Група адасобленага дзеяння

Калектыў адасобленай групы Ляхавіцкага раёна.

8 красавіка супрацоўнікі ваенных камісарыятаў краіны адзначылі прафесійнае свята. Гісторыя яго пачалася яшчэ стагоддзе назад, калі дэкрэтам Савета Народных Камісараў былі заснаваны валасныя, павятовыя, губернскія і акруговыя камісарыяты па ваенных справах.

Сёння ў складзе беларускай арміі функцыянуюць 99 ваенных камісарыятаў, сярод іх і адасобленая група Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. Такую назву райваенкамат атрымаў некалькі гадоў назад пасля праведзенай рэарганізацыі. Змянілася, так сказаць, шыльда, а задачы нязменныя – выкананне мерапрыемстваў вайсковай мабілізацыі. У мірны час гэта ўлік прызыўнікоў, правядзенне іх медыцынскага, прафесіянальнага, псіхалагічнага адбору, прызыў на ваенную службу. У кампетэнцыю ўваходзяць і пытанні сацыяльнай абароны ваеннаслужачых, воінаў-інтэрнацыяналістаў і іншых катэгорый насельніцтва.
Калектыў адасобленнай групы – пяцёрка прафесіяналаў.
З лістапада падраздзяленне ўзначальвае Аляксей Сідаровіч. Ва Узброеных Сілах ён, як кажуць, свой – прайшоў тэрміновую службу ў роце ганаровага каравула, займаў шматлікія ваенныя пасады ў вайсковых часцях, сярод якіх і камандзір узвода, намеснік камандзіра роты, начальнік службы.
Арганізацыя тэрытарыяльнай абароны, навучанне і падрыхтоўка службовых асоб райвыканкама і ваеннаабавязаных запасу да дзеянняў у выпадку неабходнасці – частка з пераліку прафесійных абавязкаў намесніка ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Сяргея Салаўя.
Для многіх нашых землякоў-прызыўнікоў армія пачынаецца менавіта адсюль – з Чкалава, 8. З гэтай катэгорыяй насельніцтва працуе вядучы спецыяліст Марына Кузьміч. Яе стаж у падраздзяленні перасягнуў паўтара дзесяцігоддзя. У кампетэнцыі Марыны Міхайлаўны не толькі ўсе мерапрыемствы, якія датычаць прызыўной кампаніі. Для юнакоў яна ў нейкай ступені і псіхолаг, які растлумачыць і дасць адказы на хвалюючыя пытанні, і знаўца нарматыўна-прававых дакументаў. Дарэчы, на воінскім уліку ў адасобленай групе знаходзіцца 724 чалавекі ва ўзросце ад 16 да 27 гадоў.
Вядучы спецыяліст Аксана Зыранава вядзе ўлік прызыўнікоў, сяржантаў, салдатаў запасу і г. д. У раёне такіх налічваецца каля пяці тысяч.
Сяргей Шчэрба ў адасобленай групе месяца два, але ў ваеннай справе 24 гады. Вопыт і веды афіцэра запасу, падпалкоўніка прыйдуцца вельмі дарэчы ў падраздзяленні.
Дзякуючы зладжанай рабоце супрацоўнікаў ваенкамата, вырашаюцца якасна задачы па вядзенні  ваенна-мабілізацыйнай і вучэбна-прызыўной работы, бездакорна выконваюцца іншыя заданні.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Сёлета будзе арганізаваны дадатковы адбор грамадзян з ліку асоб жаночага полу для навучання ва ўстановах адукацыі па спецыяльнасцях у інтарэсах Узброеных Сіл і транспартных войскаў і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.