Лясны тыдзень. Як на Ляхавіччыне праходзіць Тыдзень лесу-2020

У краіне праходзіць добраахвотная рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу-2020», прысвечаная Году малой радзімы  і 75-годдзю Вялікай Перамогі.

Вялікае пачынаецца з малога. З насення парастак набіраецца сілы, каб стаць саджанцам, а пасля зашумець моцным дубам ці прыгажуняй-елкай. Разам яны гай або лес. І выраз «пасадзі дрэва» ў кантэксце набывае асаблівы змест. Гэта не толькі спосаб палепшыць экалогію – прыклад стварэння багацця для наступных пакаленняў.
28 сакавіка на Ляхавіччыне акцыя стартавала калектыўнай пасадкай елкі еўрапейскай – работа кіпела ў лесе каля Альхоўцаў. Месца адметнае і сімвалічнае – вайна пакінула там мноства слядоў, сярод якіх і бетонныя ўмацаванні. Разам з лесаводамі і супрацоўнікамі райінспекцыі прыродных рэсурсаў там шчыравалі гімназісты і члены клуба беларускай асацыяцыі ЮНЕСКА «Заранка».
– Землякі актыўна падтрымліваюць акцыю, – расказвае намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка і адзначае:
– Ранняя вясна ўнесла карэктывы ў тэрміны пасадкі, і лесаводы, каб не прапусціць спрыяльны час, прыступілі да лесааднаўлення напачатку сакавіка. Навучэнцы Тальмінавіцкай, Малагарадзішчанскай, Ліпскай, Крывошынскай школ
штогод дапамагаюць лясніцтвам. Сапраўднае экалагічнае выхаванне.
Заявілі пра свой удзел у «Тыдні лесу-2020» работнікі торфабрыкетнага завода, Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння, каляджане, школьнікі Начаўскай СШ і многія іншыя.
Вяскоўцы са Свяціцы, Гуты, Куршынавічаў таксама не мінаюць важную справу. Больш за тры сотні добраахвотнікаў унеслі (і колькі яшчэ ўнясуць) асабісты ўклад у фарміраванне прыроднага багацця, захаванне і памнажэнне лясоў.
На плошчы больш за 20 гектараў пацягнуцца ўвышыню саджанцы бяроз, дуба, сасны, елкі. А праз дзесяцігоддзі яны зашумяць стройным хорам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.