Прафсаюзная прафілактыка

Апошнія месяцы навіны штодня пачынаюцца з COVID-19 і завяршаюцца ім жа. На барацьбу з каранавірусам мабілізаваліся ўсе. Не засталіся ў баку ад супрацьстаяння пандэміі, аб’яўленай Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, і прафсаюзы Беларусі. У сувязі з напружанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, па ініцыятыве ФПБ, прафсаюзныя актывісты ўзмацнілі
кантроль за выкананнем гігіенічных нормаў на прадпрыемствах для прафілактыкі небяспечнага віруса.

Прафсаюзныя лідары і спецыялісты па ахове працы манітораць спраўнасць работы санітарна-бытавых памяш-канняў і вентыляцыі, як апрацоўваюцца рабочыя месцы і месцы агульнага карыстання. Таксама сочаць за тым, каб у арганізацыях, установах і на прадпрыемствах у наяўнасці былі дэзынфіцыруючыя сродкі, выкарыстоўваліся антысептыкі, работнікі маглі без праблем памыць рукі з мылам і інш. Прафсаюзы сумесна з наймальнікамі карэкціруюць рэжым работы, каб выключыць масавае знаходжанне людзей.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк расказала, што на Ляхавіччыне не менш раза на тыдзень праводзіцца маніторынг забяспечанасці землякоў прад-метамі першай неабходнасці, у прыватнасці, разнастайнымі крупамі, соллю, цукрам і інш.
Атрыманыя вынікі адпраўляюцца ў рэспубліканскі банк даных. Калі ж вышэйазначаныя тавары ў продажы адсутнічаюць, то таксама інфармуецца ФПБ.
Напрыклад, у адзін з дзён маніторынгу ў магазіне «Еўраопт» на паліцах адсутнічалі крупы, пасля ўмяшальніцтва прафсаюзаў тавар быў прадастаўлены пакупнікам.
– Канешне ж, я сама таксама прытрымліваюся ўсіх мер перасцярогі. У абавязковым парадку стараюся як мага часцей мыць рукі з мылам. Апрацоўваю іх антысептыкам. Медыцынскую маску не нашу, бо медыкі лічаць, што яна неабходна тым, хто мае сімптомы ВРВІ. Забяспечыла ўсімі неабходнымі мерамі перасцярогі мужа і сына-студэнта, – адзначае Тамара Пракап’юк.
Што тычыцца сітуацыі з захворваннем COVID-19 у нашым раёне, то, па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ляхавіцкага раёна Віталія Ціханава, выпадкаў віруснай інфекцыі не зарэгістравана.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.