Завод на заводзе. Вытворчыя актывы Ляхавіцкага льнозавода павялічыліся

Начальнік участка Антон Маслоўскі, прасаўшчык-адціскальшчык
Леанід Прыхач.

Пра лён складзены прыказкі, прыдуманы трапныя выслоўі. Гэта сельскагаспадарчая расліна заслужыла нямала характэрных эпітэтаў, адрасных сцвярджэнняў. Нярэдка, напрыклад, яе называюць безадходнай культурай. Заслужана ў тым сэнсе, што ў справу ідзе ўсё – ад вяршкоў да карэньчыкаў. Калі размова пра даўгунец, то ў якасці эканамічнай асновы выступае льновалакно. Кастрыца – сухі астатак, ён «выпадае» ў працэсе перапрацоўкі трасты ў валакно і з’яўляецца прадуктам пабочным, але шырокага выкарыстання. Ільнонасенне ўжо само па сабе займае на рынку цвёрдую таварную пазіцыю. А любая дапрацоўка, тым больш глыбокая перапрацоўка элемента, абяцае вытворцу дадатковыя барышы.

Гэта і ёсць канцэнтраваная гісторыя пра Ляхавіцкі завод, які сее і ўбірае, дапрацоўвае і перапрацоўвае лён ва ўсіх яго кампанентах. Аснову складае вытворчасць валакна ў дзвюх яго якасных разнавіднасцях. Так званае доўгае ўяўляе сабой экстрапрадукцыю, з’яўляецца экспартным. З увядзеннем у строй новага перапрацоўчага цэха працэнт яго выхаду з адзінкі масы зыходнай сыравіны дастаткова павялічыўся, палепшыліся спажывецкія характарыстыкі. А вызваленая ў выніку тэхналагічнага працэсу кастрыца служыць ільнозаводу адразу па некалькіх накірунках. Яна і паліва для ўласнай кацельні, і сыравіна для фармавання паліўных бры-кетаў, паковак, што знаходзяць выкарыстанне ў якасці падсцілачнага матэрыялу на жывёлагадоўчых фермах. Абедзве гэтыя завадскія асартыментныя пазіцыі знаёмы ў тым ліку і замежным спажыўцам.
Прыкладна 10 дзён назад у структуру прадпрыемства ці не ў натуральным сэнсе выраза «ўліўся» новы вытворчы актыў. Адно са збудаванняў, якое некаторы час да таго выкарыстоўвалася не ў поўным аб’ёме, было адрамантавана і адаптавана пад разгортванне, дакументальнай мовай кажучы, участка па вытворчасці алею з ільнонасення. Алейны заводзік утульна размясціўся ў двух асобных памяшканнях. У адным з іх знаходзяцца бункерная сыравіны і склад макухі. У якасці сыравіны выступае насенне льну, а макуха – цвёрды астатак апошняга, тое ж насенне, але ў фазе «пасля выціскання». Адходы па сутнасці, але не па факце. У адпаведнасці з напрацоўкамі і практыкамі іншых, макуха нядрэнна «гандлюецца» ў якасці корму для сельскагаспадарчай жывёлы.
Першым і ў поўным аб’ёме навуку здабываць алей асвоіў Антон Маслоўскі. Ён жа стаў на чале вытворчасці, якая за зусім мізэрны і ў рэжыме абкаткі перыяд работы «выдала» першыя цэнтнеры льнянога алею.
– Тэхніка-тэхналагічнае рашэнне нельга назваць простым. Электрапрывад, бункер для насення і ёмістасць пад алей, рознага кшталту транспартныя шляхі, каскад ачышчальнага абсталявання. А адна толькі сістэма ачысткі насення складаецца з чатырох ступеняў. Уключае ў сябе два вібрасіты, прыстасаванне для «звязвання» ўзважаных рэчываў (пыл) і ўлоўнік магнітных уключэнняў. Перш, чым паступіць у ёмістасць для захоўвання, алей таксама падлягае фільтрацыі. У схеме прадугледжаны дзве аўтаномныя пары прэсаў. Стаіць прыстасаванне для падагрэву насення, шэраг дадатковага абсталявання. Усё аўтаматызавана, кіраваць працэсам і маніто-рыць рэжымы работы аператар можа праз экран манітора, – пра свой завод на заводзе Антон Васільевіч гатовы расказваць доўга і ў падрабязнасцях.


Працуючы ў рэжыме чатырох прэсаў, за 60 мінут вытворчасці ў стане перапрацаваць ад 40 да 60 кілаграмаў насення. Выхад гатовага прадукту пры гэтым вагаецца ў межах 25-30 працэнтаў у залежнасці ад адметнасцяў самой сыравіны. Пакуль праца ажыццяўляецца ў адну змену. Гэта «льготны» варыянт, які дазваляецца толькі на стартавым адрэзку. У перспектыве плануецца перазагрузка – перавод у рэжым кругласутачнай работы.
На пытанне, ці дастаткова акцыянернаму таварыству
ўласных рэсурсаў пад збор неабходнай для перапрацоўкі масы насення, Антон Маслоўскі адзначыў наступнае:
– Ураджай – наша ўсё. Па падліках, для забеспячэння бесперабойнай на працягу года работы неабходна «засыпаць» у запас 300 тон насення. Мінулы сезон быў ураджайным. Зараз самы разгар пасяўных клопатаў. Нашы аграрыі шчыруюць на карысць будучага ўраджаю.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.