Ляхавіччына: генеральны план пішам разам

Па старонках кнігі водгукаў на архітэктурна-планіровачнае рашэнне Ляхавічаў перспектыўных. Гэта і іншыя ў тэму падрабязнасці — у інтэрпрэтацыі галоўнага архітэктара Ляхавіцкага раёна Андрэя Краеўскага.

— Як прайшлі абмеркаванні, Андрэй Анатольевіч? Наколькі актыўны ўдзел прынялі ў іх ляхавічане, жыхары раёна?
— Выстаўлены ў фае райвыканкама стэнд з генпланам не быў пазбаўлены ўвагі. Людзі падыходзілі, уважліва ўглядаліся. Часта, калі збіраліся не па адным, адбываліся імправізаваныя абмеркаванні: што так, а што, на думку кагосьці з суразмоўцаў, можна было б «запраектаваць» па-іншаму. Ведаючы вопыт асобных іншых раёнаў вобласці, дзе насельніцтва паставілася да прапановы пасіўна, гэта было прыемна. Не выключаю ў тым і заслугу «Ляхавіцкага весніка», дзе незадоўга да абмеркаванняў быў надрукаваны адпаведны тэматычны матэрыял. Пісьмова задакументаваць свае заўвагі ці прапановы, выказаць пажаданні, абазначыць водгукі палічылі патрэбным, канешне, далёка не ўсе. Але дзясятка паўтара прапаноў ад землякоў паступіла. Некаторыя падыходзілі асабіста. Цікавіліся, звярталіся за ўдакладненнямі, прапаноўвалі нейкія свае варыянты.
Паказальнае і заслугоўвае ўвагі меркаванне распрацоўшчыкаў праекта. Спецыялісты адзінага ў сваім родзе ў краіне навукова-даследчага інстытута неаднойчы гаварылі пра актыўнасць, непасрэдную і важкую дапамогу ў рабоце над праектам кіраўніцтва раёна. Па словах, такую ўвагу, зацікаўленасць, як у Ляхавічах, яны сустракалі не часта.
— Што далей? Які «ход» атрымаюць грамадскія ініцыятывы, прапановы, пажаданні?
— Яны знайшлі адлюстраванне ў так званым пратаколе грамадскіх абмеркаванняў. Спецыяльна створаная камісія пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Валерыя Богната разглядала іх з усіх бакоў і вельмі ўважліва. Узважваліся ўсе «за», «супраць», і толькі тады прымалася рашэнне. Канешне, не ўсё з прапанаванага грамадзянамі дапоўніць сабой канчатковы варыянт праекта-перспектывы. Але, можаце не сумнявацца, выносячы свой вердыкт, камісія максімальна лаяльна ставілася да паступіўшых прапаноў.
Калі шчыра, не ўсё з прапанаванага грамадзянамі ўпісваецца ў фармат перспектыўнага генеральнага плана горада. Хутчэй — пажаданні чалавека на перспектыву, што ён хацеў бы бачыць у Ляхавічах у бліжэйшай, сярэдняй ці больш аддаленай перспектыве. Інакш кажучы, насілі пераважна прыватны характар. Што, канешне, мае права на існаванне, але не можа разглядацца ў якасці карэктыва праекта генплана.
— Думаю, пара перайсці да канкрэтыкі. Як вы ўжо сказалі, з прыкладна паўтара дзясятка зваротаў некаторыя, верагодна, гучалі рэхам, з’яўляліся блізкімі па сутнасці…
— Так. Напрыклад, на неабходнасць будаўніцтва ў Ляхавічах плавальнага басейна згадвалася ў трох зваротах. Што можна сказаць у адказ? Гэта вельмі сур’ёзныя грошы. Будуць яны — будзе і басейн. Месца пад гэта будаўніцтва даўно вызначана, ёсць праект з усімі неабходнымі экспертызамі. Самому раёну «падняць» такое будаўніцтва наўрад ці па сілах. Хаця не выключаецца варыянт, што работы на будаўніцтве басейна пачнуцца ўжо сёлета.
Два чалавекі ўказалі на недахоп, па іх меркаванні, у райцэнтры веласіпедных парковак, а тыя, што дзе-нідзе абсталяваны, не могуць парадаваць ні выглядам, ні сваёй функцыянальнасцю. Можна пагадзіцца: у населеных пунктах маштабу Ляхавіч двухколавая машына — транспарт досыць запатрабаваны. Усё большую папулярнасць веласіпед набірае і ў буйных гарадах краіны, знаходзіцца, як модна гаварыць, у трэндзе. Парковак стане больш ужо сёлета. Падчас падрыхтоўкі да абласных дажынак, якія пройдуць у нашым горадзе, усім арганізацыям, прадпрыемствам рэкамендавана, у тым ліку, прадугледзець і ўстаноўку гэтых прыстасаванняў. Але і магчымасць цэнтралізаванага падыходу вырашэння ўзнятага пытання таксама разглядаецца.
У адным са зваротаў рабіўся акцэнт на неабходнасці рамонту стадыёна «Колас». Актуальнасць гэтага відавочная, рэканструкцыя галоўнай спартыўнай «паляны» даўно наспела. І будзе зроблена. Зноў-такі, да правядзення ў Ляхавічах абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі.
— Не пакідае ўражанне, што спартыўная інфраструктура горада — стан дзеючых і жаданне новых спортаб’ектаў — асабліва клапоціць ляхавічан?
— Магчыма, але не толькі. Былі, напрыклад, «заяўкі» на абсталяванне ў квартале вуліцы Інтэрнацыянальнай міні-рынку, будаўніцтва супермаркета, магазіна адной вядомай гандлёвай сеткі. Адзначу, што рынку ў новым мікрараёне не прадугледжваецца. З Інтэрнацы янальнай да цэнтральнага рынка недалёка і пешшу. Можна адправіцца за пакупкамі і на маршрутным аўтобусе.
Але ёсць і перспектыва: рыхтуецца праект на будаўніцтва самага буйнага ў Ляхавічах універсальнага магазіна. Месцам яго «прывязкі» абраны іменна квартал вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Шэраг водгукаў тычыўся магчымасці функцыянальнага аздаблення, добраўпарадкавання канкрэтных будынкаў, вуліц, тэрыторый.
У адказ на зварот жыхароў заўважу, што ў бягучым годзе асфальтаванне вуліц Першамайскай і Падлескай не прадугледжваецца. А вось два былыя інтэрнаты ЛДАКа, што па вуліцы Леніна, у чарзе на рэканструкцыю. На першым этапе мяркуецца адрамантаваць дах, фасады, добраўпарадкаваць сумежную тэрыторыю. Калі дазволіць бюджэт — зрабіць нешта ўнутры.
Асобна хацелася б засяродзіць увагу жыхароў вуліцы Раганава і завулка Замкавага з нагоды іх звароту па пытанні падвядзення ў дамы прыроднага газу. Існуе і дзейнічае працэдура: грамадзяне самі павінны выступіць з ініцыятывай па стварэнні адпаведнага кааператыўнага аб’яднання, звярнуцца з заявай да кіраўніцтва цэха прыроднага і звадкаванага газу. Дзяржава фінансуе 70 працэнтаў кошту ўсіх работ.
Напрыканцы размовы заўважу, што даць адказы, тлумачэнні па кожным з атрыманых у ходзе грамадскіх абмеркаванняў зваротаў і прапаноў, канешне ж, немагчыма. Але дыялог можа быць прадоўжаны. Напрыклад, у форме тэлефоннай гутаркі па кожным з выпадкаў. Тэлефануйце, калі ласка.
Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *