Растуць патрыёты ў СШ№2 г.Ляхавічы

На ўдзел у раённым этапе «100 ідэй…» у райкам ГА «БРСМ» была даслана заяўка настаўніцы замежных моў СШ № 2 Таццяны Маслоўскай, якая падрыхтавала праект «Грамадзянінам быць абавязаны» у адной з прапанаваных намінацый — «Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі». Работа прыняла ўдзел у абласной перасоўнай прэзентацыі рэспубліканскага праекта, была адзначана дыпломам і падзякай Брэсцкага абкама ГА «БРСМ».
Таццяна — педагог па прызванні. «Я сябе бачыла настаўніцай і нікім больш, у дзяцінстве амаль засёды з сяброўкамі гуляла толькі ў школу».
Спачатку закончыла Нясвіжскі педкаледж, а потым завочна — Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Здаецца, зусім нядаўна Таццяна Раманаўна прыйшла працаваць настаўніцай замежнай мовы ў СШ № 2. Адразу знайшла агульную мову з калегамі-настаўнікамі, сваім першым, такім гарэзлівым 5-м класам (у які маладога педагога прызначылі класным кіраўніком) і, што немалаважна, — з бацькамі вучняў.
«Рабяты не даюць сумаваць, у іх безліч ідэй і задумак. Толькі паспявай выслухоўваць, вырашаць і ажыццяўляць”, — расказвае Таццяна Маслоўская. І дадае, што адміністрацыя школы заахвочвае творчых і ініцыятыўных вучняў і настаўнікаў. Тут заўсёды адкрыты дзверы для новых ідэй, методык і педагагічных напрацовак.
«Яна ўмее знайсці падыход да кожнага са сваіх вучняў. Яе клас вельмі дружны і ініцыятыўны. Гэта чалавек, які заўсёды гатовы дапамагчы, падтрымаць і пастаянна займаецца самаўдасканаленнем. Паспяхова ўзначальвае метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў не толькі нашай школы, але і ўсяго раёна», — гаворыць пра Таццяну Маслоўскую намеснік дырэктара па выхаваўчай ра боце СШ № 2 Таццяна Доруш.
Традыцыйна напрыканцы вучэбнага года ў школе вызначаецца ўзровень выхаванасці кожнага вучня. У тым ліку вывучаючы і вынікі тэсціравання, настаўніца прыйшла да высновы, што з яе тады яшчэ сямікласнікамі трэба паглыбіць работу па выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму. Таццяна Раманаўна загарэлася ідэяй новай выхаваўчай распрацоўкі, у аснове якой — стварэнне аптымальнай сістэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў. Так у суаўтарстве вучняў, класнага кіраўніка і бацькоў стартаваў праект «Грамадзянінам быць абавязаны». Яго асноўныя складальнікі — развіццё пазнавальных і творчых здольнасцяў рабят. Праект уключыў у сябе наступныя напрамкі: «Я і мы», «Я сам», «Я — Радзіма — свет», «Я — часцінка прыроды», «Сувязь пакаленняў», «Я і сям’я». Асноўную мэту лепш за ўсё раскрывае дэвіз: «Какие ждут вас в будущем дела? Об этом думать вы должны всё чаще. И если гражданин вы настоящий, большой отдачи ждёт от вас страна».
Колькі цікавых мерапрыемстваў прайшло з таго моманту, як праект быў запушчаны ў дзеянне! І ва ўсе без выключэння рабяты акуналіся, што называецца, з галавой, бацькі дапамагалі ім і класны кіраўнік заўсёды побач. Такое зладжанае трыа спрацавала на выдатна. І чарговая, праз год, дыягностыка развіцця асобы цяпер ужо дзевяцікласнікаў паказала, што ўзровень выхаванасці па крытэрыі «грамадзянскасць і патрыятызм» у рабят значна павялічыўся. «Без духоўнага абнаўлення нельга дабіцца станоўчых пераўтварэнняў. Пакуль адносіны чалавека да працы, прыроды, таго, што адбываецца навокал, чалавека да чалавека будуць толькі прагматычнымі, складвацца па прынцыпе «ты мне — я табе», нельга дасягнуць жаданых вынікаў. Ці ёсць надзея? Безумоўна! Высакароднасць, міласэрнасць, павага, адданасць дапамогуць людзям быць людзьмі», — упэўнена Таццяна Маслоўская. Праект меў поспех не толькі ў адным — асобна ўзятым класе. На яго аснове была выпушчана метадычная распрацоўка, якой з поспехам карыстаюцца класныя кіраўнікі. Праект заняў першае месца на раённай выставе навукова-метадычных дапаможнікаў і трэцяе — на аналагічнай абласной выставе, удзельнічаў і на рэспубліканскім узроўні.
Гэта не адзіная распрацоўка педагога-наватара. Таццяна Маслоўская — аўтар паспяховага праекта «Дзіця ў свеце праў і абавязкаў». У многім менавіта яго выкарыстанне ў выхаваўчай рабоце, па словах Таццяны Доруш, дазволіла не дапусціць за апошні год ні аднаго злачынства і правапарушэння сярод вучняў школы. А сам праект быў дастойна прадстаўлены на рэспубліканскай канферэнцыі «Новыя падыходы да арганізацыі работы па прафілактыцы правапарушэнняў сярод навучэнцаў і школьнікаў».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *