Сваімі ўражаннямі ад прэс-канферэнцыі Кіраўніка дзяржавы падзяліліся ляхавічане

За амаль 5 гадзін, што працягвалася нядаўняя прэс-канферэнцыя Кіраўніка дзяржавы для беларускіх і замежных СМІ, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адказаў больш як на 60 пытанняў. Яны закраналі самыя розныя тэмы — ад глабальных накшталт перспектыў развіцця беларускай эканомікі і пазіцыі нашай краіны на палітычнай арэне да прыватных і нават асабістых. Поўную трансляцыю мерапрыемства маглі ўбачыць усе жадаючыя.

Сваімі ўражаннямі ад прэс-канферэнцыі падзяліліся нашы землякі.

Таццяна КАЦУБА, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама:
— Адно з вызначальных слоў сённяшняга дня — мадэрнізацыя. На прэс-канферэнцыі яно гучала неаднойчы. Прычым, не толькі ў дачыненні прадпрыемстваў-гігантаў.
Да пачатку года ўсе прамысловыя, сельскагаспадарчыя і будаўнічыя арганізацыі раёна (а іх у нас 26) распрацавалі планы мадэрнізацыі і ўзгаднілі іх з райвыканкамам. Адна з мэт гэтых планаў — павышэнне прадукцыйнасці працы. Для нас гэта надзвычай актуальна: у перапрацоўчай прамысловасці краіны паказчыкі прадукцыйнасці працы па дабаўленай вартасці ў 4 разы ніжэйшыя, чым у краінах Еўропы. Безумоўна, неабходна паляпшаць якасць прадукцыі, павышаць яе канкурэнтаздольнасць. Без новых тэхналогій, новага абсталявання гэта проста нерэальна. А між тым, канкурэнцыя ў рэальным сектары эканомікі жорсткая: каб прадаць свой тавар, нават якасны, сёння неабходна прапанаваць пакупніку яшчэ і прымальную цану. З гэтым штодзень сутыкаюцца і нашы сельгасвытворцы, прамыслоўцы, будаўнікі.
Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў, што мадэрнізацыя для эканомікі — пытанне жыццёва важнае: хочаш выжыць — павінен мадэрнізаваць вытворчасць. І чакаць, што на гэта дзяржава дасць грошы, як было некалі, сёння не варта: дзяржаўную падтрымку атрымаюць толькі асабліва эфектыўныя праекты. Так што разлічваць даводзіцца на сябе. Бюджэтныя грошы не павінны распыляцца.
Аляксандр МЯДЗВЕЦКІ, дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»:
— Сёння насельніцтва кампенсуе каля 17-18 працэнтаў кошту камунальных паслуг. Астатняе — бюджэтныя датацыі. І для бюджэту, канешне, вельмі цяжкая ноша. Як адзначыў Прэзідэнт, ад гэтага трэба адыходзіць. Але не аднаразова, а паступова, з улікам росту заработнай платы насельніцтва.
Адзін з крокаў — укараненне дыферэнцыраванай аплаты жыллёва-камунальных паслуг. Яе сутнасць у тым, што спажыванне паслугі ў межах зацверджанага нарматыву і звышнарматыўнае павінны аплачвацца па розных тарыфах. Сёння такім чынам разлічваюцца кошт паслуг водазабеспячэння, каналізацыі, тарыфы на тэхабслугоўванне і г.д. Калі даводзіцца плаціць за тое, што спажыта рэальна, і адносіны да паслуг адпаведныя. Людзі пачынаюць задумвацца, эканоміць. Напрыклад, калі раней за ваду плацілі аднолькавую суму на кожнага пражываючага, ніхто асабліва не сачыў за яе расходам — адкрылі кран, вада цячэ хоць цэлы дзень; капае з крана — ну і няхай сабе. Устанавіўшы вадамеры, мы атрымалі іншыя адносіны да вады: людзі нарэшце зразумелі, што яна не бясплатная. І такое стаўленне хацелася б бачыць да ўсяго. Калі ў вашым пад’ездзе памянялі лямпачку, уставілі новыя дзверы, адрамантавалі акно, то на гэта таксама пайшлі грошы, і ўсё трэба берагчы.
Святлана КІСЕЛЬ, настаўніца пачатковых класаў СШ №1:
— Адказнасць для п’яных вадзіцеляў павінна быць больш жорсткай — у гэтым я абсалютна згодна з Прэзідэнтам.
Што сёння чакае таго, хто сеў за руль нецвярозым? Штраф і пазбаўленне правоў тэрмінам на 3 гады… Асабіста я пераканана, што такіх трэба пазбаўляць права кіравання транспартнымі сродкамі пажыццёва. Нельга давяраць руль чалавеку, які не кантралюе свае дзеянні, не ўсведамляе ступень рызыкі для ўласнага жыцця і жыцця іншых людзей. Чаму нехта з-за такіх гора-вадзіцеляў павінны страчваць сваіх родных, блізкіх, сяброў?
Нямала выпадкаў, калі ахвярай п’янага вадзіцеля становяцца дзеці. І пры гэтым віноўнікі ДТЗ атрымліваюць мінімальнае пакаранне (2-5 гадоў калоніі — хіба гэта цана жыцця дзіцяці?) ці наогул застаюцца на волі.
Як вадзіцель, як маці, як настаўнік, якому бацькі давяраюць здароўе сваіх дзяцей, я пераканана: п’яным не месца на дарозе! І ўпэўнена, што мяне падтрымаюць вельмі многія.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *