Наш лес у гонар міру. Навучэнцы Ліпскай сярэдняй школы прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу-2020», прымеркаванай да 75-годдзя Вялікай Перамогі і Году малой радзімы

Школа робіць усё, каб выхаваць патрыётаў, адказных грамадзян. Для гэтага мы не толькі расказваем пра подзвігі герояў Вялікай Айчыннай вайны, імкнёмся і фарміраваць экалагічную культуру навучэнцаў, прыцягваць падрастаючае пакаленне да практычнай дзейнасці па ахове прыроднага багацця. Навучэнцы Ліпскай сярэдняй школы з 28 сакавіка па 4 красавіка прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу-2020», прымеркаванай да 75-годдзя Вялікай Перамогі і Году малой радзімы.

Галоўная мэта акцыі – прыцягнуць увагу да неабходнасці беражліва адносіцца да ляснога фонду. Мы звярнуліся ў бліжэйшае – Крывошынскае – лясніцтва і заявілі пра сваё жаданне паўдзельнічаць у акцыі. Нас забяспечылі неабходным інвентаром і пасадачным матэрыялам, былі вызначаны аб’екты, якія маюць патрэбу ў лесааднаўленні.

У рамках акцыі 28 навучэнцаў 8-11 класаў пасадзілі на тэрыторыі Крывошынскага лясніцтва каля дзесяці тысяч саджанцаў бярозы, дуба, елкі, сасны.

Лілія КАВАЛЬЧУК, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ліпскай СШ.