Прыхільнасць да алкаголю становіцца каталізатарам супрацьпраўных паводзін

«Жизнь невозможно повернуть назад…» Гэтыя словы з  вядомай песні вельмі дакладна адлюстроўваюць непапраўнасць людскіх учынкаў.  З дзіцячага сада дзецям прывіваюць асновы добразычлівых адносін адзін да аднаго, правілы здаровага ладу жыцця і павагі да нормаў і законаў. Для кагосьці яны становяцца прынцыпамі, а для іншага — нічога не значаць. Так нараджаецца праблема, што хвалюе сёння грамадскасць ледзь не больш за іншыя — прыхільнасць да алкаголю, што становіцца каталізатарам супрацьпраўных паводзін.

Расправа

У раённым судзе разглядалася крымінальная справа па аб-вінавачванні 23-гадовага раней не судзімага жыхара вёскі Тухавічы ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, небяспечнага для жыцця).

Пачалося ўсё з таго, што брат вярнуўся дамоў у нецвярозым стане, заўважыў адсутнасць непаўналетняй сястры, стаў прад’яўляць маці прэтэнзіі: маўляў, яна многа дазваляе дачцэ. Жанчына ў адказ папракнула сына выпіўкай і тым, што дапамогі ад яго ніякай. Каб ”супакоіць” маці, якая ўвіхалася ля пліты і працягвала «выхаванне», сын укалоў яе нажом. Дзяўчына, якая прыйшла дамоў і ўбачыла паводзіны брата, палічыла лепшым закрыцца ў пакоі. Раз’юшаны брат не знаходзіў сабе месца. Заўважыў, што дзверы спальні нарэшце адчыніліся, заскочыў туды. У пакоі, акрамя сястры, знаходзілася суседка. Размахваючы нажом, якім наразаў хлеб, ён працягваў высвятляць прычыны позняга вяртання сястры. Тая адпіхнула яго. Адчаго ён упаў, яшчэ больш раззлаваўшыся. Ускочыўшы- ударыў яе нажом у жывот. Убачыў кроў — спужаўся і стаў прасіць прабачэння…

Сваю віну ён прызнаў і раскаяўся. Суд Ляхавіцкага раёна, улічваючы гэта, прыгаварыў яго да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прыгавор уступіў у законную сілу.

Сын на бацьку

Бацька з сынам — жыхары вёскі Туркі — працай сябе не абцяжарвалі. Перабіваліся выпадковымі заробкамі, злоўжывалі спіртным. Выпіўшы, сын станавіўся агрэсіўным, біў бацьку. Аднойчы вечарам 30-гадовы мужчына вярнуўся дадому       позна, на падпітку, і з бутэлькай гарэлкі. Пасля сумеснага распіцця спіртнога завязалася спрэчка,        якая перарасла ў бойку. Сын біў бацьку нагамі і рукамі, нібы   звар’яцеўшы. Збіты мужчына дапоўз да ложка, а сын сеў дапіваць гарэлку. Ад атрыманых траўмаў 52-гадовы вясковец памёр. Пасля яго сын скажа, што не памятае куды і як біў, быў нецвярозы. Суд прызнаў яго вінаватым у забойстве бацькі і пазбавіў волі тэрмінам на 7 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі строгага рэжыму.

«Папрасіў» прабачэння

Гэта сітуацыя спачатку мела, можна сказаць, гуманную мэту. У добрым падпітку 60-гадовы вясковец прыйшоў да 80-гадовай жыхаркі вёскі  Навасёлкі папрасіць прабачэння за сваю сужыцельку, якая напярэдадні выкрала ў той бутэльку гарэлкі. Аднак, старая жанчына ўжо рыхтавалася да сну і прымаць прабачэнні адмовілася. Але вясковец цвёрда вырашыў ”атрымаць” прабачэнне: разбіў шкло ў фортачцы, выставіў раму і… залез у дом. Бабуля хацела схавацца на кухні, але ён дагнаў яе і штурхнуў у плячо, ды так, што жанчына ўпала, моцна стукнуўшыся аб печ. Той, які збіраўся прасіць прабачэння, стаў збіваць ляжачую бабулю, пераварочваць мэблю, раскідваць  рэчы па хаце. Раніцай бабулю знайшоў сусед у двары дома.

Аматар прабачэнняў падрабязнасцей не памятае — быў п’яны. Судом прынята пад увагу, што пацярпелая даравала свайму мучыцелю, ён кампенсаваў маральную шкоду. І ўсё ж, за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання ён асуджаны да 5 гадоў папраўчай калоніі строгага рэжыму.

Пасля чаркі — за руль

36-гадовы жыхар вёскі Зарытава восеньскім вечарам вырашыў адпачыць з дваюрадным братам на беразе возера. Прыехалі, распілі бутэльку гарэлкі, пагаварылі за жыццё. Мужчына сеў за руль. Недалёка ад вёскі Зарытава пры абгоне кіроўца  выехаў на паласу сустрэчнага руху. Выконваючы манеўр, ён павінен быў бачыць хлопцаў, якія  ішлі па левым краі праезнай часткі. Але нецвярозы туман у вачах перашкодзіў правільна ацаніць дарожную сітуацыю. Ён абарваў жыццё 17-гадовага юнака… Прыгавор суда — 5 гадоў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. Акрамя таго, мужчына павінен выплаціць маральную кампенсацыю бацькам загінуўшага юнака.

Чатыры гісторыі. Розныя людзі, лёсы, геаграфія здарэнняў. Аб’ядноўвае адно — усе яны адбыліся пад уздзеяннем алкаголю. І кожнай з  гэтых гісторый магло  б не быць. А, значыць, тыя людзі, якія сталі ахвярамі, маглі б спакойна жыць, працаваць, вучыцца, марыць і кахаць… Маглі б.

Наталля БУДНІК,

старшыня суда

Ляхавіцкага раёна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта http://avtobizon.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *