Інтуіцыя інжынера Юшкевіча

Актыўная жыццёвая пазіцыя, неабыякавасць, ініцыятыўнасць, цікаўнасць, аптымізм – вызначальныя для нашага сучасніка – маладога, разважлівага, упэўненага ў сабе Сяргея Юшкевіча.
Арганізацыя работ на меліярацыйных аб’ектах не толькі Ляхавіччыны, але і іншых раёнаў Брэстчыны, кантроль за якасцю іх выканання, захаванне патрабаванняў аховы працы і тэхнікі бяспекі – службовыя абавязкі галоўнага інжынера Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. На гэтай адказнай пасадзе Сяргей Юшкевіч з ліпеня 2008 года і паспеў зарэкамендаваць сябе толькі з лепшага боку. Малады кіраўнік удала спалучае патрабавальнасць, прафесіяналізм з гатоўнасцю заўсёды вучыцца ў больш вопытных калег і жыць інтарэсамі калектыву.
”Я знайшоў сябе ў прафесіі. Рады, што калісьці правільна зрабіў выбар. Пасля заканчэння школы стаў студэнтам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта, дзе і атрымаў спецыяльнасць — інжынер-гідрамеліяратар, — расказвае Сяргей. Па размеркаванні юнак трапіў у Ляхавіцкае ПМС на пасаду майстра.
Трэба адзначыць, што Ляхавіччына для Сяргея далёка не чужая: і не таму, што суседнічае з роднымі Баранавічамі. У вёсцы Гаслаўшчына жыве бабуля Сяргея, ён часта ў яе гасцяваў, ды і цяпер не забывае, праўда, прыязджае ўжо не адзін, а з жонкай Ларысай і маленькім сыночкам Паўлікам.
Дэмабілізаваўшыся пасля тэрміновай службы ва Узброеных Сілах краіны, юнак вярнуўся на прадпрыемства і разам з выкананнем непасрэдных прафесійных абавязкаў апынуўся ў эпіцэнтры грамадскай работы. Ініцыятыўнасць, неабыякавасць, шырокі светапогляд, любоў да спорту юнака адразу заўважылі кіраўніцтва і калегі па рабоце. Моладзь ПМС выбрала яго сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ: не памыліліся, аказаўшы давер. Па ініцыятыве Сяргея і пры падтрымцы дырэктара прад-прыемства Валерыя Богната, арганізоўваюцца разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы, экскурсіі, забаўляльныя праграмы, працоўныя дэсанты, прычым не толькі сярод моладзі, але і з удзелам большасці работнікаў калектыву. З энтузіязмам дзейнічае і савет моладзі. Асабліва папулярны сярод пэмээсаўцаў традыцыйны турнір па велейболе, прысвечаны прафесійнаму святу – Дню меліяратара. Юшкевіч не толькі актыўна арганізоўвае вольны час сваіх калег, але і сам паспяхова ўдзельнічае ва ўсіх стартах, паездках і акцыях. “У нас вельмі дружны калектыў, заўсёды дапамагаем і падтрымліваем адзін аднаго. Дырэктар Валерый Богнат – сам спартыўны аматар і натхняе ўсіх на спаборніцтвы і адпачынак з карысцю для здароўя. Дырэкцыя аказвае і фінансавую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні разнастайных мерапрыемстваў”, – дзеліцца ўражаннямі Сяргей.
…Пасля работы Сяргей спяшаецца дадому, дзе пакуль што ў інтэрнаце (маладая сям’я Юшкевічаў будуе ўласную кватэру ў адным з жыллёва-будаўнічых кааператываў у райцэнтры) любімага мужа і тату з нецярпеннем чакаюць самыя неабходныя і дарагія яму людзі. Маладая сям’я любіць ездзіць на спектаклі ў тэатр, іншы раз гуляюць па горадзе, ім проста хораша быць разам.
Яшчэ ў Сяргея ёсць адно незвычайнае хобі. Ён уладальнік мінулагодняга кубка Беларусі па футбол-прагнозу, што з’яўляецца пацвярджэннем інтуіцыі і здаровага азарту.
Побач з Сяргеем спакойна і ўпэўнена не толькі блізкім людзям, але і калегам, сябрам. Ён не падвядзе ні пры якіх абставінах. Такі ў яго характар: моцны, надзейны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *