Трэці год запар па блаславенні архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана ў прыходзе храма Святога Духа вёскі Падлессе праходзяць раённыя калядныя ўрачыстасці Ляхавіцкага благачыння

Святочны перазвон

Трэці год запар па блаславенні архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана ў прыходзе храма Святога Духа вёскі Падлессе з размахам, цікава і запамінальна праходзяць раённыя калядныя ўрачыстасці Ляхавіцкага благачыння.

Праграма святкавання была настолькі разнастайнай, што толькі і паспявай, каб усё паслухаць, убачыць, пакаштаваць і атрымаць асалоду ад атмасферы светлай любві да Бога і бліжняга, радасці, шчасця, веры і надзеі — усяго таго, што нясуць з сабой калядныя святы і Хрышчэнне Гасподняе. Святочны малебен адслужыў благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі Георгій Жытко. Ён пажадаў землякам здароўя, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх пачынаннях.

Песнямі, танцамі і прыпеўкамі радавалі прысутных не толькі мясцовыя жыхары, але і шматлікія госці з усёй Ляхавіччыны, а таксама з Мінска — сталічныя кадэты, удзельнікі філармоніі і харэаграфічных калектываў, ваеннаслужачыя, выратавальнікі, прадстаўнікі грамадскасці. На сцэнічнай пляцоўцы выступалі мастацкія калектывы і асобныя выканаўцы з Навасёлкаўскага, Падлескага і Жарабковіцкага СДК.Запамінальнымі былі выступленні наведвальнікаў нядзельных школ з Дарава, Падлесся, Навасёлак.

Сапраўды бясцэнны падарунак зрабілі ўсім званары ад Экзархата Беларускай праваслаўнай царквы, якія прыехалі на ляхавіцкія благачынні са сваімі званамі. З заміраннем у сэрцы слухалі людзі, як над акругай разносіўся ні з чым не параўнальны іх перазвон.

А якія ж калядныя святы без цудаў! Кожны ўдзельнік атрымаў падарунак: дзеці — пачастункі і іконкі, дарослыя — чарговы выпуск інфармацыйна-асветніцкага бюлетэню «Сустрэча».

З кожнай хвілінай свята набывала ўсё большы размах і радавала новымі і новымі сюрпрызамі. Смачнай была салдацкая каша. Гэтым прысмакам уласнага прыгатавання частавалі ўсіх жадаючых ваеннаслужачыя з суседняй вайсковай часці. На «ўра» пайшлі аладкі і дранікі.

Напрыканцы ўсіх чакаў святочны феерверк. Абыякавых і незадаволеных не было. На развітанне ўсе гаварылі: «Да сустрэчы ў наступным годзе на чарговым калядным фэсце!».

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *