Па слядах баявой славы. «ЛВ» запрашае чытачоў у падарожжа па музеі працоўнай і баявой славы СШ № 2 г. Ляхавічы

Гісторыя тут ва ўсім: у пажоўклых фотаздымках і палосах газет, у тым ліку і раёнкі, старых пісьмах і віншавальных паштоўках, на шматлікіх стэндах, у маўклівых сведках разнастайных падзей – экспанатах, у кожнага з якіх свой лёс і шлях на экспазіцыйны памост. «ЛВ» запрашае паважаных чытачоў у захапляльнае падарожжа па музеі працоўнай і баявой славы, які размясціўся ў СШ № 2 райцэнтра.

Чарговы экспанат – новая гісторыя

Наступіла 75-я мірная вясна. А экспазіцыя музея, хай не так імкліва і шырока, як раней, але папаўняецца. Чарговы экспанат – танкавы шлемафон – перадаў сёлета начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Аляксей Сідаровіч. Цяпер ваенны артэфакт, што застаўся ваенкаму ад дзеда, суседнічае з іншымі напамінамі пра той цяжкі, але гераічны час: гільзай, прыкладам, штыком, каскамі, стужкай ад ручнога кулямёта, салдацкай біклажкай… Колькі ўсяго яны маглі б расказаць пра тыя векапомныя падзеі, калі ўвесь народ – ад малога да сталага – паўстаў на барацьбу з ненавісным ворагам.
– Звычайна экскурсія па тэме «Вялікая Айчынная вайна» пачынаецца менавіта з гэтай экспазіцыі. Кожная падборка – пэўны этап вайны. Тут занатаваныя школьнікамі ўспаміны былых вязняў фашысцкіх канцлагераў Паўла Мілюка, Таццяны Байрашэўскай, Алены Кіеня, Марыі Лентнер, Яўгеніі Кудзін, Зоі Осіпавай. Зоя Яфімаўна, дарэчы, працавала настаўніцай у СШ № 2, – знаёміць з сабранымі матэрыяламі кіраўнік музея настаўнік гісторыі СШ № 2 Віталій Толкач.
А вось і знаёмы і такі блізкі сэрцу аркуш з першым нумарам «Совецкага патрыёта», які таксама біў ворага трапным праўдзівым словам. Побач пісьмы, на якіх зваротнымі адрасамі з’яўляюцца Баку,
Масква, Кіраўская, Горкаўская, Маскоўская воблас-ці… І гэта толькі частка перапіскі, якую вялі школьнікі-пошукаўцы разам з настаўніцай Вольгай Альшаковай, з роднымі і блізкімі тых, хто змагаўся з фашыстамі на тэрыторыі Ляхавіччыны.
Гартаючы старонкі чарговай папкі «Вёскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» і чытаючы замалёўкі, нельга стрымаць слёз. Кожны аповяд – боль і горыч за мірных людзей, над якімі здзекаваліся фашысты і прыслужнікі-паліцаі. Вось піша настаўнік У. Мацкевіч ў артыкуле «Не скарылася вёска»: «На правым беразе Шчары раскінулася вёска Залужжа. Дабротныя будынкі, шырокія вуліцы радуюць вока. Шчаслівае, радаснае жыццё пад мірным небам. Нялёгкім быў да яго шлях. Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю залужан у гады Вялікай Айчыннай вайны. Першымі ахвярамі фашыстаў сталі камсамольцы Васіль Выдрыч і Раман Лапіч. Фашысты завезлі іх у Мілавіды і расстралялі. Гэта было ў ліпені 1942 года. Крыху пазней гітлераўцы расправіліся і з пяццю тухавіцкімі патрыётамі…».
Чарговы прыпынак памяці – Жарабковічы. «Ля Дома культуры стаіць помнік воінам Чырвонай Арміі, якія загінулі пры вызваленні гэтага краю ад гітлераўскіх акупантаў. Сціплы сюжэт: выліты з бронзы салдат у вечнай журбе схіліў галаву над магілай…» (артыкул «Бронзавы салдат», 31 студзеня 2007 года, «Ляхавіцкі веснік»). Наступныя радкі аддаюць нясцерпным болем чалавека – сведкі фашысцкай акупацыі. Бацьку Марыі Галіцкай з Куршынавічаў расстралялі карнікі: «Мой тата да вайны быў старшынёй Куршынавіцкага сельскага Савета. Аднойчы ноччу, калі ўсе спалі, каля нашай хаты спынілася машына з немцамі. Нібы прадчуваючы бяду, моцна забілася сэрца. Забралі тату. Я выбегла з хаты і пачала прасіць фашыстаў, каб яго адпусцілі. Але ні мае просьбы, ні дзіцячыя слёзы не змаглі выратаваць ад смерці дарагога нам чалавека. У тую ноч расстралялі не толькі майго бацьку. Мама засталася адна выхоўваць васьмярых дзяцей».
Шмат матэрыялу сабрала, апрацавала і шчыра напісала рэферат на тэму «Спаленыя вёскі Беларусі» сённяшняя школьніца Дар’я Коршун.

Яны змагаліся за Радзіму

Стэнд «Помнім, ганарымся» расказвае пра землякоў – герояў Вялікай Айчыннай Фёдара Лойку, Рыгора Логвіна, Кацярыну Інтарынаву.
Адна з самых шырокіх экспазіцый аб’яднала два стэнды. «Народныя мсціўцы» з фотаздымкамі падпольшчыкаў, тут жа карта-схема дзеянняў партызан атрада імя Суворава брыгады «Савецкая Беларусь». Пра нескароных духам, адважных і мужных народных мсціўцаў расказвае стэнд «Партызанскі рух». З фотаздымкаў, нібы прывітанне з мінулага, глядзяць маладыя твары партызан, якія пасля Перамогі звязалі свой лёс з Ляхавіцкім раёнам. У асноўным, гэта члены атрадаў, што ўваходзілі ў склад 19-й брыгады імя Молатава і 20-й імя Грызадубавай – Уладзімір Пархомчык, Мікалай Стасевіч, Міхаіл Васілевіч, Міхаіл Размысловіч, Васілій Каравы, Алена Пацкевіч, Ісаак Бярковіч і іншыя.
«Яны вызвалялі наш горад» – стэнд, прысвечаны радавым і камандзірам, якія ў складзе сваіх вайсковых падраздзяленняў – 193-й стралковай Дняпроўскай ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Суворава і Кутузава дывізіі, 52-й гвардзейскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі – ачышчалі ад гітлераўцаў Ляхавіцкі раён. Прозвішчы вызваліцеляў назаўжды ў памяці ўдзяч-ных нашчадкаў. І не гасне Вечны агонь, і ляжаць кветкі каля брацкай магілы загінулым пры вызваленні Ляхавічаў.
А ў музеі СШ № 2 чырвоным ззяннем аксаміту вабіць паштоўка, нібы запрашае: не праходзь, пачытай. Гэта вершаванае пасланне да юных ляхавіцкіх следапытаў, датаванае 1966 годам. Прыйшло з Херсона ад Вассы Магілеўскай, жонкі Магілеўскага Л. С., загіну-лага пры вызваленні нашага райцэнтра.
Каля наступнага экспаната нельга проста прайсці, абавязкова спынішся і схіліш галаву ў знак памяці і пашаны. У вялікай скрыні –
чырвоныя мяшочкі, у кожным з якіх зямля з брацкіх магіл, што знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна. Яны сабраны летась падчас акцыі «У славу агульнай Перамогі».

«Следапыты» працягваюць пошук

Бягучы навучальны год у СШ № 2 насычаны разнастайнымі музейнымі мерапрыемствамі: конкурсы, выставы, экспазіцыі, этапы пошукава-даследчай работы атрада «Следапыты», шматлікія акцыі, прымеркаваныя да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Члены атрада «Следапыты», створанага ў 2018 годзе, – цікаўная, апантаная дзясятка вучняў-старшакласнікаў. Самыя актыўныя яе прадстаўнікі Ксенія Ваўрышчук, Ягор Пятроўскі і Вікторыя Боднар. «Следапытаўцы» ініцыятыўна і з натхненнем займаюцца пошукавай дзейнасцю, афармляюць стэнды, дапаўняюць іх новымі матэрыяламі. Сённяшнія прыхільнікі гісторыі – актыўныя прадаўжальнікі патрэбнай справы сваіх папярэднікаў – тых, хто пад кіраўніцтвам гісторыка Уладзіміра Скалабана пачаў гэты пошук, а таксама хлопчыкаў і дзяўчынак з атрада «Чырвоныя следапыты», якім шмат гадоў кіравала настаўніца гісторыі Вольга Альшакова.
Рабяты і настаўнікі ўзрушаны шыкоўным падарункам, які ў маі мінулага года перадалі ў фонды музея прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі Ляхавіччыны.
– На месцы пахавання невядомага салдата-чырвонаармейца, загінулага ў чэрвені 1941 года, падчас раскопак каля вёскі Мазуркі знойдзены лыжка, ключ, сцізорык, куля. Цяпер яны захоўваюцца ў музеі. Але разгадка яшчэ адной невядомай старонкі Вялікай Айчыннай прадаўжаецца. Нашы «Следапыты» распрацавалі пошукавую аперацыю, каб устанавіць імя невядомага героя, чые астанкі ў 1986 годзе перапахаваны ў брацкую магілу на плошчы Перамогі ў Ляхавічах. Цяпер вось рыхтуем запыт у Міністэрства абароны, – расказвае кіраўнік музея.
Увогуле, жыццё «Следапытаў» разнапланавае. Рабяты клапоцяцца пра брацкую магілу ў вёсцы Грушаўка (наводзяць парадак, падфарбоўваюць). На раённым этапе навукова-практычнай канферэнцыі «З навукай у будучыню» работа Ксеніі Ваўрышчук па тэме «Дзве палавінкі аднаго лёсу» (кіраўнік праекта Віталій Толкач) пра мірнае жыццё і ваенны подзвіг франтавіка, славутага партызанскага камандзіра, аднаго з першых рэдактараў «Совецкага патрыёта» Аляксандра Астапава і яго свата, таксама ветэрана Вялікай Айчынай вайны Браніслава Коктыша, трапіла ў лік прызёраў.
Трэба бачыць, з якой увагай сочаць за кожным словам экскурсаводаў, знаёмяцца з напамінамі аб вайне сённяшнія школьнікі падчас музейных урокаў, прысвечаных тэме «Наш край». А яшчэ тут ладзяцца экскурсіі, сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі, заняткі. Тэматычныя экскурсіі распрацоўвае лектарская група пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Таццяны Шпак. Да кожнага выступлення – сур’ёзная падрыхтоўка. Асабліва захоплены лектарскай справай вучаніцы 10 «А» класа Ангеліна Ламанос і Дар’я Дзямід.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.