«Шлях», што новым завецца. Сяўба ранніх яравых зерневых падыходзіць да завяршэння

Як і ўсе аграрыі, працаўнікі ААТ «Шлях новы» засяроджаны на прадаўжэнні веснавой палявой кампаніі, адной з найбольш уплывовых і важных фігур якой з’яўляецца механізатар. Механізатар-сейбіт – у асаблівасці. Уменне, старанне, вопыт гэтых людзей ляжаць у аснове будучага ўраджаю. Усімі гэтымі і не толькі якасцямі валодае сейбіт «Шляху новага» Аляксандр Камінскі (на здымку).

Прымаразкам адбой? Не факт, нягледзячы на моцнае жаданне даць станоўчы адказ на пастаўленае пытанне. Стартавыя пару дзён бягучага тыдня – учора-пазаўчора – абнадзейвалі, бадзёрылі вясеннім подыхам, радавалі залатымі фарбамі. І ўсё яшчэ працягвалі засмучаць працаўнікоў сельскагаспадарчай нівы адсутнасцю ападкаў. Яны былі б вельмі дарэчы, справакавалі б куды больш інтэнсіўную вегетацыю азімых сельгаспасеваў, запусцілі б у рост яравыя. У плане сяўбы ранніх веснавых у Ляхавіцкім раёне зроблена ўжо многае. У шэрагу выпадкаў правільна будзе сказаць усё.
Адзін з трох у раёне вытворцаў цукровых буракоў паспеў папрацаваць ужо і на салодкім полі. Гэта ААТ «Жарабковічы», дзе прайшлі прыкладна дзясятую частку свайго планавага цукровага шляху. Ён у гаспадарцы некалькі адрозніваецца ад леташняга – у бок змяншэння. Але гэта не сённяшняя тэма. Удакладнім, у бягучым сезоне імі будуць займацца яшчэ фермеры і ААТ «Шлях новы».
На адным з палеткаў названага апошнім акцыянернага таварыства мы адзначыліся ў крайні панядзелак. Пасяўныя работы выконваліся ў «роў-ным» рэжыме. З аднаго боку асфальтаванай дарогі – агрэгат з «Начы», з другога – «Шляху новага». Сваім «ДжонДзірам» механізатар-сейбіт Аляксандр Камінскі кіруе па-майстэрску. Там, дзе рухацца па прамой не выпадае, вымушаны маляваць сінусоіду. Наяўнасць слупоў лініі электраперадачы таму прычына. Хлебароб пагаджаецца, што яны дадатковы анцібонус у рабоце сейбіта. І пасля разважанняў на ўжо традыцыйную сёлета тэму недахопу вільгаці ў глебе не шкадуе хвалебных эпітэтаў у адрас пасяўнога комплексу, на якім працуе. «Аднакласнікі» агрэгата працуюць і ў асобных іншых гаспадарках нашага раёна, тым не менш працягваюць выклікаць глядацкую цікавасць. Як, напрыклад, у таго выпадковага веласіпедыста: рухаючыся ў бок аграгарадка Падлессе, мужчына не па-ленаваўся спыніць свой экатранспарт, каб пару дзясяткаў хвілін паназіраць за работай пасяўнога комплексу. Агрэгат, лічы, новы: цяперашні сезон стаў для яго другім – пасля мінулагодняй азімай вахты. Па словах Аляксандра Камінскага, кіраванне знаходзіцца пад пільным «наглядам» камп’ютара, ажыццяўляецца з пульта-манітора, па карцінцы на ім жа можна чытаць увесь тэхналагічны працэс высеву насення.
– Высокапрадукцыйная машына. За змену, якія ў нас на гэтым этапе, вядома, падоўжаныя, можна апрацаваць 25 і больш гектараў палёў. Адзінае – патрабуе да сябе пільнай увагі, штодзённай прафілактыкі і змазкі вузлоў, – з настроем у голасе рэзюмуе механізатар.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.