Як главы ў рамане. Ляхавіцкаму загсу сёлета спаўняецца 80 гадоў

Па гісторыі існавання гэтай установы можна прасачыць лёс некалькіх пакаленняў адной сям’і. Вось нявеста ў моднай у сярэдзіне мінулага стагоддзя бялюткай крэмпленавай сукенцы-міні, вось яе дачка праз два з паловай дзесяцігоддзі таксама ў бялюткай сукенцы ў карункавым аздабленні. Трэцяе пакаленне нявестаў – наша сучасніца ў элегантным вясельным уборы.

Нараджэнне дзіцяці, узяцце шлюбу, атрыманне разнастайных даведак, звязаных са шматлікімі падзеямі ў жыцці, – менавіта гэтыя і іншыя сюжэты, як шчаслівыя, так і сумныя, становяцца прычынамі, якія прыводзяць чалавека ў загс. Тры гады назад органы запісу грамадзянскага стану адзначылі свой векавы юбілей. А 8 красавіка 1940 года з прыняццем пастановы ЦК КПб «Аб арганізацыі органаў ЗАГС у Заходніх абласцях БССР» пачалася багатая на падзеі гісторыя Ляхавіцкага загса, якому сёлета спаўняецца 80 гадоў.
Крыху больш за год праіснаваў загс, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Першыя пасляваенныя запісы актаў грамадзянскага стану датаваны 21 жніўня 1944 года.
За восем дзесяцігоддзяў загсаўскі архіў сабраў багатае сховішча дакументаў аб нараджэнні, заключэнні шлюбу, устанаўленні бацькоўства, усынаўленні, змене прозвішча, імя, імя па бацьку і г. д., якія зроблены непасрэдна аддзелам загса, а таксама сельвыканкамамі. Можна сказаць, што органы загса вядуць нас па жыцці, уважліва запісваючы, як главу ў рамане, кожны яго этап.
– Па стане на 1 лютага гэтага года, у нас захоўваюцца 137233 запісы актаў грама-дзянскага стану, аб’яднаныя ў 494 кнігі. Тэрмін іх захоўвання ў нас – 75 гадоў. Потым яны перадаюцца ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, – расказвае начальнік аддзела загса Ляхавіцкага райвыканкама Вольга Новік.
Метрычныя кнігі Макееўшчынскай капліцы Дараўскага касцёла Навагрудскага ўезда Мінскай губерніі ўтрымліваюць звесткі пра тых, хто нарадзіўся, браў шлюб, памёр у перыяд з 1923 па 1929 гады. Побач такія ж кнігі Крывошынскай Пакроўскай царквы з актамі за 1920 год і з 1942 па 1946 гады; Востраўскай Троіцкай царквы за 1944 год, ведамасць Падлескай Свята-Духаўскай царквы за 1913 год,
шлюбныя обыскі Падлескай Свята-Духаўскай царквы за 1897-1926 гады і шмат іншых, не менш цікавых дакументаў. Яны перададзены ў 2017 годзе на пастаяннае захоўванне ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.
Напэўна, многіх чытачоў зацікавіць значэнне словазлучэння «шлюбны обыск». Вольга Новік патлумачыла:
– Гэты пісьмовы акт утрымлівае пэўныя звесткі пра людзей, якія збіраюцца вянчацца ў царкве, і ўстанаўлівае адсутнасць перашкод да ўзяцця шлюбу. Акт уключаў восем абавязковых пазіцый, якія святар павінен быў даследаваць. А менавіта званне тых, хто браў шлюб, іх месца жыхарства, узрост, адсутнасць сваяцкіх адносін, сямейнае становішча, узаемная згода жаніха і нявесты, згода на вянчанне з боку бацькоў ці апекуноў, неабходныя пісьмовыя дакументы. Сам акт падпісваўся жаніхом і нявестай, двума ці трыма паручыцелямі і царкоўным служыцелем. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гэты акт выйшаў з ужывання ў сувязі з адабраннем у царквы юрыдычнага права заключаць і скасоўваць шлюбы.
Прадаўжаем вывучаць гісторыю загса. У пасляваенныя гады ён размяшчаўся ў будынку, дзе сёння знаходзіцца магазін «Камфорт», з 1955 года – у былым будынку РАУС па вуліцы 17 Верасня, пачынаючы з 1968 года і па сёння – па звыклым для многіх пакаленняў ляхавічан адрасе: плошча Перамогі, 3.
Кожны, хто хоць раз карыстаўся яго паслугамі, бясспрэчна, узгадае тутэйшых супрацоўнікаў – адказных, сумленных, выдатных прафесіяналаў, уважлівых суразмоўцаў, якія ўмеюць суперажываць. Афіцыйна прафесіі «работнік органаў загса» не існуе. Аднак той, хто працуе ў такой сферы, абавязкова павінен мець вышэйшую юрыдычную адукацыю.
– Наша работа штодзённая і руплівая. Яна патрабуе індывідуальнага падыходу да кожнага наведвальніка, таму прыходзіцца быць не толькі юрыстам, але і псіхолагам. Мы рэгіструем нараджэнне новага грамадзяніна, шлюбы, робім апошні запіс у жыцці чалавека, – раскрывае спецыфіку работы Вольга Новік.
Увогуле кола функцый загса надзвычай шырокае.
Акрамя традыцыйных, рэгіструючых функцый, тутэйшыя супрацоўнікі аднаўляюць страчаныя запісы актаў усіх відаў, уносяць у іх змяненні, а пры неабходнасці і анулююць. А яшчэ вынікова працуюць з дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмай «Рэгістр насельніцтва» і выконваюць іншую важную для грамадзян работу.
Напэўна, у кожным сямейным альбоме ёсць фотаздымкі ці з урачыстай рэгістрацыі шлюбу, ці калі выдавалася пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. У розныя гады загс узначальвалі Мікалай Праневіч, Аўгусціна Стрыжова, Ніна Папянюк, Разалія Хмарук (яе стаж работы ў загсе – тры дзесяцігоддзі), Валянціна Сапун, Людміла Палтарак. Трэці год узначальвае Вольга Новік, якая да гэтага доўгі час працавала на пасадзе галоўнага спецыяліста, таму работу супрацоўніка загса ведае ад «а» да «я». Аксакал гэтай прафесіі і Галіна Шырко, якая аддала загсу амаль чвэрць стагоддзя. Цяпер пасаду галоўнага спецыяліста аддзела загса райвыканкама займае Святлана Сталярчук.
Для зручнасцей наведвальнікаў ляхавіцкі загс працуе з адным выхадным днём – у нядзелю. За 2019 год аддзелам загса і сельвыканкамамі здзейснена 212 запісаў аб нараджэнні, 100 – заключэнні шлюбаў, 462 – смерці, 9 – скасаванні шлюбаў, 31 – устанаўленні бацькоўства, 6 – перамене імя. Усяго завершана 820 запісаў актаў грамадзянскага стану.
Шматгадовая дзейнасць загса – летапіс людскіх лёсаў, якія непарыўна звязаны з гісторыяй Ляхавіччыны.

Галіна КАНЬКО.