Сваё дрэва. Алея з 75 дрэў «вырасла» ў Жарабковічах Ляхавіцкага раёна

Больш фота тут

Алея з 75 дрэў «вырасла» ў Жарабковічах на вуліцы Мінскай. Аграгараджане, супрацоўнікі мясцовай гаспадаркі, сельвыканкама, калектывы школы і дзіцячага сада, СДК і вакальная група «Таямніца» прысвяцілі зялёныя насаджэнні 75-годдзю Вялікай Перамогі.
– Вайна не абмінула ні адну сям’ю – у кожнай пакінула след. І дзеці, і дарослыя павінны памятаць пра цану Перамогі і не забываць тых, хто яе здабыў, – адзначае старшыня сельвыканкама Ніна Булатая.
– Таму і з’явілася ідэя пасадзіць менавіта 75 дрэў як сімвал мірнага жыцця, юбілей якога сёлета адзначаем. Вельмі прыемна, што землякі адгукнуліся на стваральную ініцыятыву. Працавалі дружна і дзеці, і дарослыя.
Садзілі сумах ці як яго больш ведаюць – воцатнае дрэва – выглядае эфектна, кампактнае па памерах. Мясцовыя жыхары задаволены такім «суботнікам» і ўкладам у добраўпарадкаванне сваёй малой радзімы – гэта тэрыторыя даўно «прасіла» ўвагі.
Жыхарка Жарабковічаў Святлана Штундзер на пасадку алеі прыйшла з унукам Мацвеем, які ў бабулі бавіць час на канікулах, і ўсюды яны разам. Школьнік падкрэслівае, што яго дрэва першае ад сельвыканкама. Сам капаў лунку, падтрымліваў саджанец разам з іншымі. У сям’і тэма Вялікай Айчыннай вайны на асабістым рахунку – ваяваў дзед Святланы Міхайлаўны. Бабуля ўнуку шмат расказвае пра роднага чалавека, а таксама пра тое, што памяць трэба берагчы. А назаўтра Мацвей па дарозе ў магазін пацікавіўся «настроем» свайго дрэва. Пакаленне юных выхоўваюць у Жарабковічах асабістым станоўчым прыкладам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.