Прафілактыкі многа не бывае. Некалькі дзён спатрэбілася камунгасу, каб наладзіць пашыў медыцынскіх масак

На вуліцах і ў грамадскім транспарце, у магазінах і аптэках, установах аховы здароўя з кожным днём становіцца ўсё больш людзей у масках. І гэта перш за ўсё сведчыць, што землякі сталі праяўляць большую свядомасць: страхуюць не толькі сябе, але і тых, хто побач ад магчымасці падхапіць каранавірусную інфекцыю. Па-ранейшаму прафілактыка – адзін з асноўных спосабаў супрацьстаяць каварнаму COVID-19.

ЧЫСТЫЯ РУКІ –ЗДОРАВА

Медыкі не стамляюцца паўтараць: каб не заразіцца, асаблівая ўвага – на дэзынфекцыю рук. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў падкрэслівае: кіраўнікі ўстаноў і арганізацый павінны забяспечыць работнікам магчымасць захавання гігіены рук – мыццё з выкарыстаннем мыла ці антысептыка, выдатны варыянт – устаноўка дазатараў з антысептычнымі сродкамі ў агульным доступе.
– Чыстыя рукі – гарантыя, што чалавек не будзе інфіцыраваць сябе, калі датыкаецца да твару, а таксама тых, хто побач. Рукі трэба мыць не менш за 20 секунд, – нагадвае Віталій Ціханаў.
«ЛВ» пацікавіўся, якія сродкі задзейнічаны на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях, каб даць адпор небяспечнай інфекцыі.
Куды часцей за ўсё наведваюцца землякі? Як і да пандэміі: у магазіны, аптэкі, аддзяленні паштовай сувязі і банкаў. У кожнай з гэтых устаноў у нашым раёне работнікі, якія працуюць непасрэдна з пакупнікамі, наведвальнікамі, абавязкова экіпіраваны медыцынскімі маскамі, пальчаткамі, паў-сюдна стаяць дазатары з анты-септыкамі.
Пра ўстановы аховы здароўя раёнка пісала неаднойчы. Там меры прафілактыкі на высокім узроўні: дэзынфекцыя праводзіцца па некалькі разоў у дзень. Гэта датычыцца бальніцы, паліклінікі, урачэбных амбулаторый,ФАПаў.

ШКОЛЬНЫ АЛГАРЫТМ

У школах, дзіцячых садках, пазашкольных установах таксама ўстаноўлены дазатары з антысептыкамі і мылам для мыцця рук. Пастаянна праводзяцца вільготнае прыбіранне і праветрыванне, апрацоўка дэзынфіцыруючымі сродкамі дзвярных ручак, мэблі, падаконнікаў, санітарных пакояў – усё па графіку і без выключэнняў.
– Кожны школьны дзень пачынаецца па адпрацаваным алгарытме. Абавязкова праводзім агляд рабят, што адпачываюць у прышкольным лагеры. Калі ў кагосьці ёсць прыкметы вострых рэспіраторных інфекцый, звязваемся з бацькамі і адпраўляем хворае дзіця дамоў. У неабходнай колькасці ёсць антысептыкі, дэзынфектары, мыла. Школьнікі апрацоўваюць рукі праз кожныя дзве гадзіны, нашы дзеці добра ведаюць, як правільна выконваць гэтыя гігіенічныя працэдуры, і для чаго такія меры перасцярогі патрэбныя. На інфармацыйных стэндах размяшчаюцца буклеты пра прафілактычныя мерапрыемствы супраць грыпу, ВРВІ, COVID-19, – расказвае медсястра СШ № 2 Людміла Бурчыц.

Жывёлавод МТК «Зубелевічы» Алена Радзькова пра сваю бяспеку клапоціцца.

ДЭЗЫНФЕКЦЫЯ ПА-НАЧАЎСКУ

Каля ўмывальніка ёмістасць з антысептыкам, развешаны рулоны з аднаразовымі папяровымі ручнікамі, на дошках аб’яў інфармацыя «Правільна мыйце рукі» і іншая прафілактычная такога кшталту. І гэта толькі частка супрацьэпідэмічных мер, што прымаюцца ў ДП «Нача», у тым ліку на МТК «Зубелевічы».
Намеснік дырэктара «Начы» Галіна Рамейка расказала, што на прадпрыемстве распрацаваны шэраг прафілактычных мерапрыемстваў. Да работы не дапускаюцца асобы з прыкметамі вострых рэспіраторных інфекцый. Набыты антысептыкі, папяровыя ручнікі, мыла. Вільготнае прыбіранне памяшканняў арганізавана з выкарыстаннем мыйных і дэзынфіцыруючых сродкаў, часта праціраюцца дзвярныя ручкі, сталы, іншыя прадметы мэблі, санітарна-тэхнічнае абсталяванне – усё да чаго датыкаюцца работнікі. У абавязковым раскладзе і частае праветрыванне.
– Усе пералічаныя меры мы ўвялі, як толькі была аб’яўлена пандэмія каранавіруса. Свое-часовая прафілактыка перашкаджае распаўсюджванню рэспіраторных інфекцый, у тым ліку і COVID-19. Акрамя таго, думаем і пра эканамічны бок. Дзякуючы прафілактычным мерам, можна скараціць колькасць рабочых дзён, страчаных па прычыне хваробы, – зазначае Галіна Рамейка.

АНТЫСЕПТЫК У ДАПАМОГУ
Сітуацыя з каранавірусам унесла карэктывы ў звыклы расклад большасці грамадзян, устаноў і арганізацый. Няхай і не так часта, мы прадаўжаем хадзіць у магазіны, аптэкі, наведваем цырульні. Аднак і там не забываем пра прафілактыку.
– Мы клапоцімся пра здароўе і сваіх работнікаў, і кліентаў. Таму вельмі ўважліва аднесліся да рэкамендацый медыкаў і санітарнай службы, увялі шэраг супрацьэпідэмічных правілаў і мер. Кожны цырульнік атрымаў медыцынскія маскі, якія мяняюцца праз дзве гадзіны выкарыстання. Пасля змены яны дэзынфіцыруюцца. Нашы майстры апрацоўваюць рукі антысептыкам перад і пасля кожнага кліента. Дазатары з антысептыкамі знаходзяцца таксама на стале касіра-прыёмшчыка, вісяць каля дзвярэй, каб наведвальнікі маглі паклапаціцца пра ўласную гігіену. Дзвярныя ручкі, сталы прыбіральшчыца дэзынфіцыруе шмат разоў на дзень, двойчы – робіць вільготнае прыбіранне памяшканняў, – згадвае прафілактычныя мерапрыемствы майстар участка бытавога абслугоўвання КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Зінаіда Кумейша.
Акрамя таго, у цырульні прадугледзелі і план дзеянняў на сітуацыю, калі наведвальнікаў будзе шмат.
– Каб прытрымлівацца рэкамендаванай адлегласці 1-1,5 метра, установім у фае такім чынам банкеткі. А пакуль стараемся абслугоўваць навед-вальнікаў па папярэднім запісе, аднак, не адмаўляем у паслугах тым, хто прыходзіць без яго, – удакладняе Зінаіда Кумейша.

Цырульнік Наталля Бурвель абслугоўвае па правілах.

МАСКІ   АД КАМУНГАСА

У швейным цэху камунгаса работа кіпіць. COVID-19 і тут унёс свае карэктывы. Гэта праяўляецца не толькі тым, што швачкі працуюць выключна ў медыцынскіх масках, але і асартыментам выпускаемай прадукцыі. Замест рабочых касцюмаў, пасцельнай бялізны цяпер тут шыюць надзвычай запатрабаваны тавар – медыцынскія маскі.
– Нашы тры швачкі і закройшчык перапрафіляваліся хутка. У сярэднім за дзень яны шыюць да 200 вырабаў. Першыя партыі выкарыстоўвалі выключна для работнікаў камунгаса, цяпер прымаем заяўкі і заключаем дагаворы з іншымі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна. Будзем займацца маскамі, пакуль на іх будзе попыт, – гаворыць майстар ЖКГ.
Прафілактыка – не толькі клопат пра сваю бяспеку, але і пра здароўе тых, хто побач. У такой справе без удзелу кожнага не абысціся.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.