Узаемны інтарэс. 2 красавіка – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

2 красавіка ў краін-суседак агульнае свята – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, які сёлета адзначаецца ў 23-і раз. Дата сімвалізуе братэрства і духоўную блізкасць нашых народаў, падабенства лёсаў і традыцый, адраджэнне былых сувязяў, імкненне да супрацоўніцтва і новых стасункаў.

Менавіта ў другі дзень красавіка ў 1996 годзе прэзідэнты дзвюх краін падпісалі Дагавор аб утварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі, а ў 1997-м быў падпісаны Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі, які даў новы імпульс працэсу рознабаковай інтэграцыі дзвюх дзяржаў.
Свой уклад у добрасуседскае супрацоўніцтва ўносіць і Ляхавіччына.
Сярод замежных краін менавіта Расій-ская Федэрацыя была і застаецца асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам раёна.
Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня расказала, што па даных статыстыкі тавараабарот паміж нашым раёнам і Расіяй за мінулы год склаў 21,2 мільёна долараў (плюс 24,3 працэнта да ўзроўню 2018 года). Пры гэтым экспарт дасягнуў 15,3 мільёна долараў (плюс 9,2 працэнта), імпарт – 5,9 мільёна долараў.
Істотна, у 3,2 раза павялічыўся аб’ём гандлю паслугамі і за 2019 год склаў амаль 558 тысяч долараў. Удзельная вага Расіі па знешнегандлёвым абароце таварамі і паслугамі, што аказвае Ляхавіцкі раён, склала 53,4 працэнта.
Людміла Матчэня падкрэсліла, што ўзаемны гандаль Ляхавіччыны і краіны-суседкі разнастайны па ўсіх таварных раздзелах і групах. Расіяне з задавальненнем набываюць харчовыя тавары і сельскагас-падарчую сыравіну – мяса буйной рагатай жывёлы, малочную прадукцыю, свежую садавіну і агародніну, пладова-ягадныя і агароднінныя кансервы, ільновалакно. Запатрабаваны электрычная апаратура і ізалюючая арматура для электрычных машын, якія выпускаюць прадпрыемствы, размешчаныя ў Ляхавіцкім раёне.
Асноўныя пастаўкі ў Расію ідуць з СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ААТ «Мясакамбінат Ляхавічы», фермерскай гаспадаркі «Уладзімір плюс», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» і «Ляхавіцкі льнозавод», ТАА «Трансэлектракамплект», райпо.
У шэрагу рэгіёнаў Расіі добра ведаюць якасную, натуральную, смачную, даступную па кошце кансерваваную прадукцыю, у прыватнасці, яблычнае павідла ў асартыменце, рагу, расольнік, шчаўе кансерваванае, салянкі.
У самых розных кутках Расіі спажыўцы набываюць у магазінах сметанковае масла вытворчасці Ляхавіцкага малочнага завода. Шмат гадоў запар запатрабаваны электратэхнічныя вырабы «Трансэлектракамплекта». Торфабрыкетны завод супрацоўнічае з Калінінградскай вобласцю: экспартуе туды паліўныя брыкеты.
Але не толькі расіяне аддаюць перавагу беларускай прадукцыі з ляхавіцкай прапіскай. Папулярныя і ў нас расійскія тавары. Мы імпартуем зерне, прадукцыю фармацэўтычнай і хімічнай прамысловасці (фарбы і лакі), фота- і кінатавары, пластмасу і вырабы з яе, паперу, кардон, пражу з раслінных валокнаў, некаштоўныя металы і вырабы з іх, абсталяванне, механічныя і электратэхнічныя прыстасаванні.

Галіна КАНЬКО.