Яравое плячо райаграсэрвіса. У чацвер сельгасарганізацыі Ляхавіцкага раёна прадоўжылі сяўбу

Механізатар Максім Цонік.

Пасля некалькіх дзён прымаразку ў чацвер сельгасарганізацыі раёна прадоўжылі сяўбу ранніх зерневых і зернебабовых культур. Калі не ўсе, то некаторыя – дакладна, у чым мы ўпэўніліся асабіста. На прыкладзе льнозавода – спадарожна і выключна па факце, райаграсэрвіса – у блізкім прыбліжэнні, лічбах, каментарыях спецыяліста.

– Яравое «плячо» прадпрыемства складае 300 гектараў. Трэцюю частку плошчы засеялі аўсом – яшчэ да «халоднай» паўзы. Сяўбу поля, на якім працуем зараз, завершым да канца дня. Гэта будуць першыя амаль чатыры дзясяткі пасеяных гектараў яравой пшаніцы. Пад гэту культуру адведзена паўтары сотні адзінак плошчы. Яшчэ яравы ячмень, зернебабовыя, – дакладна расстаўляе акцэнты галоўны аграном прадпрыемства Аксана Ляута.
Яе выраз «яравое плячо» падкупляе незвычайнасцю, аднак, асноўны ўпор у раслінаводстве пра-
цаўнікі сэрвіса робяць на другое «плячо» – азімае. Яно ў некалькі разоў маштабней, больш разнастайна з пункта гледжання асартыменту пасеяных культур. І, аб чым спецыяліст гаворыць з асаблівым настроем, усе азімыя выйшлі з зімоўкі «здаровымі».
Яравую кампанію аграрыі райаграсэрвіса імкнуцца правесці інтэнсіўна і завяршыць у максімальна сціслыя тэрміны.
– Каб не даць «уцячы» вільгаці, на якую і без таго палеткі ў бягучым сезоне вельмі бедныя, у чым можаце ўпэўніцца па шлейфе пылу, што ўжо сёння суправаджае пасяўны агрэгат. А заўтра воблака істотна вырасце. Гэта асноўная, але не адзіная прычына спяшацца. Галоўнае, не ва ўрон якасці выканання аперацый, – падсумоўвае галоўны аграном.
Пасяўны агрэгат тым часам робіць сваю работу. Крок за крокам – і свежая абойма барознаў запоўнена насеннем. Нейкі тыдзень часу і пры адпаведных умовах надвор’я поле расквеціцца далікатнымі, у сакавітых адценнях глыбокага зялёнага парасткамі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.