Звароты: вырашана станоўча. Усе работы вядуць на Мінскую

«Гаварылі, абяцалі, што сёлета адрамантуюць вуліцу Мінскую. Ужо трэці месяц года ідзе, а рамонту няма» – такую тыраду «ЛВ» пачуў днямі па тэлефоне ад узрушанай жыхаркі нашага райцэнтра. Між іншым, гэта тэма неаднойчы падымалася і падчас сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп з калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый горада. У тым ліку і сёлета ў лютым, калі ІПГ пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Аляксандра Камінскага сустракалася з калектывам ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Пытанне добраўпарадкавання вуліцы Мінскай прагучала і падчас прамой тэлефоннай лініі, якую «ЛВ» праводзіў з начальнікам ДРБУ-200 Ігарам Піліногам.

За каментарыямі раёнка звярнулася ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Яго начальнік Марына Завадская расказала, што на 2020 год запланаваны работы на аб’екце «Рэканструкцыя вуліц Першамайскай, Мінскай ў горадзе Ляхавічы». Увесь аб’ект разбіты на тры чаргі. Трэцяя датычыцца менавіта Мінскай і прадугледжвае рэканструкцыю гэтай вуліцы ад яе скрыжавання з Камсамольскай і па ўсёй працягласці. Такія крокі добраўпарадкавання абыходзяцца раённаму бюджэту разам з вырабам праектна-каштарыснай дакументацыі ў 500 тысяч рублёў. Што будзе зроблена? Праезная частка вуліцы «апранецца» ў новае асфальтабетоннае пакрыццё, зменяцца пешаходныя тратуары, уладкуецца водапрапускная труба, замену чакае і вулічнае асвятленне – гэта няпоўны пералік запланаванага.
– Мінская, як і іншыя гарадскія вуліцы, знаходзіцца на балансе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Заказчыкам яе рамонту стаў менавіта камунгас. А генпадрадчыкам па праведзеным тэндары – ДРБУ-200, – адзначыў дырэктар Ляхавіцкай ЖКГ Андрэй Чайкоўскі.
ДРБУ-200 належыць выканаць усе работы, звязаныя з вуліцай і дарогай. Плануецца пачаць, як толькі ўсталюецца патрэбнае надвор’е. Але і зараз дарожнікі не сядзяць на месцы, вядуць падрыхтоўчыя работы. У пацвярджэнне – аб’ява ў адным з апошніх нумароў «ЛВ»: «З 25 сакавіка па 1 красавіка 2020 года рух аўтатранспарту па вуліцы Мінскай будзе закрыты ў сувязі з рамонтам».
– Як генпадрадчык наша арганізацыя ў адказе за той участак работ, які выконваюць падрадчыкі. ТАА «Трансэлектракамплект» вядзе замену ліній электраперадач. Непасрэдна работнікі ДРБУ-200 дэманціруюць старое пакрыццё вуліцы: выдаляюць барты і асфальт. Ідзе і ўкладка вадасцёкавых труб. У нас у наяўнасці ўся неабходная тэхніка, хапае спецыялістаў. Плануем праводзіць і завяршыць работы згодна графіка, – адзначае начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога.
Свая зона адказнасці на Мінскай і ў Ляхавіцкага ўчастка электрасувязі, які забяспечвае захаванасць адпаведных збудаванняў і ліній электрасувязі.
Сітуацыю з рамонтам, у тым ліку вуліцы Мінскай, на пастаянным кантролі трымае раённая ўлада, гэта тэма ўздымаецца і на апаратных нарадах у старшыні райвыканкама.
У працяг дарожнай тэмы. Днямі ў рэдакцыю патэлефанавала жыхарка вёскі Літва Людміла Марчык. Яе праблема датычыцца стану вуліцы Леніна ў вёсцы. Пракаментаваў сітуацыю начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога: «Як толькі маразы канчаткова адступяць і ўсталюецца спрыяльнае надвор’е, пачнём рамантаваць пашкоджаны ўчастак дарогі на вуліцы Леніна ў Літве».

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.