Дарожны «шматслойнік». Капітальны рамонт аўтадарогі Ляхавічы – Нача працягваецца

Рамонтнае ажыўленне на аўтадарозе Ляхавічы – Нача адбываецца яшчэ са студзеня: з гравійкі яе пераводзяць у статус асфальтаванай. Летась такі лёс напаткаў участак дарогі Грушаўка – Пашкоўцы – Перахрэсце. Капітальны рамонт гэтага напрамку працягваецца, і новае аблічча чакае шлях даўжынёй 4,5 кіламетра.

Дарожнікі спачатку ўладкоўвалі аснову дарогі: высякалі кустоўе, высыпалі дарожнае палатно, умацоўвалі абочыну, укладвалі пясчана-гравійную сумесь, якой спатрэбілася каля 15 тысяч тон. Сёння ідзе нарыхтоўка эмульсійна-мінеральнай сумесі – на бліжэйшы перыяд аб’ём яе выпуску – больш за тры тысячы тон. Звычайнаму абывацелю здаецца, што дастаткова ўкласці матэрыял, разраўняць і ўкатаць – і можна ехаць. На справе гэта не так. Абавязкова трэба вытрымаць усе неабходныя тэхналагічныя патрабаванні да дарожнага рамонту. Пасля таго, як праезная частка «апранецца» ў асфальт, на яе нанясуць зносаўстойлівы слой. У чэрвені работы падыдуць да фінішу. Фінансуюцца яны з абласнога бюджэту і абыдуцца ў суму, большую за 1300 тысяч рублёў, расказаў «ЛВ» начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.