У гэтых снах не было вайны

Час няўмольны… На жаль, доўгія косы, ясныя блакітныя вочы, шчырая ўсмешка, пяшчотныя рукі, якім была падуладна любая праца, сёння я магу бачыць толькі на невялікім чорна-белым фотаздымку. Пажоўклае фота – напамін пра маю бабулю Марыю Дзенісеня з вёскі Заліпенне. Яна пражыла вялікае, поўнае выпрабаванняў жыццё. І ёсць у ім асаблівая старонка, апаленая Вялікай Айчыннай вайной.

Вясна 1942 года. Пачатак яшчэ адных страшных выпрабаванняў, якія прыдумалі гітлераўцы: пачалася масавая адпраўка грамадзян з акупіраваных тэрыторый СССР на прымусовыя работы ў Германію. Па дакументах Нюрнбергскага працэсу з савецкай тэрыторыі за гады вайны было вывезена 4979 тысяч мірнага насельніцтва. Нясцерпным болем адгукаюцца гэтыя лічбы ў сэрцы кожнага з нашай сям’і. Далёкі сакавік 1942 года падзяліў жыццё роднага чалавека на «да» і «пасля». Тады 17-гадовая Марыйка стала вязнем. Разам з іншымі яе павезлі на Нямеччыну. Бабуля ўспамінала, што дарога была доўгай, таварныя вагоны, у якіх знаходзіліся юнакі і дзяўчаты, палохалі вільгаццю, страшнай антысанітарыяй. Многія не вытрымлівалі такіх выпрабаванняў і паміралі. Бабуля расказвала, што ўвесь страх перад нязведаным заўтра перажывала з блізкімі сяброўкамі – Валянцінай і Марыяй. І ўвесь час думала пра бацьку, маці, хворую сястру, якія засталіся ў роднай вёсачцы, хвалявалася і за брата Аляксея, які змагаўся з фашыстамі на перадавой.
У Германіі Марыя трапіла да сельскага баўэра недалёка ад горада Ростак. Працавала ў полі, па гаспадарцы. Потым яе перавезлі ў Штутгарт на авіязавод. Гэта былі самыя доўгія, жудасныя два з паловай гады ў яе жыцці: цяжкая, невыносная праца, штодзённыя знявагі і душэўныя пакуты. А ў снах, такіх кароткіх і нямоцных, яна ішла па роднай вёсцы з букетам валошак, падораных каханым хлопцам. А яшчэ ў гэтых снах не было вайны.
Як змагла ўсё вытрымаць? Адкуль браліся сілы жыць, працаваць? Бабуля са слязамі на вачах узгадвала: вельмі хацелася вярнуцца дамоў, абняць бацькоў. Надзея на выратаванне і вызваленне ніколі не пакідала яе, як і многія тысячы юнакоў і дзяўчат, якіх прымусова вывезлі з Радзімы, адарвалі ад сям’і.
У Марыі Дзенісеня няма медалёў і ордэнаў, аднак, кожны з нашай вялікай сям’і разумее, што самая галоўная ўзнагарода – доўгае жыццё бабулі, яно было годнае, вартае. Яна засталася ў нашай памяці прыкладам мужнасці, самаахвярнасці. Дзве сімвалічныя даты важныя для нас: 30 сакавіка – дзень нараджэння бабулі і 9 мая – Дзень Перамогі. І заўжды побач з намі, няхай ужо толькі на фотаздымку, – бабуля Маня.
Родная наша, мы, твае сямёра унукаў і васьмёра праўнукаў, стараемся быць вартымі тваёй памяці. Мы ўдзячны лёсу, што паспелі адчуць пяшчоту твайго чулага сэрца, прычасціцца тваёй жыццёвай мудрасцю.

Святлана САПЕГА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 21 імя М. Ф. Гастэлы (г. Мінск).