Прынцып уважлівасці. Выпадкаў COVID-19 у Ляхавіцкім раёне па стане на 3 красавіка не зарэгістравана

У многіх установах, арганізацыях і на прадпрыемствах уведзены пастаянны кантроль за станам здароўя работнікаў. Тых, хто мае прыкметы інфекцыйнага захворвання, напрыклад, павышаную тэмпературу цела, кашаль, неадкладна вызваляюць ад работы з далейшым накіраваннем за меддапамогай (пажадана выклікаць урача на дом).
Акрамя таго, арганізаваны разнастайныя меры прафілактыкі і непасрэдна на месцах работы. Найбольш эфектыўныя: абавязковая наяўнасць мыла для мыцця рук, аднаразовых ручнікоў, якаснае прыбіранне памяшканняў з прымяненнем дэзынфіцыруючых сродкаў. Асаблівая ўвага – апрацоўцы па некалькі разоў у дзень дзвярных ручак, выключальнікаў, іншых кантактных паверхняў, месцаў агульнага карыстання. Кіраўнікі прадпрыемстваў выдаюць загады аб прафілактыцы распаўсюджвання COVID-19.
Прадаўцы працуюць у мага-зінах у медыцынскіх масках і пальчатках. Гэтымі сродкамі карыстаюцца і аператары ў паштовых аддзяленнях сувязі. Сацыяльныя работнікі таксама наведваюць сваіх падапечных у такім «уборы». Як адзначылі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, па стане на 2 красавіка, за дапамогай у дастаўцы прадуктаў харчавання, лякарстваў і тавараў першай неабходнасці звярнуліся два нашыя землякі – гараджаніну патрабавалася дастаўка прадуктаў, вяскоўцу –
лякарстваў. Паслуга аказваецця бясплатна, заяўкі можна пакідаць у ТЦСАН па нумары 6-09-17 штодзённа з 9.00 да 18.00.
Меры перасцярогі прымаюцца і ў грамадскім транспарце. Намеснік начальніка аб’яднанага аўтавакзала горада Баранавічы і горада Ляхавічы Уладзімір Пятроўскі расказаў, што праводзіцца дэзынфекцыя аўтобусаў: двойчы на дзень – гарадскога транспарту, раз у дзень – прыгараднага. Спецыяльнымі сродкамі апрацоўваюцца сядзенні, по-ручні, дзверы, руль аўтобуса. Таксама санапрацоўка арганізавана і непасрэдна на аўта-станцыі. Устаноўлены дазатары з антысептыкамі ў санвузлах, зале для пасажыраў.
Яшчэ раз пра важныя меры прафілактыкі, якія неабходна выконваць кожнаму. Трэба часта мыць рукі з мылам, апрацоўваць іх антысептыкамі, не забывайце пра дэзынфекцыю дзвярных ручак, тэлефонаў – стацыянарных і смартфонаў, рабочых сталоў і камп’ютараў. Віталій Ціханаў адзначае, што да гігіены трэба адносіцца больш уважліва, бо на працягу дня чалавек шмат разоў дакранаецца да розных паверхняў і рэчаў, у тым ліку ў магазіне, на працоўным месцы. Не трэба правакаваць лёс і без пэўнай неабходнасці наведваць месцы масавага знаходжання людзей, гандлёвыя цэнтры ці буйныя магазіны. Асабліва гэта тычыцца пажылых грамадзян, якія найбольш могуць пакутаваць ад ускладненняў ад каранавіруса. І, канешне, лепш адмовіцца ад паездак за межы краіны.
Медыцынскія маскі сёння – адзін з самых запатрабаваных тавараў для абароны ад каранавіруснай інфекцыі. Як сведчаць медыкі, маска хоць і не дае стопрацэнтнай гарантыі, што вы не падхопіце COVID-19, аднак яна ў разы зніжае рызыку перадачы віруса паветрана-кропельным шляхам. А вось чалавек, у якога ёсць сімптомы ВРВІ, абавязаны насіць маску.
Давайце будзем уважлівымі да сябе, свайго здароўя і да тых, хто побач.

Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ляхавіцкага раёна Віталія Ціханава, эпідэміялагічная сітуацыя па каранавірусе стабільная і знаходзіцца пад кантролем медыкаў. Выпадкаў COVID-19 у Ляхавіцкім раёне па стане на 3 красавіка не зарэгістравана.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.