Маска дапамозе не перашкаджае. Каранавірус унёс папраўкі і ў работу супрацоўнікаў ТЦСАН

Галіна Тарасава – галоўны памочнік па гаспадарцы для 85-гадовага
Франца Сіцько.

Сваю Мікалаеўну (так з павагай называе сацыяльнага работніка Галіну Тарасаву) 85-гадовы ляхавічанін Франц Сіцько заўжды чакае. У апошні час з яшчэ большым нецярпеннем, бо непакоіцца пра ўласнае здароўе і практычна не выходзіць з дома.

З клопатам пра пажылога

– Як толькі каранавірусная інфекцыя пачала распаўсюджвацца, адразу прынялі прафілактычныя меры. Усе 74 сацыяльныя работнікі, якія абслугоўваюць 615 землякоў пажылога ўзросту ў 72 населеных пунктах раёна, забяспечаны неабходнымі сродкамі абароны: маскамі, пальчаткамі, антысептыкамі. І, канешне ж, абавязкова іх выкарыстоўваюць, калі прыходзяць да сваіх падапечных. Праведзены інструктажы па правілах паводзін у эпідэмічнай сітуацыі, пастаянна нагадваем, якія меры перасцярогі неабходна выконваць, каб не захварэць самім і не рызыкаваць здароўем тых, за каго яны ў адказе. Менавіта састарэлыя грамадзяне, па інфармацыі медыкаў, найбольш цяжка пераносяць інфекцыю і яе ўскладненні, – расказвае загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Таісія Макарэвіч.
Свой рабочы дзень Галіна Тарасава вось ужо амаль 15 гадоў пачынае з таго, што спяшаецца па знаёмых адрасах, дзе яе чакаюць шматлікія падапечныя.
– Цяпер я ў адказе за дзесяцярых ляхавічан, малодшаму з іх 73 гады, старэйшаму – 86. Усё, як звычайна: дапамагаю прыбрацца ў хаце, купляю прадукты, лякарствы. Імкнуся знайсці падыход да кожнага. Мы з імі ладзім, – гаворыць сацработнік.
– У мяне ў доме чысціня і парадак, усё дзякуючы Галіне Мікалаеўне. Знаходзіць час і пагаварыць: раскажа пра сітуацыю з каранавірусам у свеце, краіне. Дарэчы, прыходзіць апошнім часам у масцы, і я перыядычна яе надзяваю. Сам на вуліцу не выходжу, пры-
слухоўваюся да парад меды-каў. Увогуле, лічу, лепш перасцерагчыся, чым захварэць, – упэўнены Франц Сіцько.
– Асаблівых змяненняў у рабоце няма. Хіба толькі ўзмацнілася прафілактыка: перад тым, як зайсці ў дом ці кватэру да падапечных, надзяваю медыцынскую маску, апрацоўваю рукі дэзынфіцыруючым сродкам. Усю работу выконваю таксама ў такім «абмундзіраванні». Канешне ж, гавару з бабулямі, дзядулямі і пра сітуацыю з каранавірусам, стараюся іх падтрымаць, супакоіць, – зазначае Галіна Тарасава.
Дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская ўдакладняе, што супрацоўнікі сацыяльнай службы не толькі аказваюць канкрэтную дапамогу, але і праводзяць растлумачальную работу сярод грамадзян шаноўнага ўзросту. У першую чаргу, расказваюць пра захаванне элементарных супрацьэпідэмічных правілаў, раяць да мінімуму зменшыць паходы ў магазіны, аптэкі, абмежаваць кантакты са сваякамі і роднымі, а лепш за ўсё – самаізалявацца. Нялішнім крокам стала і размяшчэнне на стэндзе ТЦСАН, на старонцы райвыканкама на сайце аблвыканкама, у сельвыканкамах інфармацыі аб мерах прафілактыкі COVID-19.
У нашай краіне клопат пра землякоў сталага ўзросту, адзінокіх пажылых, інвалідаў – справа не толькі дзяржавы, але ўсіх і кожнага. Не пакідаюць сам-насам з праблемамі такіх землякоў валанцёры, бээрэсэмаўцы, прадстаўнікі іншых грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемствы і арганізацыі, дзе раней працавалі сённяшнія ветэраны. І сітуацыя з каранавірусам таму пацвярджэнне. У перыяд эпідэміі трэба абавязкова не толькі мыць рукі, але і не апускаць іх. Гэта заклік да кожнага з нас. Знайдзіце хвілінку, патэлефануйце сваім пажылым родным ці суседзям, пацікаўцеся, магчыма, ім патрэбна нешта купіць. Не палянуйцеся, знайдзіце час дапамагчы. Вельмі дарэчы акцыя, арганізаваная для дастаўкі прадуктаў харчавання, лякарстваў, тавараў першай неабходнасці грамадзянам, якім патрэбна дапамога. За такой паслугай можна звярнуцца ў ТЦСАН па тэлефоне 6-09-17 штодзённа з 9.00 да 18.00. Таісія Макарэвіч агучыла, што ўжо аказана дапамога ў набыцці лякарстваў, прадуктаў, выпісцы рэцэптаў сямі гараджанам і вяс-коўцам. У якасці памочнікаў – работнікі ТЦСАН, валанцёры з раённых арганізацый «Белай Русі» і таварыства Чырвонага Крыжа.
Яшчэ напрыканцы сакавіка «Белпошта» прапанавала пажылым грамадзянам аформіць атрыманне пенсій і аплату жыллёва-камунальных паслуг на даму з дапамогай паштальёна. Цяпер да прапановы «Белпошты» далучаецца «Белтэлекам». Пенсіянеры, якія атрымліваюць пенсіі на даму, могуць у паштальёна разлічыцца за карыстанне тэлефонам, тэлебачаннем, інтэрнэтам.

Асцярожна!

Для большасці з нас COVID-19 – праблемная сітуацыя, якая
ўплывае і на здароўе чалавека, і на лад жыцця, і на бытавыя зручнасці. Але, на жаль, знаходзяцца і такія грамадзяне, якія выкарыстоўваюць каранавірусную пандэмію ў мэтах нажывы. Напрыклад, прыходзяць да пажылых людзей, прадстаўляюцца сацыяльнымі работнікамі, уваходзяць у давер і потым крадуць грошы, рэчы. Начальнік РАУС Андрэй Студзянічнік удакладняе, што часта такія зламыснікі дзейнічаюць групамі: адзін адцягвае ўвагу патэнцыяльнай ахвяры, а другі імкнецца завалодаць маёмасцю.
У час COVID-пандэміі махляры прыдумалі чарговую супрацьзаконную схему: прадстаўляюцца медработнікамі і прапануюць грамадзянам здаць узоры біяматэрыялаў на вызначэнне ў іх наяўнасці каранавіруса. Не паддавайцеся на такія ўгаворы. Забор тэстаў на каранавірус бярэцца толькі ва ўстановах аховы здароўя і па накіраванні ўрача. Ніякіх вакцынацый, адбораў узораў на даму не праводзіцца! Калі да вас прыйшлі з такой прапановай, патэлефануйце ў міліцыю па нумары 102. Увогуле, старайцеся не пускаць у свой дом ці кватэру незнаёмых людзей.
Прыйдзе час, калі карана-вірус будзе абясшкоджаны, і мы зможам шчыра і па-сапраўднаму, не баючыся ніякай заразы, моцна абняць адзін аднаго. Трэба толькі пачакаць і быць уважлівымі да сябе, свайго здароўя і тых, хто побач.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.