Пасяўны махавік запушчаны, хоць па-максімуму яшчэ далёка не разагнаўся

Задачы вызначаны, шляхі іх вырашэння вядомы, жаданне, як неабходны атрыбут паспяховасці любой справы, у сельскіх працаўнікоў прысутнічае. З улікам больш позняга сёлетняга пачатку веснавых палявых работ жаданне гэта “падмацоўваецца” нецярпеннем – хутчэй бы. Задача перад аграпрамысловым комплексам раёна стаіць няпростая: павінен быць засеяны яравы клін плошчай у 18 тысяч 678 гектараў сельгаскультур розных відаў. 8,2 тысячы зерневых – у тым ліку. На самым высокім узроўні якасці і ў тэхналагічна вызначаны перыяд.
Зрэшты, і першае, і другое знаходзяцца ў цесным паміж сабой перапляценні: якасць сяўбы, чытай, патэнцыял будучага ўраджаю, знаходзіцца ў прамой залежнасці ад аптымальнага для сяўбы тэрміну. Задача, тым не менш, абсалютна рэальная – у выпадку напружанай канцэнтрацыі ўвагі, сіл і сродкаў.
Самым багатым яравым клінам у раёне валодае СВК “Жарабковічы”. Флагман раслінаводчай галіны Ляхавіччыны вызначыўся з веснавой сяўбой на плошчах амаль у 3 з паловай тысячы гектараў. Няпроста, нават і з улікам шырокіх тэхнічных магчымасцяў гаспадаркі, тым больш, што па сваёй структуры тамашнія землі прыходзяць у пасяўную спеласць некалькі пазней сярэднераённых тэрмінаў. Без малога 2 з паловай тысячы гектараў ярыны знаходзіцца ў карыстанні ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс”. “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, “Тальмінавічы”, “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, як і асобныя іншыя, сярод буйнейшых нашых арганізацый-хлебаробаў.
На поўдзень, паўднёвы захад раёна пасяўная кампанія прыйшла з пачаткам бягучага тыдня. Сеюць ЗАТ “Белпрампрыбор”, СВК “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”… “Сей авёс у гразь – будзеш князь”, – нагадаў народную мудрасць востраўскі старшыня Уладзімір Мароз у адказ на пытанне, з чаго пачыналі? Важна не ўпусціць момант, падлавіць баланс: вільготна, аднак, не настолькі, што непралазна для тэхнікі. Хоць, як прызнаецца Уладзімір Іванавіч, трапляюцца на шляху сейбітаў і непераадольныя для пасяўных агрэгатаў участкі палёў: нізкія месцы, лагчыны. Нічога не зробіш – даводзіцца мінаць, каб пасля вярнуцца яшчэ раз і дасеяць.
100-гектарны астравок мае намер СВК “Востраў-Агра” аддаць сёлета пад авёс. Пры тым, што да зерневай спеласці мяркуецца давесці каля трэці названых аб’ёмаў. Куды, як, калі і што ні сей, на адным толькі раслінаводстве князем наўрад ці станеш. Каля 70 працэнтаў пасеянага аўса ў Востраве плануюць выкарыстаць у якасці зялёнай падкормкі буйной рагатай жывёлы. Таксама з мэтай узбагачэння кармавога стала, адзначыў кіраўнік гаспадаркі, непадалёку ад малочнатаварнай фермы гэтым часам закладваецца і шматкампанентная паша.
Усяго ж востраўскі яравы клін складзе каля 1050 гектараў. Палова з іх – сельгаскультуры зерневай групы.
Непасрэдна сяўбу ў гаспадарцы вядзе МТЗ-3022 у агрэгацыі з глебаапрацоўчым комплексам. Гектараў 15, а то і больш з’яўляецца абсалютна рэальнай для комплексу дзённай выпрацоўкай.
Паралельным курсам, з не меншай адказнасцю за якасць выканання вядуцца ў гаспадарцы і другія віды яравых работ. Угнойваюцца, напрыклад, і заворваюцца палеткі пад пасадку бульбы, выконваюцца розныя віды падкормак. Пасяўны махавік запушчаны, хоць на максімальныя рабочыя абароты яшчэ далёка не выйшаў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *