Віншуем! Ганарымся! Верым!

Сціплы юнак з адкрытай усмешкай і добрымі вачыма адчуваў сябе няёмка ад вялікай увагі да сваёй асобы. Але несціханыя апладысменты, якія гучалі ў зале ў яго гонар, падбадзёрвалі, натхнялі, прыдавалі сіл і мноства станоўчых эмоцый. Менавіта такі ўрачыста-цёплы прыём арганізавалі землякі для сапраўднага героя нашага часу, бронзавага прызёра Х Паралімпійскіх гульняў у канадскім Ванкуверы Дзмітрыя Лобана. Ушаноўвалі спартсмена-паралімпійца ў мінулы чацвер у актавай зале САШ №1 райцэнтра.
Мужнасць, бязмежная сіла волі, вытрымка, імкненне да самаўдасканалення, магчыма, сталі вызначальнымі для юнака, калі пасля трагічнага здарэння ён стаў інвалідам. Дзмітрый не скарыўся лёсу, а настойліва шукаў сваё прызначэнне ў жыцці, каб не проста існаваць, а жыць паўнацэнным жыццём, быць карысным іншым. І ён знайшоў сябе – у спорце, а менавіта ў лыжных гонках. Напружана, да поўнага знясілення трэніраваўся, самаўдасканальваўся, загартоўваўся і фізічна, і маральна, уважліва прыслухоўваўся да парад свайго трэнера Юрыя Буранава, і, канешне, марыў пра перамогі. І яны прыйшлі: спачатку на этапах Кубка свету, а ў 2010 годзе – на галоўных стартах чатырохгоддзя.
Годна, дастойна і ўрачыста гучыць – прызёр Паралімпійскіх гульняў, член Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па лыжных гонках. Менавіта з такім званнем і бронзавым медалём вярнуўся на Ляхавіччыну з далёкага Ванкувера спартсмен-герой Дзмітрый Лобан.
Мужнага юнака з Ганчароў з перамогай шчыра і натхнёна віншаваў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук. “Сіла волі, мужнасць, пачуццё адказнасці, імкненне да перамогі, жаданне праславіць сваю Радзіму – якасці Дзмітрыя, якімі нельга не захапляцца. Дзіву даешся, як гэты сціплы юнак здзейсніў самы сапраўдны подзвіг – пакарыў спартыўны Алімп, — зазначыў Дзмітрый Міхайлавіч і дадаў: — Мы ганарымся табой, Дзмітрый!”. Старшыня райвыканкама ўручыў Дзмітрыю Лобану падарунак – пральную машыну-аўтамат.
Павіншавала з перамогай і ўручыла падарункі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Святлана Юрлевіч.
Шмат цёплых слоў у адрас свайго былога вучня сказала былы класны кіраўнік, настаўніца Мядзведзіцкай САШ Людміла Салагуб. Прымаў Дзмітрый і іншыя шматлікія віншаванні ад землякоў.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *