Арыфметыка білета. Звароты: вырашана станоўча

Дыспетчар АС «Ляхавічы»
Галіна Бурчыц дэманструе варыянты праязных дакументаў.

Статус пасажыра мае як абавязкі, так і правы. На першым плане, канешне, бяс-пека. Але пагадзіцеся, і камфортны праезд немалаважны. Сярод яго складнікаў, безумоўна, месячны праязны білет шматразовага выкарыстання. Вельмі зручна –
купіў і не турбуйся, што трэба аплаціць паездку. Да таго ж, яшчэ і атрымліваецца фінансавы плюс. Асабліва яго адчуваюць тыя, хто карыстаецца грамадскім транспартам некалькі разоў на дзень. Таму і захваляваліся нашы землякі, калі напрыканцы лютага іх апавясцілі, што з сакавіка праязны ранейшага ўзору ў Ляхавічах не дзейнічае.

Ляхавічанка Святлана, якая раніцай, у абед і вечарам карыстаецца аўтобусам, адзначае, што білет штораз набываць нязручна. Неабходна загадзя адлічваць пэўную суму, ёсць свае цяжкасці з манетамі пры аплаце. Раніцай аўтобус поўны, не хочацца, каб затрымліваўся рух.
Яе дапаўняе Наталля:
– Гадоў дваццаць, пэўна, на работу дабіраюся на аўтобусе. У магазінах разлічваюся заўсёды банкаўскай карткай. Таму навіна пра адмену ў райцэнтры праязнога мяне таксама закранула. Кожную раніцу шукаць 60 капеек на білет зусім не бачылася зручным.
Згодна пункта 82 правілаў аўтама-більных перавозак пасажыраў, «заказчык гарадскіх і прыгарадных аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных рэйсах ці аператар такіх аўтамабільных перавозак пасажыраў абавязаны зарэгістраваць узоры білетаў, бланкаў білетаў, электронных білетаў на пластыкавай аснове ці іншым матэрыяльным носьбіце ў Дзяржаўным рэестры бланкаў каштоўных папер і дакументаў з вызначанай ступенню абароны…».
Начальнік аб’яднанага аўтавакзала «АВ Баранавічы, АС Ляхавічы» Генадзій Шут адзначае, што згодна патрабаванняў, у новым праязным дакуменце для праезду ў гарадскім аўтобусе быў пазначаны пункт яго дзеяння – Ляхавічы, адпаведна, і попыт на такую форму аплаты паездкі знізіўся. Праманіторылі пытанне і вырашылі адмяніць у райцэнтры праязныя з-за незапатрабаванасці. Але, улічваючы просьбы, якія паступалі ад ляхавіцкіх пасажыраў, аўтобусны парк зноў аднавіў продаж праязных дакументаў шматразовага выкарыстання. З 20 сакавіка праязныя для
аўтобусных паездак па Ляхавічах рэалізуюцца ва ўсіх касах аўтастанцыі. Пакуль на красавік прададзена два праязныя на месяц і адзін на дэкаду. Начальнік аб’яднанага аўтавакзала падкрэслівае, што інтарэсы пасажыраў для іх – найпершыя, але не здымаецца з парадку дня і эканамічны складнік.
Дарэчы, кошт месячнага праязнога дакумента ў гарадскім аўтобусе райцэнтра складае 22 рублі 95 капеек, на дэкаду – 8 рублёў 5 капеек. Калі ласка, за білетам!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.