Чым здзівіць гарадская зона адпачынку сёлета?

Хутка металічная канструкцыя ператворыцца ва ўтульную альтанку каля аўтастаянкі. Начальнік участка Уладзімір Несцяровіч правярае якасць устаноўкі.

Да афіцыйнага адкрыцця чарговага купальнага сезона не так шмат часу. Чым здзівіць гарадская зона адпачынку сёлета? За каментарыямі раёнка звярнулася ў камунгас.

Андрэй ЧАЙКОЎСКІ, дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»:
– Зона адпачынку на рацэ Ведзьма ў Ляхавічах і тэрыторыя вакол яе стане яшчэ больш прасторнай, утульнай і прывабнай для адпачываючых. Бясспрэчна, змяненні будуць і яны ўнушальныя. Упэўнены, спадабаюцца і землякам, і гасцям Ляхавіччыны. З аб’ёмам работ, якія праводзяцца поўнасцю за кошт камунгаса, вызначыліся яшчэ летась. Напачатку гэтага года пачалі працэс падрыхтоўкі. А напрыканцы сакавіка прыступілі непасрэдна да добраўпарадкавання і будаўніцтва.
Запрашаю запасціся цярпеннем, тым больш, што чакаць нядоўга. У маі можна будзе ўбачыць канчатковы вынік зробленага. З’явяцца ўладкаваная пешаходная дарожка ад шлагбаўма да зоны адпачынку, абновіцца аўтастаянка. Пэўныя змяненні ўжо датычыліся асвятлення. Па ўсім перыметры зоны адпачынку на ліхтарах устаноўлены энергазберагальныя лямпачкі.

Уладзімір НЕСЦЯРОВІЧ, начальнік участка добраўпарадкавання камунгаса:
– Упэўнены, ляхавічане будуць задаволены тымі пераўтварэннямі, якія адбываюцца на пляжы і падыходзе-пад’ездзе да яго. Яшчэ зімой завезлі неабходны матэрыял, а цяпер займаемся непасрэдна запланаваным. Зараз наш падрадчык уладкоўвае тратуарную дарожку (яе шырыня паўтара метра) з дробнаштучнай пліткі і тратуарны борт працягласцю ад шлагбаўма непасрэдна да тэрыторыі пляжа.
Сіламі работнікаў участка добраўпарадкавання ўжо ўстанавілі восем металічных калон – гэта аснова для будучай альтанкі, якая раскватаруецца каля аўтастаянкі. Усё для камфорту тых, хто прыязджае на адпачынак на сваім транспарце. Памяняе месцазнаходжанне шлагбаум.
Пашырыцца тэрыторыя самой зоны адпачынку: частка пяску ўжо завезена. І тут хутка пачнецца новабудоўля, а менавіта каля выратавальнай службы з’явіцца домік памерам 8,30 на 3,30 метра, дзе размесціцца вучэбны клас, разлічаны на 25 вучняў, з якімі будуць займацца матросы-выратавальнікі. Асноўны прадмет: правілы бяспекі на вадзе і каля яе.
Акрамя таго, уладкуем пясчаныя дарожкі ўздоўж выратавальнага паста да раздзявальняў. На працягу ўсяго сезона будзем падтрымліваць чысціню і парадак не толькі на зоне адпачынку ў Ляхавічах, але і на іншых падпарадкаваных камунгасу тэрыторыях.

Напрыканцы мая камісія, у складзе якой прадстаўнікі раённай улады, прыродаахоўнай і санітарнай службаў, выратавальнікі будуць, папярэдне праверыўшы, падпісваць   дазвол на афіцыйнае адкрыццё  ў гэтым сезоне зон адпачынку. А там не за гарамі і пачатак купальнага сезона. Рыхтуемся да гарантаванага камунальнікамі адпачынку з камфортам на гарадскім пляжы на беразе нашай ціхаплыннай Ведзьмы.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.