Поле для «моллі». У Ляхавіцкім раёне сеюць цукровыя буракі

Механізатар Іван Касмовіч.

У гэтым годзе раён некалькі змясціў акцэнты з вырошчваннем цукровых буракоў. Вытворцаў прадукту было і засталося тры. Толькі вось месца райаграсэрвіса заняла фермерская гаспадарка «Фартуна». Свае 550 заяўленых салодкіх гектараў прадпрыемства ўжо часткова засеяла і працягвае нарошчваць тэмп у даным накірунку. «Шлях новы», згодна статыстыкі райсельгасхарчу па стане на пачатак бягучага тыдня, да сяўбы пакуль не прыступаў. Мабілізуецца, каб пачаць і ў тэхналагічны тэрмін завяршыць работы на запланаваных трох сотнях гектараў.

«Жарабковічы» першыя ва ўсім. Нягледзячы на некаторае змяншэнне ў параўнанні з мінулым годам салодкага кліна, гаспадарка застаецца буйнейшым у раёне буракасейбітам. Тут першымі пачалі і да гэтага часу паспелі зрабіць прыкладна палову ад намечанага. А намечана пад сяўбу аж 850 гектараў.
Як і пару дзён да таго, у панядзелак сеялка асвойвала падлескія землі.
– У нядзелю адно поле завяршылі – 90 гектараў – і перайшлі сюды, – характэрным жэстам у дагонку працуючаму агрэгату інфармуе кіраўнік вытворчага ўчастка Міхаіл Багацкі.
У ход ідзе сорт «моллі» – познаспелы гібрыд. Поле для «моллі», па словах спецыяліста, падбіралі дакладна самым салодкім патрабаванням, рыхтавалі дбайна. У якасці культуры-папярэдніка выступіла пшаніца, глеба атрымала нарматыўныя порцыі арганікі і мінеральных удабрэнняў, быў выкарыстаны мэтавы мікраэлемент і іншае.
Сеялка працуе не сама па сабе, а ў тандэме з глебападрыхтоўшчыкам АКШ,  чый выхад першы. І так круг за кругам, гектар за гектарам.
– За дзень у Івана Касмовіча выходзіць 40, а то і больш гектараў. Умелы спецыяліст, энергічны і старанны, працуе спакойна. Сваю палявую вахту Іван пачынае каля васьмі гадзін. І прыкладна ў столькі ж вечара завяршае, – не шкадуе рэспекту ў адрас механізатара-сейбіта Міхаіл Багацкі.
Усё добра? Так, за выключэннем надвор’я, скаргі на якое гучаць з усіх палёў і палеткаў раёна: суха, ветрана, начная прахалода, якая яшчэ больш збядняе ўтрыманне вільгаці ў глебе.
«Матрос», «ангус», «мандарын» – усё гэта гібрыды караняплода, што будуць фарміраваць сёлетні салодкі ўраджай ААТ «Жарабковічы». У кожнага адмысловыя якасныя характарыстыкі, свае тэрміны паспявання і, адпаведна, уборкі. Усё, што зараз і не толькі робіцца, іменна дзеля яе – максімальна ўраджайнай.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.