Датычыцца ўсіх. ЛВ» запрасіў да актуальнай размовы галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ»

Якія меры прафілактыкі каранавіруса найбольш эфектыўныя, як правільна паводзіць сябе падчас пандэміі – тое, што хвалюе ўсіх і кожнага. «ЛВ» запрасіў да актуальнай размовы галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгія Хлябовіча.

Бадай кожнага з землякоў хвалюе пытанне: наколькі ў нашым раёне медыкі гатовы супрацьстаяць COVID-19?
– Адкажу лаканічна і выразна: адназначна гатовы. У райбальніцы ёсць сваё інфекцыйнае аддзяленне, дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы для пацыентаў і медыкаў. Прадугледжваюцца ўсе меры недапушчэння распаўсюджвання інфекцыі. У наяўнасці дастатковы ложкавы фонд на выпадак надзвычайнай сітуацыі ў выглядзе значнага патоку хворых. Маем патрэбную колькасць апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх і іншае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца для падтрымання функцыі дыхальнай сістэмы чалавека.
Няма праблемы і з забяспечанасцю антысептычнымі і дэзынфіцыруючымі сродкамі, медыцынскімі маскамі, рэспіратарамі, халатамі, спецыяльнымі касцюмамі, лякарствамі.
Па-ранейшаму акцэнт на прафілактыку: праводзіцца некалькі разоў на дзень дэзынфекцыя памяшканняў, асаблівая ўвага – на поручні, дзвярныя ручкі, іншыя паверхні. У медустановах раёна захоўваецца масачны рэжым для персаналу. Неабходна насіць медыцынскую маску і наведвальнікам паліклінікі, урачэбнай амбулаторыі, ФАПа, а ў абавязковым парадку тым грамадзянам, якія маюць сімптомы ВРІ, каб не заразіць іншых. Часова спынены дыспансерызацыя насельніцтва, планавая вакцынацыя дарослых і дзяцей, разнастайныя скрынінгавыя мерапрыемствы, у прыватнасці – флюараграфія, некаторыя дыягнастычныя даследаванні.
Ёсць і выключэнні, напрыклад, калі грамадзяніну неабходна прайсці камісію для працаўладкавання.
Як і раней, паліклініка працуе ў будні з 8.00 да 20.00, у суботу з 8.00 да 15.00.

Нядаўна скарысталася магчымасцю выпісаць рэцэпт, як гаворыцца, на адлегласці (па тэлефоне). З чым звязана такая практыка?
– Адказ той жа: каб папярэдзіць распаўсюджванне віруснай інфекцыі. Калі пацыенту з хранічнай хваробай патрабуецца рэцэпт для набыцця лекавых сродкаў, раней прызначаных урачом, яму дастаткова патэлефанаваць у рэгістратуру паліклінікі, пакінуць свае кантакты ці звязацца непасрэдна з урачом. Абавязковая ўмова – пацыент павінен быць агледжаны медыкамі на працягу апошніх шасці месяцаў. Рэцэпт даставяць прама на дом. Канешне, гэта дадатковыя нязручнасці для медыкаў, але ж здароўе землякоў у прыярытэце.

Георгій Яўгеньевіч, якія асноўныя супраць-эпідэмічныя меры прыняты ў паліклініцы і бальніцы для абароны насельніцтва ад каранавіруса?
– Як і ў цэлым па краіне, у нашым раёне ўнесены карэктывы ў аказанні амбулаторнай і стацыянарнай меддапамогі. Для пацыентаў з павышанай тэмпературай цела ў паліклініцы арганізаваны асобны ўваход. Больш дакладна са схемай наведвання можна азнаёміцца непасрэдна на дзвярах цэнтральнага ўвахода ў паліклініку. Арганізавана ўсё такім чынам, каб у рэгістратуры маглі абслугоўваць толькі пацыентаў без сімптомаў ці прыкметаў вострых рэспіраторных інфекцый.
Дарэчы, і для пацыентаў з павышанай тэмпературай, якім неабходна кансультацыя ці дапамога ўрача вузкай спецыялізацыі, – таксама ўваход асобны. Аналагічныя меры прыняты ў бальніцы. Там жа значна абмежаваны наведванні хворых, якія лечацца ў стацыянары. Яшчэ адзін важны момант: не ўсе грамадзяне, якія нядаўна вярнуліся з-за мяжы, выконваюць прызначаны 14-дзённы рэжым самаізаляцыі, што недапушчальна. У выпадку, калі ў іх ёсць каранавірусная інфекцыя, яны могуць заразіць іншых.

Брэстчына – апошні рэгіён у Беларусі, дзе напачатку красавіка зарэгіст-раваны першы выпадак COVID-19. Як Вы ахарактарызуеце эпідэміялагічную сітуацыю ў Ляхавіцкім раёне?
– Эпідсітуацыя па каранавірусе на Ляхавіччыне спакойная. Па стане на 7 красавіка выпадкаў каранавіруснай інфекцыі не зарэгістравана. Выяўлены тры жыхары нашага раёна, так званыя кантакты першага ўзроўню. Яны былі накіраваны ў медустановы Брэста.
Шпіталізуюцца не толькі пацыенты са станоўчым вынікам на COVID-19, але і іх кантакты першага ўзроўню. А значыць, павялічваецца выяўляльнасць захворвання, назіраюцца і кантакты другога ўзроўню.

– Раскажыце, калі ласка, што рабіць чалавеку, які захварэў: паднялася тэмпература, баліць горла, нос не дыхае, падключыўся кашаль.
– Галоўнае – не панікаваць. Лепш за ўсё застацца дома і выклікаць урача (гэта тычыцца горада), у сельскай мясцовасці тэлефануйце ва ўрачэбныя амбулаторыі ці ФАПы. Нагадаю нумары тэлефонаў рэгістратуры ў паліклініцы: 6-39-03, 6-39-04. Па першым нумары ў ЦРБ дзейнічае своеасаблівы колцэнтр, дзе вопытны медработнік падкажа як правільна дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. Па выкліку прыедзе ўрач, які зробіць агляд хворага, прызначыць неабходнае лячэнне. Праводзіцца і міні-апытанне на прадмет высвятлення, ці быў чалавек апошнім часам за мяжой або кантактаваў з тымі, хто прыехаў сюды з іншых краін.
Калі ж тэмпература ў хворага вельмі высокая (набліжаецца да 39 градусаў), ёсць адышка, лепш выклікаць хуткую дапамогу.
Пры абвастрэнні хранічных хвароб пажадана звярнуцца ў паліклініку.

Георгій Яўгеньевіч, згадзіцеся, як бы медыкі не стараліся, якія б меры не прымала дзяржава для барацьбы з каранавірусам, многае залежыць ад саміх людзей, ад культуры, у тым ліку і санітарна-гігіенічнай, кожнага з нас.
– Сапраўды так. Канешне, людзі самі павінны клапаціцца пра сваю бяспеку. Ашчадна выконвайце гігіенічныя мерапрыемствы: мыйце рукі з мылам  не менш за 20 секунд, пры  адсутнасці такой магчымасці карыстайцеся антысептыкамі. Аднаразовыя сурвэткі адразу пасля выкарыстання выкідвайце ў сметнікавы кантэйнер. Не забывайце апрацоўваць дэзынфіцыруючымі сродкамі рабочы стол, клавія-туру, смартфоны, тэлефоны. Гэта ж датычыцца і дзвярных ручак, прычым як дома, так і на рабоце. Пра маскі я ўжо нагадваў. Важнае дапаўненне: збалансаванае харчаванне, узмоцненае вітамінамі, – абавязковы складнік барацьбы з рознымі хваробамі і інфекцыямі, каранавірус не выключэнне. Максімальна скараціце паходы ў магазіны, іншыя месцы, дзе шмат людзей. Хацеў бы звярнуць увагу на яшчэ адзін аспект. Паклапаціцеся пра сваіх пажылых сваякоў, родных, блізкіх, суседзяў: знайдзіце хвілінку, патэлефануйце, пацікаўцеся іх здароўем, па магчымасці забяспечце неабходнымі прадуктамі і лякарствамі, каб яны не выходзілі з дому. А вось, калі вы захварэлі, то спыніце блізкія кантакты, асабліва з грамадзянамі старэйшымі за 65-гадовы ўзрост (яны маюць рызыку найбольш пацярпець і ад каранавіруса, і яго ўскладненняў). А непасрэдна пажылым раю да мінімуму звесці наведванне месцаў масавага знаходжання людзей. Пры гэтым імкніцеся захоўваць спакой, паніка толькі пагоршыць сітуацыю. Тым больш, што сёлета ў Ляхавіцкім раёне менш, чым у папярэднія гады, назіраецца ўсплеск як сезонных рэспіраторных інфекцый, так і пнеўманіі. І хоць гэта не прычына для самазаспакаення, але ўсё ж станоўчая падстава. Як і тое, што многія той жа COVID-19 перанясуць у лёгкай форме.
Усім чытачам «ЛВ» жадаю аптымізму і, канешне ж, моцнага здароўя.

– Дзякуй за актуальную размову.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Усяго ў Брэсцкай вобласці, па стане на 8.00 6 красавіка, з прыкметамі ВРІ шпіталізавана ў стацыянары 195 чалавек, якія прыбылі з краін, дзе зарэгістраваны выпадкі каранавіруснай інфекцыі, а таксама, якія былі ў кантакце з захварэлымі. Пад медыцынскім назіраннем на даму знаходзяцца 4,4 тысячы чалавек. На тэрыторыі вобласці выяўлены два станоўчыя тэсты на COVID-19 (Столінскі раён, г. Брэст).
Пацыенты знаходзяцца на лячэнні ў інфекцыйным аддзяленні УАЗ «Брэсцкая абласная клінічная бальніца». Выяўлены адзін станоўчы тэст на COVID-19 у жыхаркі Лунінецкага раёна, якая знаходзіцца на стацыянарным лячэнні ў г. Мінску.

Супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы ў ачагах па ізаляцыі і абследаванні кантактных асоб працягваюцца. З 3 красавіка на базе лабараторыі Брэсцкага абласнога ЦГЭіГЗ праводзіцца ПЦР-дыягностыкі каранавіруснай інфекцыі.

Па інфармацыі з сайта Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.