Звяно без слабых месцаў

Механізатары Павел Грачыха, Дзмітрый Арлоўскі, вадзіцель Раман Ходар.

На першую пазіцыю свайго раскладу дня аграрыі «ўпісалі» сяўбу больш далікатных у плане цяпла сельгаскультур. «Пайшлі» цукровыя буракі, а сяўба льну і ўвогуле крочыла даволі ўжо далёка. Льнозавод са сваімі тысячамі планавых пасяўных гектараў пераадольвае экватар, а льнонасенстанцыя мяркуе на тыдні фінішаваць.

Пасяўную кампаніію філіял «Ляхавіцкая міжраённая льнонасенстанцыя» КУП «Брэстільнонасенне» пачынаў двумя звёнамі. У кожным па сеялцы, глебападрыхтоўчым агрэгаце АКШ, аўтамабілі-падвозчыку і агульны прыкатачны механізм. Пра апошні пад абазначэннем «ККЗ» хочацца даведацца больш падрабязна.
– Сеялка «ступае» ўжо на падрыхтаваную глебу пасля АКШ. Завяршае цыкл каток кольчата-зубчаты. Выкарыстаннем апошняга дасягаецца адразу некалькі мэт: адбываецца дадатковае выраўноўванне глебы, што гарантуе раўнамернасць узыходаў; больш шчыльным становіцца ложа для насення, – гаворыць галоўны інжынер прадпрыемства Васілій Юруць.
Пасяўныя плошчы прадпрыемства складаюць больш за 300 гектараў, размешчаных ва ўгоддзях ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы» і ДП «Нача». Усяго сем адмыслова падабраных палёў. Паўторны прыход культуры на сваё «старое» месца можа адбыцца не раней, чым праз пяцігодку.
Вытворчасць насення – першая задача льнонасенстанцыі. Якаснае, высокіх рэпрадукцыйных катэгорый, якое гандлюецца не толькі ў вобласці, але і ў іншых рэгіёнах краіны. Рэгулярнай практыкай стала сортаабнаўленне. Дзякуючы супрацоўніцтву з інстытутам ільну, сёлета на палетак прадпрыемства прыйшоў «Талер».
Механізатары Дзмітрый Арлоўскі, Павел Грачыха, Аляксей Станіславовіч, і вадзіцель Раман Ходар – звяно сейбітаў ільнонасенстанцыі. Звяно без слабых месцаў.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея Варановіча.