыццё. Наказы, шчырыя і сардэчныя словы гучаць і гучаць галоўным героям свята – выпускнікам. Асаблівы гонар школы – медалісты. Адзнака сярэбранай ці залатой вартасці – не проста ўзнагарода, а вынік напружанай працы, паказчык індывідуальных здольнасцяў.

Адназначная кампазіцыя

Ляхавіччына ва ўсе часы вызначалася сваімі выпускнікамі. Ганарацца імі і ў Навасёлкаўскай школе. Установа адукацыі мае багатую гісторыю і слаўныя традыцыі. Да 2012 года яна была Пранчакоўскай (змена назвы адбылася з-за прывязкі да месцазнаходжання). Багаты медальны залік тут не выпадковасць. «Залатым» было і мінулае стагоддзе. Так, напрыклад, у 1981 годзе выдадзены адзін атэстат асобага ўзору, праз год яшчэ адзін. Асабліва ўраджайным выдаўся 1985 год – адразу тры медалі, у 1986-м – па адным залатым і сярэбраным медалі. 90-я не падвялі. Так, у 1992 годзе выдадзены адзін залаты і два сярэбраныя медалі. У 1993-м – два сярэбраныя, 1995 – два залатыя і адзін сярэбраны, у 1996 годзе ўручаны чатыры сярэбраныя. Амаль кожны год упрыгожваўся медальным бляскам. З адзнакамі выдаліся і 2000-ыя гады.
У 1976 годзе залатым медалістам Пранчакоўскай СШ быў Аляксандр Стэцко. На сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пра дэпутата пятага склікання маюцца біяграфічныя звесткі:  «…скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, урач-хірург, урач-эндаскапіст, арганізатар аховы здароўя; Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, менеджар-эканаміст». Да дэпутатцтва ў Парламенце займаў пасаду галоўнага ўрача Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі. Сярэбраны выпускнік 1969 года Анатолій Нагорны – кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт. Сёння ён свяшчэннік храма Святога Мітрафана ў Маскве. Родам з Навасёлкаўскай школы вядомы беларускі паэт Леанід Пранчак – альма-матар ён скончыў больш за чатыры дзесяцігоддзі назад. Выпускнік 1975 года Віктар Дайняк – дацэнт кафедры камп’ютарных тэхналогій і сістэм факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук. Сярэбраная медалістка 1991 года Жанна Несцяровіч выкладае геаграфію ў роднай альма-матар. Дырэктар Крывошынскай школы Ала Гуліцкая (Стаскевіч) – выпускніца 1988 года. Школа ганарыцца кожным сваім выпускніком. На самым зайздросным месцы ў СШ змешчаны фотаздымкі паважаных выпускнікоў.
Спынімся на 1990 годзе. 11-ы клас тады заканчвалі 13 чалавек, сярод іх былі дзве сярэбраныя медалісткі: Алена Бубен і Таццяна Шыдлоўская. Алена скончыла інстытут народнай гаспадаркі, жыве і працуе ў Гомельскай вобласці. Другая выпускніца засталася на Ляхавіччыне і сёння яе ведаюць як Таццяну Равінскую – дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Перапынак… на свята

Школьнае жыццё, расказвае Таццяна Мікалаеўна, канешне, пакідае свой след у душы кожнага. Асобныя моманты застаюцца ў памяці цікавай непаўторнай кінастужкай.
…1980 год. Ярка свеціць сонца. Вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі, прыгожыя і ўсхваляваныя, бягуць у школу. Самыя ўрачыстыя, пэўна, былі першакласнікі. Некаторых з іх ледзьве было відаць з-за букетаў. Кветкі не пакупныя – свае: пушыстыя астры, высокія гладыёлусы, рознакаляровыя вяргіні. Іх спецыяльна падгадоўвалі да вераснёўскай лінейкі. Сярод першакласнікаў і Таццяна. Белы фартух, дзве коскі з пышнымі бантамі і, безумоўна, вяргіні – прыгожыя-прыгожыя.
…Запамінальны школьны сюжэт – традыцыйнае свята восені. Яго заўсёды рыхтавалі старшакласнікі і атрымлівалася вельмі цікава. Нават праз дзесяцігоддзі ўзгадваюць выпускнікі тыя выставы з кветак і агародніны, салодкія сталы і нумары мастацкай самадзейнасці.Старшакласнікі ў лагеры працы і адпачынку дапамагалі мясцоваму калгасу ў праполцы, уборцы ўраджаю, а сельгаспрадпрыемства ў адказ рыхтавала для іх сюрпрыз.
Настаўнікі: ім асобная ўвага і падзяка.
– Марыя Цімафееўна Каныгіна, Людміла Іосіфаўна Пяткевіч, Міхаіл Антонавіч Курловіч, Святлана Аляксееўна Байчык, Марыя Аляксееўна Зубік, Галіна Антонаўна Царык, Вера Антонаўна Сапега, Мікалай Мікалаевіч Валынец і многія іншыя. Мы, выпускнікі школы, помнім і вельмі ўдзячны нашым педагогам за ўрокі жыцця, за веды і нястомнае жаданне вучыць нас, – адзначае Таццяна Равінская.
…Таццяна вучаніцай  была стараннай і адказнай. Урокі заўсёды вывучаны, ды і дзённік не вельмі забудзеш дома – жылі насупраць школы. Накладвала абавязацельства і тое, што бацькі – настаўнікі. Мама Вера Мацвееўна выкладала фізіку, тата Мікалай Васільевіч – фізкультуру, узначальваў школу. Прыклад родных натхніў на выбар прафесіі – пайшла ў педагогіку. Скончыла Брэсцкі дзяржаўны педінстытут імя А.С. Пушкіна, стала настаўніцай пачатковых класаў, праз нейкі час зацікавілася сацыяльнай работай. Таццяна ўпэўнена, ніколі нельга спыняцца ва ўдасканаленні. Зараз праходзіць перападрыхтоўку ў РІПК Мінпрацы і сацабароны.
– Як медаль паўплываў на маё жыццё? – перапытвае сярэбраная медалістка. – Атэстат асобага ўзору стаў вынікам 11-гадовай працы. Бацькі навучылі мэтанакіраванасці, працавітасці і ўменню пераадольваць цяжкасці. Дзякуючы медалю, пры паступленні здавала толькі адзін экзамен. Узнагарода абавязвала рабіць любую справу якасна, – адзначае Таццяна Мікалаеўна. Дарэчы, медалісткай стала і яе дачка Юлія. Таццяна Равінская, акрамя статуса паспяховага кіраўніка (па выніках працы за 2018 год у намінацыі «занятасць, сацыяльная абарона насельніцтва» дырэктару ТЦСАН прысвоена ганаровае званне «Чалавек года»), мае і іншыя – шчаслівай жанчыны, жонкі, маці дачкі і сына.
Дарэчы, з выпуску 1990 года чатыры чалавекі сталі педагогамі – настаўнічаюць у роднай школе Наталля Тарабеш (Пранчак) і Алена (Саломка) Станчык. Святлана Несцяровіч (Несцяровіч) атрымала дыплом філфака Брэсцкага ўніверсітэта імя А.С Пушкіна, прайшла перападрыхтоўку па сацыяльнай педагогіцы і сёння ўзначальвае дзённае аддзяленне для інвалідаў ТЦСАН. Іншыя аднакласнікі таксама адбыліся ў розных прафесійных сферах – на сёлетнім вечары сустрэчы расказвалі пра жыццёвыя перакрыжаванні, дзяліліся школьнымі ўспамінамі 30-гадовай вытрымкі.
Школа. Сюды прыходзяць маленькімі чамучкамі, а выходзяць
мэтанакіраванымі асобамі, якія добра разумеюць: хочаш атрымаць жаданую прафесію, стаць запатрабаваным спецыялістам –
трэба вучыцца і веды мець трывалыя.

Рэдакцыя выказвае шчырую ўдзячнасць дырэктару Навасёлкаўскай школы Святлане Шпак за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва Навасёлкаўскай СШ  і Таццяны РАВІНСКАЙ.