На перадавой здароўя. Як ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіцкага раёна медыкі забяспечаны ўсім неабходным у перыяд распаўсюджвання каранавіруса

Як паказвае час, каранавірусная інфекцыя – гэта не толькі і не столькі медыцынская праблема, яна правярае ўсё грамадства на гатоўнасць супрацьстаяць надзвычайнай сітуацыі, якая мае назву COVID-19.
Ад кансалідацыі ўсіх, захавання мер прафілактыкі кожным, узаемадзеяння ўлады, медыкаў, грамадскіх арганізацый залежыць вельмі многае.
У апошнія тыдні з асаблівай надзеяй і павагай, са словамі падзякі жыхары розных краін свету (і беларусы не выключэнне) звяртаюцца да медыкаў, арганізуюць разнастайныя мерапрыемствы ў іх падтрымку, запускаюць у інтэрнэце анлайн-марафоны. Людзі ў белых халатах – урачы, медсёстры, фельчары, лабаранты, санітары, – рызыкуючы жыццём, змагаюцца на перадавой барацьбы з каранавірусам. І гэта не проста пафасныя словы, а рэчаіснасць. І ў ёй надзвычай важнае значэнне мае экіпіроўка.
Як ва ўстановах аховы здароўя нашага раёна медыкі забяспечаны ўсім неабходным у перыяд распаўсюджвання каранавіруса?
Сітуацыю каменціруе галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій ХЛЯБОВІЧ.

– Эпідэмічная сітуацыя з COVID-19 на Ляхавіччыне пад кантролем медыкаў. Па-ранейшаму самая сур’ёзная ўвага накіравана на прафілактыку. Працуем так, каб да мінімуму знізіць магчымасць распаўсюджвання каранавіруса. Па некалькі разоў у дзень праводзім дэзынфекцыю, прыбіранне ў паліклініцы, бальніцы. Гэта ж датычыцца ФАПаў і ўрачэбных амбулаторый. Нашы работнікі забяспечаны сродкамі абароны: маскамі, рэспіратарамі, бахіламі, спецыяльнымі касцюмамі, пальчаткамі. Маюцца апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх і іншыя прыборы для падтрымання функцый дыхальнай сістэмы.
Аднак, канешне, дапамога лішняй не будзе. Шчыра ўдзячны ўсім, хто ўжо не застаўся ў баку ад агульнай праблемы і падтрымлівае медыцыну.
Кожны жадаючы можа аказаць дапамогу, бо, як вядома, каранавірус – праблема, якая можа закрануць любога з нас. Адкрыты спецыяльны дабрачынны рахунак, куды можна пералічыць любую суму. За атрыманыя сродкі будзем набываць усё неабходнае для барацьбы з інфекцыяй.
Хачу акрэсліць яшчэ адзін важны момант клопату пра бяспеку нашых медыкаў. Літаральна за тыдзень адрамантавалі адзін з будынкаў, што  знаходзіцца на тэрыторыі бальніцы – перапрафіліравалі яго ў інтэрнат, дзе адначасова ў добрых умовах могуць пражываць 10 чалавек. Пакуль тут жывуць урачы, якія працуюць пазменна ў інфекцыйным аддзяленні.
Дарэчы, у нашай бальніцы інфекцыйнае аддзяленне – адно з некалькіх на Брэстчыне, якое пабудавана па тыпавым праекце. Яно падзелена на некалькі зон для раздзялення патокаў хворых,
што зручна і для пацыентаў, і для медперсаналу. Перш чым аказваць дапамогу пацыентам, медыкі праходзяць неабходныя санітарна-гігіенічныя працэдуры, пераапранаюцца. Па такім жа шляху вяртаюцца назад.
Набыты кіслародны канцэнтратар, які дазволіць здабываць кісларод з паветра, устаноўлены апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх – для аказання экстраннай медыцынскай дапамогі.
Па прагнозах, у тым ліку і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пік
захворвання на COVID-19 у нашай краіне прыпадзе на канец красавіка – пачатак мая, таму землякоў хвалюе, ці ў стане Ляхавіцкая ЦРБ аказаць дапамогу ўсім, каму яна спатрэбіцца. Вельмі актуальнае пытанне – якім чынам будзе аказвацца дапамога пацыентам з хранічнымі хваробамі.
Георгій Хлябовіч адказвае:
– Як і іншыя медустановы ў краіне, у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй мы часова спынілі дыспансерызацыю, імунізацыю, не праводзяцца фізіяпрацэдуры, не робім масаж. Частка медработнікаў цяпер у водпуску. Разам з тым, імкнёмся аказаць усю патрэбную меддапамогу пацыентам, якія маюць хранічныя хваробы, не звязаныя з каранавірусам. Пра гэта гаварыў і Прэзідэнт краіны. Як і раней, па выкліках выязджаюць брыгады хуткай дапамогі да пацыентаў з сардэчна-сасудзістымі праблемамі, хваробамі страўніка, траўмамі.
Падкрэслю: шпіталізацыю ніхто не адмяняў. Але цяпер у бальніцы знаходзяцца тыя, каму стацыянарнае лячэнне неабходна. Гэта пацыенты з абвастрэннем хранічных захворванняў, экстранныя хворыя. Бальніца разлічана на 184 ложка-месцы. Па стане на 17 красавіка на лячэнні знаходзілася 80 пацыентаў з хваробамі, не звязанымі з каранавірусам.
У штатным рэжыме працуе і паліклініка. Прыём вядуць урачы агульнай практыкі, педыятры, вузкія спецыялісты – неўролаг, афтальмолаг, оталарынголаг, дэрматавенеролаг, хірург і іншыя. Пацыенты з прыкметамі ВРВІ прымаюцца гэтымі спецыялістамі асобна ад іншых.
Яшчэ раз нагадаю пра магчымасць пры хранічнай хваробе атрымаць рэцэпт без непасрэднага наведвання ўрача. Зрабіць гэта можна па тэлефоне – рэцэпт даставяць на дом.
Асаблівую значнасць у час пандэміі каранавіруса дэманструе інавацыйны праект «Камп’ютарызацыя і інфарматызацыя аховы здароўя Ляхавіцкага раёна». Ён рэалізаваны дзякуючы перамозе ў конкурсе  мясцовых ініцыятыў, які праводзіўся ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» пры  фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза па Праграме развіцця ААН.
Праз створаную паміж  установамі аховы здароўя раёна лакальную камп’ютарную сетку мы можам каардынаваць, абменьвацца вынікамі абследаванняў пацыентаў, такім чынам лячыць на адлегласці.  А па электроннай картцы можна прасачыць, калі і за якой дапамогай пацыент звяртаўся, убачыць вынікі аналізаў, ранейшыя дыягназы. Гэта вельмі зручна для прызначэння далейшага лячэння. І зноў жа – выдача электроннага рэцэпта, які дзейнічае ва ўсіх дзяржаўных аптэках краіны.
Цяпер пра стаматалогію. Да канца эпідэміі не будзем аказваць пла
навую дапамогу, толькі па неадкладных паказаннях, напрыклад, востры боль. Спыняюцца ўсе паслугі па пратэзаванні зубоў. Урачы-стаматолагі, зубныя фельчары – у адной з груп рызыкі, бо маюць непасрэдны кантакт з дыханнем і ротавай поласцю пацыента. А значыць, могуць падхапіць каранавірус. Як і ў іншых аддзяленнях, тут таксама асаблівая ўвага на санітарыю, дэзапрацоўку і індывідуальную абарону пацыентаў і медыкаў.

Канешне, асноўная вірусная праблема цяпер ва ўсім свеце – COVID-19. Але ж ніхто не адмяняў іншыя ВРВІ ці той жа грып. Георгій Хлябовіч адзначае, што вострых рэспіраторных інфекцый, а таксама пнеўманіі сёлета рэгіструецца менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Нямала прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны працягнулі руку дапамогі.
Так, ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт» і фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс» пералічылі на дабрачынны рахунак Ляхавіцкай ЦРБ значную суму для набыцця важных сродкаў аховы – рэспіратараў. Дзякуючы некаторым прадпрымальнікам і гандлёвай сетцы «Пяты элемент» набыты пральныя машыны ў інфекцыйнае, хірургічнае ў аддзяленні бальніцы і аддзяленне хуткай дапамогі. ААТ «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі» і ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» за ўласныя сродкі набылі спецадзенне для медыцынскіх мэт.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.