Самаізаляцыя абавязковая

Падчас анлайн-трасляцыі, якая прайшла 8 красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры, Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Уладзімір Каранік, адказваючы на пытанні па сітуацыі з каранавіруснай інфекцыяй, адзначыў, што не ўсе грамадзяне адказна аднесліся да захавання ўведзенага раней абавязковага двухтыднёвага каранціну для тых, хто прыбыў у Беларусь з краін, дзе рэгіструюцца выпадкі COVID-19. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што і сярод жыхароў нашага раёна таксама ёсць тыя, хто ігнаруе рэкамендацыі медыкаў і не выконвае каранцінныя мерапрыемствы.

8 красавіка Савет Міністраў прыняў пастанову аб увядзенні на тэрыторыі краіны такога абмежавальнага мерапрыемства як самаізаляцыя.
Згодна пастановы, на самаізаляцыю павінны быць змешчаны грамадзяне нашай краіны, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія ў тым ліку адносяцца да кантактаў так званага першага ўзроўню, на працягу 14 каляндарных дзён з дня апошняга кантакту, а таксама другога ўзроўню пры наяўнасці аднаго або некалькіх рэспіраторных сімптомаў. Акрамя таго, на такі каранцін адправяцца і ўсе, хто прыбыў у Беларусь з краін, дзе рэгіструюцца выпадкі COVID-19. На гэты перыяд самаізаляваўшымся будзе выдавацца ліст непрацаздольнасці, калі за іх або імі самімі выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы. Тэрміны знаходжання грамадзян у самаізаляцыі могуць быць падоўжаны па рашэнні ўрачоў.
Кожнаму, адпраўленаму на самаізаляцыю ўручаецца патрабаванне аб захаванні правілаў. Яны абавязаны: не пакідаць месцы пражывання, не хадзіць на работу ці вучобу, у аб’екты гандлю і грамадскага харчавання, спартыўныя ўстановы і ўстановы культуры. Дазваляецца выйсці ў бліжэйшы прадуктовы магазін ці аптэку, вынесці смецце. Пры гэтым абавязкова трэба насіць медыцынскую маску, не кантактаваць з іншымі грамадзянамі. Пры пагаршэнні стану здароўя, калі тэмпература павышаецца да 37 градусаў і вышэй, з’яўляюцца кашаль, цяжкасці з дыханнем, звярнуцца ў хуткую дапамогу па тэлефоне 103.
Дарэчы, у пастанове ўказана, што парушэнне правілаў самаізаляцыі прадугледжвае адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Увогуле, беражыце сябе і сваіх блізкіх, захоўвайце меры перасцярогі, пры неабходнасці адпраўляйцеся на самаізаляцыю – гэтым вы дапаможаце сабе і сваім блізкім супрацьстаяць каранавіруснай інфекцыі.
Віталій ЦІХАНАЎ,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна.