Супрацьнаркатычны комплекс

Прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне і папярэджанне злачынстваў па лініі незаконнага абароту наркатычных рэчываў і прэкурсораў, – сярод прыярытэтных накірункаў дзейнасці супрацоўнікаў РАУС. Паводле апошніх даных, на ўліку ў наркалагічным кабінеце райбальніцы знаходзяцца шэсць асоб, з іх тры з катэгорыі «таксікаманія». Яны – у пастаянным полі зроку праваахоўных органаў.
З улікам таго, што наркотыкі могуць распаўсюджвацца сярод моладзі, у цэнтры прафілактычнай работы знаходзяцца навучэнцы школ раёна і мясцовага агракаледжа. Выступаюць міліцыянеры і ў працоўных калектывах, тлумачаць негатыўныя наступствы ўжывання псіхатропных рэчываў і наркатычных сродкаў, нагадваюць пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за парушэнне закону.
Асобная ўвага надаецца растлумачальнай рабоце з гаспадарамі прысядзібных участкаў. З мэтай недапушчэння пасеваў, вырошчвання, збору і распаўсюджвання наркаўтрымліваючых культур на тэрыторыі раёна, ухілення прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць распаўсюджванню наркотыкаў расліннага паходжання, штогод праводзіцца комплекс мерапрыемстваў «Мак». Летась за незаконнае вырошчванне маку і канопляў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты чатыры чалавекі.

Дзмітрый КОТАЎ,
старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю
і супрацьдзеяння гандлю людзьмі РАУС.